Незалежныя эколагі сумняваюцца ў праўдзівасці звестак пра рост прыхільнікаў АЭС

У Беларусі расце колькасць прыхільнікаў АЭС, заявіў прадстаўнік Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Шавель 4 красавіка ў Мінску на V Міжнароднай выставе і канферэнцыі "Атамэкспа-Беларусь".



top1.jpg

Паводле інфармацыі Шавеля, у 2011 годзе за развіццё ядзернай энергетыкі выступала 59,4% грамадзян, у той час як у 2005 і 2006 гадах — прыкладна 28%. "Менш за ўсё будаўніцтва АЭС апасаюцца кіраўнікі, прадпрымальнікі, рабочыя прампрадпрыемстваў і працаўнікі вёскі, а катэгарычна выступаюць супраць — служачыя і пенсіянеры", — сказаў ён. Паводле слоў вучонага, удзельнічаць у санкцыянаваных і несанкцыянаваных мітынгах і пікетах гатовы 10% апытаных.
 

На думку старшыні ГА "Экадом" Ірыны Сухій, на самой справе большасць грамадзян не верыць у бяспеку атамнай энергетыкі і не падтрымлівае будаўніцтва АЭС у Беларусі.
 

Грамадскія эколагі выказваюць недавер афіцыйным звесткам апытанняў і лічаць, што на рэспандэнта аказваецца псіхалагічны націск. У канцы мінулага года Інстытут сацыялогіі НАН правёў апытанне лаяльнасці грамадскіх арганізацый да будаўніцтва АЭС, у якім, паводле інфармацыі "Экадома", не ўдзельнічалі найбольш яўныя яго праціўнікі. Грамадскія эколагі сцвярджаюць, што, з аднаго боку, яны не змаглі ўдзельнічаць з-за тэрмінаў (анкету выслалі за чатыры дні да заканчэння апытання), з іншага — з-за апасення рэпрэсій з боку дзяржавы. "Анкетаванне не было ананімным, — сказала Сухій у інтэрв'ю БелаПАН. — Праз некалькі месяцаў пасля арыштаў удзельнікаў Беларускай антыядзернай кампаніі за намер перадаць ліст у расійскае пасольства анкетаванаму прапаноўвалі назваць сваю арганізацыю і яе юрыдычны статус, колькасць актыўных членаў, сваю пасаду і адказаць на пытанне, да якіх форм актыўнага супраціўлення будаўніцтву АЭС ён гатовы". Формай націску на рэспандэнта, на думку кіраўніка ГА "Экадом", з'яўляецца і прадмова да анкеты, дзе безапеляцыйна заяўляецца аб безальтэрнатыўнасці атамнай энергетыкі для Беларусі.
 

Сухій лічыць праўдзівымі звесткі апытання тэлеканала ОНТ у прамым эфіры ў маі 2010 года. Тады, падчас ток-шоу "Выбар", пераважная большасць грамадзян выказала недавер атамнай энергетыцы: з больш чым 13 тыс. чалавек прыкладна 87% заявілі, што не вераць у бяспеку сучасных АЭС. "Гэтай інфармацыі супярэчаць звесткі апытання Інстытута сацыялогіі за люты 2010 года, дзе толькі 19,6% выступілі супраць развіцця атамнай энергетыкі ў Беларусі", — адзначыла Сухій.

БелаПАН