Польшча. Эколагі заклікаюць не купляць трусоў на Вялікдзень

Эколагі зазначаюць, што жывыя звяры — неадпаведны, а часам і праблемны падарунак. "Мы хочам звярнуць увагу на тое, што пад уплывам эмоцый, жадання зрабіць падарунак блізкім, робім нятрапны і безадказны выбар. Трусы становяцца яго ахвярамі", — сказала на прэс-канфэрэнцыі ў Катавіцэ абаронца правоў жывёл Агнешка Бельска-Бродзяк з Універсітэту Сілезіі.
 



d52cb720_fa26_4cf0_95c2_0f39167bda3b.jpg

У польскай традыцыі трусы сталіся сімвалам веснавога свята і, адпаведна, модным падарункам. Перад Вялікаднем у Польшчы значна ўзрастае продаж трусоў.
 

Таварыства дапамогі трусам зазначае, што жывы звярок — гэта не цацка. Трэба добра падумаць перш, чым яго купім. Трусы могуць выклікаць алергію, могуць грызці кампутарныя і тэлевізійныя кабелі, драпаць абоі. Непрадуманы жывы падарунак часта трапляе ў прытулак для звяроў ці проста на вуліцу або сметнік.
 

Эколагі звяртаюць увагу таксама на іншы аспект праблемы: заалягічныя крамы прадаюць вельмі малых трусоў, якія не могуць жыць самастойна — яны павінны яшчэ піць малако маці. Некаторыя з іх гінуць на складах або ў крамах, іншыя паміраюць праз некалькі дзён пасля таго, як іх прадалі, што выклікае пакуты ў дзяцей, якім падаравалі звярка.

radyjo.net