Католікі, грэка-католікі і пратэстанты Беларусі святкуюць Вялікдзень
Католікі, грэка-католікі і пратэстанты Беларусі святкуюць Вялікдзень. Святочныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах краіны.
З нагоды Вялікадня мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім пастырскім пасланні адзначае: "Праўда аб Уваскрасенні Хрыста адкрывае перад чалавекам новую перспектыву яго жыцця, у якое ўваходзіць подых вечнасці. Таму апошнім вымярэннем жыцця чалавека з’яўляецца не тленнасць, але вечнасць".
"Як вучні Хрыста мы павінны быць сведкамі гэтага закліку з мэтай паказваць значэнне Уваскрасення Хрыста ўсім людзям, каб свет паверыў, — настаўляе мітрапаліт Кандрусевіч.
— Для гэтага святло Уваскрасення найперш павінна перамяняць нас, каб мы маглі быць яго сведкамі. Наша краіна патрабуе гэтага ажыўляючага святла Езуса Хрыста, які ёсць знакам нашай
гісторыі і яе моцай. Наш народ заўсёды чэрпаў сілы з пасхальнай праўды і да яе павінен цяпер прыбягаць, найперш у справе свайго маральнага аднаўлення".
Арцыбіскуп выказвае заклапочанасць тым, што "ў сучасным свеце ўсё больш і больш праяўляецца практычны матэрыялізм і папулярызуецца стыль жыцця без Бога".
"Нярэдка чалавек становіцца як быццам прадметам, так што яго вартасць часта мерыцца рахункам у банку, неўтаймаванай пагоняй за багаццем, здольнасцю арганізаваць бізнес, здароўем ці
спраўнасцю дастаўляць прыемнасці і г.д. Да гэтага далучаецца прапаганда лібералізму, уседазволенасці, пазасужэнскага сексу, парнаграфіі, насілля, неабмежаванага спажывецтва і шопінгу. З вялікай
хуткасцю далей распаўсюджваецца алкагалізм, наркаманія і чума нашага часу — СНІД", — адзначае мітрапаліт і дадае, што сёння абясцэньваецца значэнне сям`і і нават самога
жыцця.
"Духоўным анамаліям сучаснасці неабходна супрацьпаставіць праўду аб годнасці і святасці чалавека як створанага па вобразу і падабенству Божаму і адкупленага цярпеннямі і Уваскрасеннем Хрыста. Каб гэта ўчыніць, трэба мець моцную і непахісную веру, якая выплывае з праўды Уваскрасення", — дадае святар.
Для хрысціянскай веры, якая сённа, паводле яго слоў, перажывае крызіс, "абвяшчэнне ўваскрослага Езуса ёсць прынцыповай справай". "Гэта галоўнае заданне Касцёла на сучасным этапе яго развіцця. Наша вера засноўваецца на пастаянным і верным абвяшчэнні Добрай Навіны. А гэта патрабуе новага місійнага запалу і поўных энтузіязму адважных сведкаў Евангелля", — упэўнены мітрапаліт Кандрусевіч.
Арцыбіскуп звяртае ўвагу на тое, што сёлетні Вялікдзень вельмі знакавы, бо яго святкуюць з новым пантыфікам Францішкам. Гэты Вялікдзень адзначаецца падчас Года веры ў Рымска-каталіцкім касцёле, таму трэба "нанава адкрываць значэнне пасхальнай праўды і ёю ўмацоўваць веру". Ён нагадвае, што сёлета адзначаецца 1700-годдзе Міланскага эдыкту, 1150-годдзе ўвядзення славянскага пісьменства святымі Мятодам і Кірылам, 400-годдзе прыбыцця цудоўнага абраза Божай Маці ў Будслаў.
Напярэдадні свята мітрапаліт Кандрусевіч наведаў парафіі Мінска, а таксама Ракаў, дзе памаліўся разам з вернікамі і благаславіў стравы на велікодны стол.
Рымска-каталіцкі касцёл ў Беларусі складаецца з чатырох дыяцэзій, у якія ўваходзіць 621 парафія. Згодна з данымі за 2008—2012 гады ў Беларусі налічваецца звыш 450 каталіцкіх храмаў, яшчэ 35
знаходзяцца на стадыі будаўніцтва. У парафіях Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі працуюць 407 святароў, з якіх 168 — замежныя грамадзяне (у тым ліку 161 з Польшчы). У краіне дзейнічаюць
дзве вышэйшыя духоўныя семінарыі ў Гродне і Пінску, а таксама катэхетычны каледж у Баранавічах.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН