Айцец Надсан: cкажам «браты» і тым, што ненавідзяць нас

Вялікоднае пасланне Апостальскага візітатара для беларусаў грэка-католікаў замежжа айца Аляксандра Надсана.



60c41785_6c3a_4db2_ae48_b9d0b32a635e_file.jpg

Першыя крокі папы Францішка выклікалі шмат каментароў у сусветнай прэсе. Не абышлося і без крытыкі, асабліва з боку некаторых царкоўных дастойнікаў, якім не вельмі быў даспадобы ягоны сціплы спосаб жыцця, а таксама ягоная любоў да бедных, якая не сканчаецца толькі словамі, і ў якой некаторыя хацелі б бачыць паказуху.

А між іншым, папа не зрабіў і не робіць нічога, чаго не рабіў Той, чыім намеснікам на зямлі ён з’яўляецца, і які сказаў: «Лісы маюць норы, птушкі нябесныя — гнёзды свае, а Сын Чалавечы ня мае, дзе б галаву прытуліць» (Лк 9:58). Ягоная асоба і навучанне не супадалі з уяўленнем чаканага Збаўцы сярод тых, якія ўважалі сябе духоўнымі праваднікамі і настаўнікамі свайго народу. Сапраўды, "Прыйшоў да сваіх, і свае Яго не пазналі» (Ян 1:11); і не толькі не пазналі, але адкінулі і ўзненавідзелі, і сталі прычынаю Ягонай крыжовай смерці. І ў гэтым вялікая трагедыя абранага народу.

Але магіла і смерць не маглі ўтрымаць Таго, хто сказаў пра сябе: «Я — уваскрасенне і жыццё» (Ян 11:25). Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос устаў з мёртвых на трэці дзень, абнавіўшы сваім устаннем увесь сусвет і даючы нам дарогу да вечнага і непрамінальнага жыцця з Богам.

Вялікдзень — доказ усёабдымнай Божай любові да людскога роду, любові несумяшчальнай з ніякімі праявамі злосці ці нянавісці да каго-колечы. Узгадаем малітву Хрыста за тых, што яго ўкрыжавалі: "Ойча, прабач ім, бо яны не ведаюць, што чыняць" (Лк 23:34). Гэтыя словы даюць нам шмат да роздуму.

Пра гэта гаворыцца і ў песні, якую спяваем падчас Велікоднай службы:
«Уваскрасення дзень! Прасветлімся ўрачыстасцю і адзін аднаго абдымем; cкажам «браты» і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасення; і ўсклікнем вось так: «Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыццё дараваў».

а. Аляксандар Надсан

radyjo.net