У выніку напружаных перамоваў...

Здаецца, мы ўсё ж такі дагандляваліся са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Тое, пра што доўгі час, амаль паўгады, казаў амерыканскі ўрад беларускаму, усё ж адбудзецца. Беларусь заявіла пра намер ліквідаваць усе свае запасы высокаўзбагачанага ўрану да наступнага саміта па ядзернай бяспецы, які пройдзе ў 2012 годзе.

Здаецца, мы ўсё ж такі дагандляваліся са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Тое, пра што доўгі час, амаль паўгады, казаў амерыканскі ўрад беларускаму, усё ж адбудзецца. Беларусь заявіла пра намер ліквідаваць усе свае запасы высокаўзбагачанага ўрану да наступнага саміта па ядзернай бяспецы, які пройдзе ў 2012 годзе.
У сумеснай заяве, прынятай па выніках сустрэчы дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан і міністра замежных спраў Сяргея Мартынава, што прайшла 1 снежня ў Астане падчас саміта АБСЕ, гаворыцца аб тым, што «прыняўшы гэтае рашэнне, Беларусь далучаецца да Злучаных Штатаў у міжнародных намаганнях па пераводзе ядзерных установак на выкарыстанне нізкаўзбагачанага ўранавага паліва, што ў XXI стагоддзі становіцца сусветным стандартам».
Са свайго боку, ЗША маюць намер аказаць тэхнічную і фінансавую дапамогу для найхутчэйшага ажыццяўлення гэтых мер.
Таксама ЗША падаравала Беларусі і пару «пернікаў». Як паведамляе знешнепалітычнае ведамства Беларусі, «абодва бакі абавязаліся працягнуць сумесную працу ў сферы забеспячэння ядзернай бяспекі, уключаючы павышэнне ўзроўню бяспекі ў Аб'яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў у Беларусі». Мартынаў і Клінтан таксама абавязаліся ўмацоўваць глабальнае супрацоўніцтва ў сферы мірнага выкарыстання ядзернай энергіі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і дадатковымі двухбаковымі дамоўленасцямі, якія могуць быць заключаныя паміж Беларуссю і ЗША. Беларусь таксама аб'явіла пра намер дыверсіфікаваць энергетычнае забеспячэнне шляхам будаўніцтва сваёй першай АЭС грамадзянскага прызначэння. ЗША падтрымліваюць гэту дзейнасць, якая ўключае ў сябе спаборны працэс праектавання і будаўніцтва надзейнай і бяспечнай станцыі, што дзейнічае ў адпаведнасці з гарантыямі МАГАТЭ. ЗША таксама падтрымліваюць намаганні Беларусі па найхутчэйшай рэалізацыі гэтага камерцыйнага праекта», — гаворыцца ў паведамленні.
Амаль адначасова з «прызнаннем» будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі, Міністэрства фінансаў ЗША 30 лістапада ў чарговы раз працягнула рашэнне пра змякчэнне санкцый у дачыненні да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім»—ААТ «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно».
Дзеянне санкцый прыпыненае да 31 мая 2011 года. У згаданы перыяд амерыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з гэтымі беларускімі прадпрыемствамі, паведамляе афіцыйны сайт Мінфіна.
Разам з тым уласнасць ААТ «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно» на тэрыторыі ЗША застаецца заблакіраванай у адпаведнасці з урадавым распараджэннем № 13405. Грамадзянам ЗША забаронена праз або пры пасрэдніцтве гэтых двух прадпрыемстваў купляць прадукцыю, паслугі і тэхналогіі ў іншых суб'ектаў гаспадарання, унесеных у спіс (маецца на ўвазе спіс прадпрыемстваў «Белнафтахіма», у адносінах да якіх санкцыі дзейнічаюць зараз).
Усе астатнія санкцыі ЗША, уведзеныя ў адносінах да канцэрна «Белнафтахім» і прадпрыемстваў, што ўваходзяць у яго, застаюцца ў сіле.
Нагадаем, у лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў адносінах да канцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.
Між тым, што датычыцца правоў чалавека, то пазіцыя ЗША застаецца цвёрдай і нязменнай. ЗША «спадзяюцца ўбачыць істотны прагрэс» у сферы дэмакратыі і выканання правоў чалавека ў Беларусі. «Для паляпшэння двухбаковых адносінаў ЗША і Беларусі першачарговую важнасць па-ранейшаму мае праяўленне вялікай павагі да дэмакратыі і правоў чалавека, якое неабходна для прагрэсу краіны і яе грамадзян», — цытуе тэкст заявы прэс-служба МЗС Беларусі.
ЗША, у прыватнасці, спадзяюцца на адпаведнасць выбараў прэзідэнта Беларусі міжнародным стандартам. «У гэтых адносінах станоўчым крокам з'яўляецца рашэнне Беларусі накіраваць запрашэнне значнаму складу міжнародных назіральнікаў для ажыццяўлення назірання за правядзеннем выбараў», — зазначаецца ў заяве.
Так што гандаль будзе працягнуты — да варажэі не хадзі. Па якіх яшчэ параметрах — невядома, бо, здаецца, акрамя ўрану прапанаваць Беларусі Штатам няма чаго. Хіба што зноў павялічыць колькасць палітзняволенных і пасадзіць за краты пару-тройку кандыдатаў у прэзідэнты. Усё роўна у нас іх зашмат.
На жаль, іншых прагрэсаў у нас пакуль не назіраецца. У распачынанні крымінальнай справы па факце смерці журналіста Алега Бябеніна будзе адмоўлена, паведаміла старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці Таццяна Калініна.
Праверку акалічнасцяў смерці журналіста праводзіць пракуратура Мінскай вобласці. Тэрмін праверкі працягваўся двойчы, у чарговы раз ён заканчваецца 3 снежня.
Цела Алега Бябеніна, заснавальніка і кіраўніка папулярнага сайта www.charter97.org, было знойдзенае павешаным у пятлі 3 верасня ў яго загарадным доме ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.
Да праверкі акалічнасцяў смерці журналіста прыцягваліся эксперты АБСЕ. У падрыхтаваным імі заключэнні сказана: вынікі ўскрыцця і рэчавыя доказы, сабраныя на месцы здарэння, «ясна сведчаць, што прычынай смерці стала самазабойства праз павешанне». «Ацэнка і аналіз экспертаў такія, каб на падставе доказаў і даступнай для іх інфармацыі яны прыйшлі да высновы, што няма прычын думаць, што Бябеніна павесілі пасля смерці», — гаворыцца ў паведамленні АБСЕ.
Многія калегі і сябры Бябеніна, у тым ліку кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, у чыю каманду ўваходзіў Бябенін, з версіяй самазабойства не згодныя.
Чакаць аб'ектыўнага расследавання гібелі журналіста Алега Бябеніна пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі бессэнсоўна, заявіў Саннікаў, каментуючы планы пракуратуры.
«Беларускія ўлады смерць Бябеніна ператварылі ў палітычную гульню з Еўропай. Экспертаў АБСЕ, якія прыязджалі для ацэнкі расследавання, яны папросту выкарысталі. І ні следства, ні эксперты АБСЕ не развеялі нашых сумненняў у тым, што Бябенін быў забіты, а не скончыў жыццё самагубствам. Наадварот, яны толькі ўзмацнілі нашы падазрэнні», — заявіў Саннікаў.