Удзельнікі галадоўкі ў Магілёве пагадзіліся яе спыніць
Шасцёра жыхароў выселенага дома ў Магілёве пасля сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады заявілі аб намеры спыніць 23 мая галадоўку.
Учора магілёўскія ўлады ініцыявалі сустрэчу з удзельнікамі акцыі пратэсту. У склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі Магілёўскага гарадскога і Магілёўскага абласнога выканкамаў, адміністрацыі
Ленінскага раёна горада, будтрэста № 12, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Андрэй Кунцэвіч. Паводле яго слоў, жыхары выселенага дома маюць права абскардзіць рашэнне
раённага суда аб іх высяленьні і рашэнне абласнога суда, які адхіліў іх скаргу, у вышэйстаячай судовай інстанцыі.
«У іх былі пытанні, што ім нібыта прапанавалі заключыць дагаворы на пяць гадоў з будтрэстам № 12 у гэтым інтэрнаце. Мы давялі пазіцыю, што з імі будуць заключаны бестэрміновыя дагаворы.
Плюс ім было прапанавана ў рамках дзеючага заканадаўства падаць заяўку на арэнднае жыллё. Бліжэйшы дом здаецца на Казіміраўцы, і яны будуць мець права падаць заявы. Але пераважнага права яны не
будуць мець, паколькі ў дадзенай сітуацыі заканадаўства такога не прадугледжвае. Але магчымасць атрымаць арэнднае жыллё яны могуць выкарыстоўваць», — сказаў Кунцэвіч.
«Яны прапанавалі нам напісаць заявы, і сказалі, што яны нам дапамогуць з арэндным жыллём. Таму што іншых варыянтаў няма», — паведаміла адна з удзельніц акцыі пратэсту Святлана Бурак, якая
адзначыла, што з 23 мая яны будуць выходзіць з галадоўкі. Яна сказала, што жыхары працягнуць судовую цяжбу ў вышэйстаячых інстанцыях.
«Пакуль мы яшчэ нічога не дамагліся. Мы паглядзім на іх абяцанні. Галадоўку мы заўсёды можам аднавіць», — заявіла жанчына.
Нагадаем, 18 мая шэсць жыхароў выселенага дома па вуліцы Ленінскай, 59, абвясцілі галадоўку пратэсту з патрабаваннем вяртання ім асобнага жылля. Яны спрабуюць даказаць, што жылі ў жылым доме, а
не ў інтэрнаце. Па прычыне драхласці будынка яны былі пераселены ў інтэрнат па вуліцы Піянерскай. Як сцвярджаюць жыхары, у іх на руках ордэры, выдадзеныя ў 1970-х гадах, дзе ўказваецца, што яны
атрымалі менавіта кватэры ў шматкватэрным жылым доме. Гарадскія жа ўлады лічаць, што састарэлы дом быў інтэрнатам, і таму асобных кватэр жыхарам не належыць. Грамадзяне звярнуліся ў абласную
пракуратуру і заявілі пра гатоўнасць аб'явіць галадоўку. У сакавіку нагляднае ведамства адмовіла ім у праве на асобныя кватэры, стаўшы на бок гарадскіх уладаў.
naviny.by