Магілёўскія чыноўнікі сустрэнуцца з жыхарамі выселенага дома, якія абвясцілі галадоўку

На пяты дзень галадоўкі жыхароў высяленне дома прадстаўнікі ўладаў Магілёва ініцыявалі сустрэчу з удзельнікамі акцыі пратэсту.



haladouka2.jpg

Нагадаем, 18 мая шэсць жыхароў выселенага дома па вуліцы Ленінскай, 59 абвясцілі галадоўку пратэсту з патрабаваннем вяртання ім асобнага жылля. Людзі спрабуюць даказаць, што жылі ў жылым доме, а не ў інтэрнаце. Па прычыне драхласці будынка яны былі пераселены ў інтэрнат па вуліцы Піянерскай. Як сцвярджаюць жыхары, у іх на руках ордэры, выдадзеныя ў 1970-х гадах, дзе ўказваецца, што яны атрымалі менавіта кватэры ў шматкватэрным жылым доме. Гарадскія жа ўлады лічаць, што састарэлы дом быў інтэрнатам, і таму асобных кватэр жыхарам не належыць.
Сёння ў 15.00 у інтэрнаце, дзе пражываюць галадаючыя, запланавана сустрэча з імі намеснікаў старшыні Магілёўскага гарвыканкама Андрэя Кунцэвіча і Сяргея Дзядовіч. У ёй таксама возьме ўдзел прадстаўнік абласнога ўпраўлення ЖКГ. Інфармацыю пра гэта пацвердзіў БелаПАН Андрэй Кунцэвіч. «Мы хочам паслухаць людзей. Галадоўка — гэта не рашэнне праблемы. У нас прававая дзяржава, і калі нейкія спрэчныя пытанні ўзнікаюць, яны павінны вырашацца выключна ў прававым полі, а не сілай і ціскам», — заявіў ён.
«Сказалі, што хочуць прыйсці да нас для перамоваў», — паведаміла БелаПАН адна з удзельніц галадоўкі Наталля Кастагладава, адзначыўшы, што самаадчуванне ва ўсіх усё больш пагаршаецца.
Адзначым, што ўчора актывісты незалежнага прафсаюзу РЭП стварылі групу маральнай падтрымкі галадоўнікаў. Па словах Кастагладавай, галадоўшчыкі адчуваюць ад іх увагу і дапамогу.
naviny.by