Улады абяцаюць пачаць будаўніцтва чацвёртай лініі метро. Як гэта магчыма, калі трэцяя здадзена толькі на 28%?
На мінулым тыдні старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў заявіў, што да будаўніцтва кальцавой (чацвёртай) лініі мінскага метро магчыма будзе прыступіць у 2030-2031 годзе. Тым часам тэмпы бягучай праходкі на трэцяй лініі настолькі павольныя, што адкрыццё няшчасных 7 станцый адцягвалася ўжо дзясяткі разоў. А наперадзе яшчэ пракладка 14 тунэляў, да якой Мінскметрабуд нават не наблізіўся.
![Лукашэнка на адкрыцці Зеленалужскай лініі метро Лукашэнка на адкрыцці Зеленалужскай лініі метро](/img/v1/images/lukaszenka_na_adkrycci_zjaljonaluzskaj_linii_metro.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Лукашэнка на адкрыцці Зеленалужскай лініі метро
Згадаем усю храналогію пакут і няўдач Мінскага метрапалітэна.
Праектаванне Зеленалужскай (трэцяй) лініі метро распачалося ў 2011 годзе: тады ўлады пафасна распавядалі пра грандыёзны праект з беспілотнымі цягнікамі, індывідуальным мастацкім афармленнем станцый, бар’ерамі бяспекі на платформах, амаль што бясшумнымі рэйкамі і іншымі інавацыямі. З тэхнічнага боку галоўнай разынкай было абвешчана набыццё французскага тунэлепраходчага комплексу з найбольш перадавымі тэхналогіямі. Па словах метрабудаўнікоў, шчыт павінен быў паскорыць праходку тунэляў ажно ў 5 разоў.
Як жа сталася тое, што мы маем на сённяшні дзень?
![Спрашчэнне праекта станцыі Немаршанскі сад, 2011-2021 год Спрашчэнне праекта станцыі Немаршанскі сад, 2011-2021 год](/img/v1/images/spraszczenne_praektu_stancyi_nemarszanski_sad__2011_2021.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Спрашчэнне праекта станцыі Немаршанскі сад, 2011-2021 год
13 кастрыніка 2010 года дырэктар «Мінскметрапраекта» Валерый Чаканаў паведаміў, што першы ўчастак трэцяй лініі плануецца здаць у эксплуатацыю ў 2017 годзе. Варта звярнуць увагу на тое, што на той момант першым участкам значыліся не чатыры, а адразу сем станцый — то-бок палова лініі.
Да перакідкі камунікацый ды распрацоўкі катлаванаў пад будучыя станцыі метрабудаўнікі прыступілі ў 2014-м. Тэндар на доўгачаканы шчыт ужо быў выйграны французскім вытворцам «Bessac», але дата пастаўкі ў Беларусь дагэтуль заставалася невядомай. Улады з гонарам аб’явілі аб прыбыцці абсталявання ў будучым жніўні 2015 года, і менавіта з гэтага моманту пачалася хлусня з бясконцымі пераносамі.
Шчыт прыехаў у Мінск 10 лістапада 2015-га, са спазненнем у 3 месяцы. Пра гэта сведчыць фота беларускіх спецыялістаў разам з машынай на будаўнічай пляцоўцы ў сталіцы. Напрыканцы лістапада таго ж года выданне «Мінск-Навіны» паведаміла, што праз цяжкую настройку і навучанне шчыт далучыцца да агульнай працы толькі ў лютым 2016 года, яшчэ праз 3 месяцы.
Увесь гэты час праходка тунэляў не здзяйснялася: метрабуд адмовіўся ад выкарыстання старых немеханізаваных шчытоў на карысць аднаго новага. За два гады не было выкапана ніводнага тунэля, што, урэшце, прымусіла мясцовыя ўлады перанесці тэрміны завяршэння будаўніцтва чатырох станцый на 2018-2019 год.*
![«Алеся» прыехала ў Мінск «Алеся» прыехала ў Мінск](/img/v1/images/_alesja__pryehala_u_minsk.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Алеся» прыехала ў Мінск
Шчыт «Алеся» распачаў праходку ў лютым 2016-га, паміж будучымі станцыямі «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча». У паведамленні Мінскметрабуд таксама паабяцаў збудаваць электрадэпо для 10 новых цягнікоў Зеленалужскай лініі да канца 2020 года — рэальнай даты адкрыцця ўсёй лініі, пра якую ўлады маўчалі яшчэ шмат часу. Электрадэпо «Слуцкае» з пачатковым коштам $72 млн не ўведзена ў эксплуатацыю дагэтуль: цягнікі з зялёнай веткі «ночаць» у дэпо чырвонай. Ад беспілотных саставаў улады, дарэчы, адмовіліся, хаця ў першы час настойліва заяўлялі, што «пазней яны змогуць ездзіць і без машыністаў», маўляў, пакуль ідзе часовая абкатка.
«Алеся» дайшла да «Юбілейнай плошчы» ў чэрвені 2017 года — 16 месяцаў на тунэль у адзін бок шчытом, які павінен быў паскорыць працу ў 5 разоў. Да таго ж катлаван «Юбілейнай плошчы», на распрацоўку якога было аддадзена тры гады, не быў гатовы прыняць комплекс у момант яго прыбыцця. «Алеся» два месяцы прастаяла наўпрост за метр ад сцяны і яшчэ месяц перавозілася на зваротны тунэль.
![Механізаваны шчыт перавозяць на станцыю «Вакзальная». Фота: Onliner.by Механізаваны шчыт перавозяць на станцыю «Вакзальная». Фота: Onliner.by](/img/v1/images/onliner.by_mehanizavany_szczyt_peravozjac_na_stancyju_vakzalnaja_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Механізаваны шчыт перавозяць на станцыю «Вакзальная». Фота: Onliner.by
1 красавіка 2018 года галоўны інжынер «Мінскметрабуда» Аркадзь Арцюнян заявіў, што Зеленалужская лінія мінскага метрапалітэна будзе ўведзена ў строй у чэрвені 2019 года. «Дадзенае даручэнне Мінгарвыканкама атрымалася рэалізаваць дзякуючы выключэнню з пускавога ўчастка станцыі «Плошча Францішка Багушэвіча». Яна будзе запушчана пазней, як мяркуецца, у 2020 годзе. Да гэтага моманту цягнікі будуць праязджаць яе без прыпынку», — адзначыў Арцюнян. Станцыя сапраўды была адкрыта ў 2020-м, але з невялікім удакладненнем: разам з астатнімі.
Пакуль «Алеся» гразла ў «вымушаных прыпынках», улады абвясцілі тэндар на набыццё другога механізаванага комплексу, які павінен быў скараціць тэрміны будаўніцтва ўжо ў 10 разоў.
Але раптам наступіла кульмінацыя ў яе гісторыі. «Алеся» спынілася на 4 месяцы праз сур’ёзную паломку, выкліканую непрафесіяналізмам супрацоўнікаў.
«Метрашчыт за 11 млн еўра з чэрвеня без руху, на нешта цвёрдае натыкнуўся, зламаліся валы. Паставілі новыя — таксама зламаліся. Французскія спецыялісты сказалі, што машына ні пры чым, яна спраўная. Трэба рабіць раскоп зверху і глядзець, на што натыкнуўся метрашчыт. Але зверху знаходзіцца неадселены жылы дом!» — адзначылі падпісчыкі форуму пра навіны трэцяй лініі. У хуткім часе гэтыя словы пацвердзіў намеснік начальніка па ідэалогіі «Мінскметрабуда» Алег Байчук.
Як паведаміла «БЕЛТА», пасля гэтага інцыдэнту, 11 красавіка 2019 года, тэндар на другі шчыт быў скасаваны.
Нягледзячы на абсалютную непадрыхтаванасць да запуску, Зеленалужскую лінію ўрачыста адкрылі 7 лістапада 2020 года. Першым пасажырам стаў Аляксандр Лукашэнка:
«Эканамічны, хуткасны, а самае галоўнае, што вельмі важна сёння, экалагічна чысты — гэты від транспарту стаў самым масавым і папулярным, увогуле народным. Ды і тыя, хто яшчэ ўчора вагаўся, ужо ўбачылі твар майдана ва ўсёй красе, зрабілі адпаведныя высновы і ўжо патрабуюць ад мяне навесці парадак», — адзначыў ён. Раней вядомыя беларускія ўрбаністы і блогеры выступалі супраць будаўніцтва метро ў Мінску, а за дзень да гэтага супрацоўнікі метрабуда вывесілі бел-чырвона-белы сцяг у тунэлі трэцяй лініі.
Пасля ў метро запусцілі мінчукоў. Людзі пачалі дзяліцца ў сацыяльных сетках нечаканымі дэталямі: на станцыях зламаліся амаль усе эскалатары, травалатары, ліфты і новыя бар’еры бяспекі. Пасажыры засталіся акружанымі на станцыі «Плошча Багушэвіча» праз невыпрабаваныя эскалатары. Праз некаторы час на столях і сценах у пераходзе паміж «Вакзальнай» і «Плошчай Леніна» з’явіліся расколіны і цвіль. Дэкаратыўнае аздабленне на найменш гатовых станцыях выконвалі ў максімальна хуткіх тэмпах — і ўсё несумненна дзеля таго, каб па савецкай традыцыі адкрыць метро ў «свята» Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Карэктная настройка абсталявання працягвалася на працягу 6 месяцаў пасля запуску праекта.
![Цвіль і расколіны на новай лініі метро Цвіль і расколіны на новай лініі метро](/img/v1/images/cvil_i_raskoliny_na_novaj_linii_metro.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цвіль і расколіны на новай лініі метро
Будаўніцтва лініі не прыпынілася, і на пачатку наступнага года першы намеснік старшыні «Мінскметрабуда» аб’явіў, што тры наступныя станцыі Зеленалужскай лініі будуць адкрыты да сярэдзіны 2023 года. Было адзначана, што канечная станцыя «Слуцкі гасцінец» будзе ўзведзена з дапамогай шпунтоў — звычайнай для ўсяго свету тэхналогіі будаўніцтва. Аднак гэта быў капкан для ўлад, бо высветлілася, што ніводны падрадчык у Беларусі не ўмее з імі працаваць. Да таго ж перагоны паміж «Слуцкім гасцінцам» і «Немаршанскім садам» было вырашана капаць уручную, без «Алесі».
Станам на 2023 год адкрыццё новых станцый зноў перанесена: цяпер на канец 2024-га.
Такім чынам, палова зялёнай лініі будзе ўведзена ў эксплуатацыю не раней за 10 гадоў з пачатку яе будаўніцтва. Што датычыцца астатніх сямі станцый, ніякіх работ акрамя пераносу камунікацый ды зносу будынкаў там яшчэ не праводзілася. Важна ўлічваць і тое, што ў адрозненне ад пустой прасторы на месцы старога аэрапорта, кірунак на Зялёны Луг шчыльна забудаваны, што зробіць праходку яшчэ больш павольнай.
І цяпер, калі пасажырам здадзены толькі 28% трэцяй лініі, адкрыццё адцягваецца дзясяткі разоў, заявы Уладзіміра Кухарава пра чацвёртую лінію праз 7 гадоў гучаць не толькі беспадстаўна, але і фантастычна.