Улады Брэста адмовіліся праводзіць абяцаны рэферэндум аб закрыцці акумулятарнага завода

Меркавалася, што ён пройдзе пасля прэзідэнцкіх выбараў. «Далейшага развіцця тэма не атрымала», сцвярджае ў адказе на зварот актывіста Дзмітрыя Бекалюка намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкаму Генадзь Барысюк, піша svaboda.org.

9ba4f425_ee7a_42b4_acfb_78e37a070a2b_w1023_r1_s.jpg


Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Брэстам. За два кіламетра — рака Мухавец. Афіцыйная экалагічная экспертыза прагназавала, што ўздзеянне завода на асяроддзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
Пратэсты супраць акумулятарнага завода ў Брэсце трываюць ад пачатку 2018 года, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасць «бруднай» і небяспечнай, заяўляюць пра парушэнні працэдураў будаўніцтва.

Адказ Генадзя Барысюка на запыт Дзмітры Бекалюка апублікавала Еўрарадыё.

Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Брэсце. ​Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджанні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць завода ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 года. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве завода.У траўні 2018 года актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзідэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Брэста, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Брэсцкага рэгіёну і свядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад завода».

У верасні 2018 года на будоўлі заводу выявілі парушэнні пажарнай бяспекі.

У чэрвені 2019 года падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэнне забруджвальных выкідаў у атмасфернае паветра.

14 чэрвеня старшыня Брэсцкага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, у Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакументацыю паўторна падалі на экспертызу, але пазней кампанія адклікала дакументы «па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах».

24 лютага 2020 году праектную дакументацыю акумулятарнага завода пасля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалагічную экспертызу. Грамадская экспертыза, якую даручаў правесці Лукашэнка, правалілася.