Уладзімір Някляеў: «Мяне судзяць за тое, за што і Коласа»
Разважаючы пра круглую дату з дня нараджэння Якуба Коласа, Уладзімір Някляеў прыходзіць да высновы, што ў Беларусі мала што змянілася.
«Якуб Колас заклаў у падмурак беларушчыны і нашае дзяржавы такі камень, які не выцягнуць нікому. І Беларусь будзе на гэтым падмурку стаяць», — кажа Уладзімір Някляеў.
У каментары адносна постаці беларускага класіка Някляеў звярнуўся да супрацоўнікаў каналу «Белсат».
«Некаторыя журналісты «Белсату» выказвалі мне шкадаванні і прасілі прабачэння праз тое, што я даў інтэрв’ю менавіта «Белсату». Кіньце вінаваціцца: суд нада мной і арышт — палітычнае рашэнне, якое было б выкананае пры любых умовах — нават калі б я набраў у рот зямлі і нікому нічога не сказаў, — заявіў Уладзімір Някляеў. — Але нават набраўшы ў рот зямлі, я б падзякаваў і журналістам «Белсату», і журналістамі іншых незалежных медыяў за тое што яны робяць, за мужнасць, з якой яны выконваюць свае прафесійныя абавязкі».
10 соднямі арышту Уладзіміра Някляева пакаралі ў сераду. У матэрыялах справы, аказалася інтэрв’ю Някляева «Белсату», дзе той тлумачыў: «Калі ёсць воля бараніць свае правы, то трэба ісці і іх бараніць».
Суд фактычна палічыў гэтыя словы правапарушэннем.
«Сітуацыя ўяўляе небяспеку для грамадства: у Беларусі пачынаюць судзіць не за дзеянні, а за выказванні», — каментаваў паэт прысуд.
На думку Уладзіміра Някляева, рэаліі Коласаўскіх часоў працягваюцца ў Беларусі да сёння.
«Надта сурё’зная сітуацыя, каб гуляцца такімі паняткамі, як беларускасць і нацыянальная свядомасць, незалежнасць. Іх трэба або адстойваць, або маўчаць і ў іх не лезці. Пакінуць гэтую справу тым, хто гатовы дзеля гэтага ўсім ахвяраваць. Як ахвяраваў Янка Купала і Якуб Колас, — кажа Уладзімір Някляеў. — Калі мы прыгадаем, ён быў пасаджаны ў турму за ўдзел у сходзе настаўнікаў 9 ліпеня 1906 года. Падставай для ягонага зняволення было нібыта ягонае аўтарства адозвы гэтага сходу. У тае адозве беларусаў заклікалі змагацца за лепшую долю, за волю. Не параўноўваю сябе з Коласам, але на судзе я быў абвінавачаны ў закліку да гэтага ж самага».