«За Свабоду» патрабуе вызваліць усіх пратэстоўцаў
Рух «За Свабоду» патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых за ўдзел у пратэстных акцыях.
Рух
«За Свабоду» выказвае рашучы пратэст з нагоды вяртання практыкі пакарання
арыштамі за ўдзел у мірных акцыях і патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх
затрыманых. З
такой заявай выступіла арганізацыя з нагоды
арыштаў апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх актывістаў.
На працягу кастрычніка і пачатку лістапада ў Беларусі назіраецца ўзмацненне жорсткасці пакаранняў за ўдзел у сходах, у судовую практыку грунтоўна вярнуліся арышты.
Так, як стала вядома сёння, палітык Мікалай Статкевіч, які зараз адбывае арышт за пратэст супраць ваенных вучэнняў «Захад-2017», завочна быў асуджаны на яшчэ 10 сутак за нібыта пікет у падтрымку свайго вызвалення 7 кастрычніка.
На 10 сутак арыштаваны Уладзімір Някляеў, раней на тэрміны да 15 сутак былі арыштаваныя Павел Севярынец, Андрэй Шарэнда, Наталля Папкова, на 5 сутак — актывісты з Гомеля Барыс Анікееў, Уладзімір Няпомняшчых і Віктар Рубцоў.
Пакаранне Вячаславу Сіўчыку суд перагледзеў у бок узмацнення: штраф быў заменены арыштам у 5 сутак.
Рух «За Свабоду» асуджае падобную практыку і патрабуе спыніць пераслед і неадкладна адмяніць усе судовыя рашэнні, скіраваныя на пераслед асобаў, якія ажыццяўляюць сваё неад’емнае права на свабоду мірных сходаў, замацаванае у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Рух «За Свабоду» таксама звяртае ўвагу на гэтыя парушэнні еўрапейскіх палітыкаў — удзельнікаў перамоваў з беларускім урадам і заклікае патрабаваць рашэння праблемы на кожнай сустрэчы.
Рух «За Свабоду» заклікае беларускае грамадства ва ўмовах узмацнення рэпрэсіяў супраць грамадскіх актывістаў да салідарнасці: толькі сумеснымі дзеяннямі мы прымусім улады спыніць адвольныя арышты і затрыманні, адмовіцца ад практыкі парушэнняў права на свабоду мірных сходаў.
Паводле прэс-службы Руху «За Свабоду»