Уладзімір Някляеў: Рэвалюцыя – гэта не абавязкова змена ўлады, але абавязкова – змена свядомасці
Паэт і палітык Уладзімір Някляеў піша, чаму беларуская рэвалюцыя перамагла.
«Свет зратуе прыгажосць» – напісаў беларус Дастаеўскі. І калі яно так, дык зратуе свет беларуская Жнівеньская рэвалюцыя: найпрыгажэйшая рэвалюцыя ў свеце!
Нехта сёння даводзіць, нібы яе не было. Што ўвогуле не было нічога. Але калі дзясяты, соты, а потым і тысячны чалавек адзін за адным кажуць мне адно і тое: што яны не бачылі, у якім свеце жывуць, былі сляпымі, а цяпер сталі бачыць, – дык што зрабіла іх відушчымі, калі нічога не было?..Рэвалюцыя – гэта не абавязкова змена ўлады. Але абавязкова – змена свядомасці. І яна, змена свядомасці, глыбінная, карэнная, адбылася. Рэвалюцыя дасягнула мэты.
А ці дасягнула мэты контррэвалюцыя? Хіба забойствы, турмы, катаванні, здзекі над людзьмі, што ўдыхнулі паветра свабоды, змянілі іх свядомасць? Хіба яны зноў аслеплі і зноў не бачаць, у якім свеце жывуць? Не. Яны ўжо ніколі не будуць сляпымі. І штучныя tv-крышталікі, каб яны бачылі свет не такім, якім ён ёсць, ім не ўставіць.Мёртвае не прыжываецца ў жывым.
Чаго дасягнулі тыя, хто біў, катаваў, кідаў за краты жанчын з кветкамі? Пусцілі кроў? Нагналі страху? Замацавалі скрозь і ўсюды вобраз крымінальнай улады, якая гандлюе людзьмі?.. І гэта тое, чаго мусяць дасягаць краіны, народы ў ХХІ стагоддзі?
Праз вякі нам даводзілі, што няма такога, беларускага народа, і нацыі такой, беларускай, няма. Больш за тое: сцвярджалі, што ўжо й не будзе, бо час фармавання народаў і нацый прамінуў. Цягнік адышоў, беларусы не паспелі ў апошні вагон. І хоць ніхто гэтага не засведчыў, ніхто не стаяў на пероне, калі адыходзіў цягнік, беларусы не сталі спрачацца. Сказалі: «Хай сабе. Адышоў, дык адышоў, не паспелі, дак не паспелі». І падагналі на станцыю Стварэння Нацый свой лакаматыў. З бел-чырвона-белым сцягам, гербам Пагоня і надпісам «Жыве Беларусь!» За адзін дзень, за 9 жніўня беларусы яго змайстравалі?.. Не. Ён стаяў на запасных пуцях у глыбіні нашай гісторыі. Некалькі разоў спрабаваў зрушыцца, але яго спынялі. Цяпер не спыніць.
Няхай сёння па-рознаму ён гукаецца з нашага Жніўня. То голасам захаплення, то голасам адчаю. «Дзень той паслаў нам Божа, Быццам нябесны знак. Ах, як было прыгожа!.. А больш не было ніяк», – напісалася аднойчы, калі адчай падкаціў пад горла. Але я пракаўтнуў той адчай разам з тым вершам. Бо цягнік ідзе.
Няхай ад нашай рэвалюцыі, ад нашага Жніўня шмат што аднялі. Але не адняць – бо гэта немагчыма| – ад Жнівеньскай рэвалюцыі яе прыгажосць! І менавіта па ёй, па прыгажосці, распазнаюць цяпер і будуць распазнаваць у свеце Беларусь. Ад сёння і павек вякоў!