Уладзімір Халіп: галоўнае — давесці да грамадства трагедыю сталінскіх рэпрэсій

Галоўная праблема, як давесці да грамадства маштаб сталінскіх рэпрэсій і іх наступстваў, заявіў у інтэрвью карэспандэнту НЧ вядомы беларускі кінадраматург і грамадскі дзяяч Уладзімір Халіп.  



kurapaty_29_10_15_5_logo.jpg

Курапаты 29 кастрычніка 2015 года

Разам з іншымі дэмакратычнымі актывістамі 29 кастрычніка  — у Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі — ён удзельнічаў у наведванні вядомых месцаў забойстваў ахвяраў сталінізму ў Мінску. Гэты марафона памяці быў ініцыяваны аргкамітэтам па стварэнні руху салідарнасці “Разам”  і завяршыўся вечарам у Курапатах.

Уладзімір Халіп распавёў, што ў паездцы ўзялі ўдзел неабыякавыя людзі, для каго сталінскія рэпрэсіі маюць вялікае значэнне ў іх асабістым жыцці і лёсе продкаў. Паўсюль да месцаў здзекаў, катаванняў і расстрэлаў ні ў чым не вінаватых самых лепшых вядомых і невядомых беларусаў ускладалі кветкі, вянкі і знічкі, праспявалі гімн беларусаў “Магутны Божа”. “Думаю, калі нешта ёсць у гэтым свеце, пра што вераць людзі, дык ахвяры павінны былі пачуць голас сваіх нашчадкаў”, — сказаў літаратар.

Ён лічыць бядой тое, што мільёны беларусаў проста не ведаюць маштабаў масавых палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму. “І бяда не ў той уладзе, якая не шануе памяць пра гэтых ахвяраў і імкнецца выкрасліць яе з гісторыі Бацькаўшчыны, а бяда ў тым, што людзі, для каго баляць Курапаты, пакуль не могуць данесці сваё разуменне і пачуцці да ўсяго грамадства. А пра сапраўдную найноўшую гісторыю Айчыны павінны ведаць усе тыя, хто лічаць сябе грамадзянамі Рэспублікі Беларусь”, — падкрэсліў кінадраматург.

Пакуль вельмі многа людзей на баку нецывілізаванай улады, якая імкнецца зляпіць уяўленне пра мінулае з нейкіх сталінскіх мітаў і куцай бальшавіцкай выскубанай гісторыі. “Але гэта нічога не дае, бо сапраўдная і моцная дзяржава існуе толькі тады, калі яна абапіраецца на веліч і глыбіню сваіх старажытных вытокаў. А спроба перарваць і ігнараваць натуральны ланцуг сапраўднай гісторыі, якая пакаленні беларусаў лучыць у нацыю, можа некалі абярнуцца для Беларусі вялікай бядой”, — заявіў Уладзімір Халіп. 

Ён заўважыў, што выправіць гэтага можна пры адной умове — калі людзі ўспомняць і зразумеюць гераічнае мінулае сваіх продкаў, якімі можна ганарыцца. “А сёння пакуль для многіх беларусаў важна тое, што адбываецца ў вялікай і далёкай усходняй краіне, якая заўжды ваявала з Беларуссю з мэтай яе захопу і прыносіла нашаму народу незлічоныя страты, нашмат большыя, чым цярпелі беларусы ад усіх іншых заваёўнікаў разам узятых. Вось чаму смешна і дзіка рабіць з імперскага расійскага мінулага гісторыю для сучаснай Беларусі”, — падкрэсліў літаратар.

У беларусаў ёсць процьма сваіх сапраўдных і моцных герояў — дзяржаўных дзеячаў, навукоўцаў, пісьменнікаў і мастакоў, якімі можа ганарыцца кожны жыхар краіны. “Аднак гэты выдатны пантэон выбітных асобаў айчыннай мінуўшчыны да гэтай пары знаходзіцца дзесьці ў ценю і балоце, недзе затаптаны і схаваны”, — сказаў літаратар.

Айчынная інтэлігенцыя павінна дапамагчы людзям адчыніць гэтую цудоўную скарбніцу з схаванымі лёсамі волатаў нацыі, каб кожны беларус мог  ганарыцца сваёй краінай у цэнтры Еўропы, яе велічным і непаўторным мінулым. “Вось тады нашы людзі будуць шанаваць сваю цудоўную зямлю і яе багатую спадчыну, а не аглядацца па баках, да каго пайсці ў прымы. Вось тады мы будзем сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі, будзем самі па сабе і самі сабой. Тады ў нас будзе не толькі цудоўнае мінулае, але і выдатная будучыня. А сёння ў нас цяжкі перыяд, які трэба разам адолець і зрабіць ўсё для таго, каб для беларусаў было заўтра, паслязаўтра і заўсёды”, — зазначыў Уладзімір Халіп.   

Дарэчы, грамадскасць завяршае падрыхтоўку дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”, якая адкрыецца ў Мінску ў сярэдзіне лістапада.       

Пасля акцыі супрацоўнікі ДАІ затрымалі для надгляду пяць аўтамабіляў з дэмакратычнымі актывістамі, у тым ліку са старшынёй аргкамітэту руху “Разам” Вячаславам Сіўчыкам і ягоным намеснікам Алесям Макаевым.

Па інфармацыі Вячаслава Сіўчыка, усе машыны былы затрыманыя ў розных месцах каля Курапатаў, каб удзельнікі марафону памяці не змаглі паўдзельнічаць у акцыі, арганізаванай Міколам Статкевічам каля будынку Камітэту дзяржбяспекі на праспекце Незалежнасці. “І як толькі гэтая акцыя завершылася, нас адпусцілі. Прычым, на вядоўцаў трох аўто даішнікі склалі адпаведныя пратаколы аб тэхнічных няспраўнасцях. Агіднасці гэтаму затрыманню надавала тое, што найбольш —  1 гадзіну 38 хвілінаў пратрымалі аўто інваліда-вазочніка, актывісту руху “Разам” Юрыя Ляшэнкі”, — сказаў Вячаслаў Сіўчык.

kurapati_29_10_15_2_logo.jpg