Вечарына ў падтрымку дысідэнта Сяргея Ханжанкова адбылася ў сядзібе Партыі БНФ

30 кастрычніка ў Мінску, у сядзібе Партыі БНФ адбылася вечарына ў падтрымку выбітнага беларускага дысідэнта Сяргея Ханжанкова, які змагаецца з цяжкай хваробай. Арганізатарам вечарыны, на якой былі сабраныя грошы ў падтрымку сям’і дысідэнта, выступіў аргкамітэт па стварэнні руху салідарнасці “Разам”.



viecaryna_chanzankova_1_logo.jpg

Сяргей Ханжанкоў на талацэ ў Курапатах

Сяргей Ханжанкоў нарадзіўся 13 сакавіка 1942 г. на Калыме — у пасёлку Усць-Уціны Магаданскай вобласці Расеі ў сям’і інтэлігентаў-палітвязняў: бацька-студэнт Маскоўскага інстытута інжынераў транспарту быў асуджаны ў 1935 годзе за антысавецкую агітацыю, а дзед па матчынай лініі — эсэр у 1929 за барацьбу супраць калгасаў. У 1955 годзе сям’я атрымала дазвол пакінуць Калыму і пасяліцца ў Мінску.

vecharina_hanzhankova_2_logo.jpg

Дзевяцігадовы Сяргей з татам (ў беларускай вышыванцы) і маці на Калыме (1951 год)

З маленства Сяргей прызвычаіўся да кнігі і разам з бацькамі слухаў замежныя радыёстанцыі, перадачы якіх у Мінску ледзьве было чуваць з-за глушылак. У 1959 годзе юнак стаў студэнтам Беларускага палітэхнічнага інстытута, а праз тры гады разам з Віктарам Храпавіцкім і Рыгорам Сярогіным стварыў моладзевую падпольную антыкамуністычную арганізацыю, якая спачатку планавала друкаваць і распаўсюджваць антысавецкія ўлёткі, а пасля вырашыла падрыхтаваць выбухоўку і падарваць радыёглушыльную вежу на былой вуліцы Доўгабродскай (зараз — імя Казлова) ў сталіцы БССР.

Юнакі знайшлі ў лесе артылерыйскія снарады, разабралі іх і здабылі выбухоўку. Затым пачалі рыхтаваць тэкст улётак, якія збіраліся расклеіць пасля падрыву. Але аб гэтых планах даведаліся спецслужбы праз школьнага сябру Сяргея, які адначасова быў членам падпольнай арганізацыі і сакрэтным агентам КДБ. Вось чаму 27 траўня 1963 г. падпольшчыкаў арыштавалі. 7 кастрычніка 1963 года за спробу зрабіць дыверсію, антысавецкую агітацыю і прапаганду Сяргей Ханжанкоў быў асуджаны на 10 гадоў лагероў строгага рэжыму.

Пасля вызвалення з ГУЛАГу ў 1973 годзе вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў інжынерам у Беларускім дзяржаўным інстытуце праектавання аўтадарог і на Станкабудаўнічым завадзе імя Кірава. У 1976 годзе ў Падмаскоўі спрабаваў арганізаваць сустрэчу былых палітвязняў, аднак усе яе ўдзельнікі былі затрыманыя КДБ. У 1990 годзе ўдзельнічаў у I з’ездзе савецкіх палітвязняў у Санкт-Пецярбурзе. Не рэабілітаваны і ніколі гэтага не дамагаўся. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці Беларусі — падтрымлівае палітвязняў, сябра грамадзянскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”.

Лідар руху “Разам” Вячаслаў Сіўчык зазначыў, што вечарына — працяг Дня памяці ахвяраў палітрэпрэсій на Беларусі 29 кастрычніка. Палітык нагадаў, што ў Савецкім Саюзе 30 кастрычніка адзначаўся дэмакратычнай грамадскасцю як Дзень палітвязня. “Сяргей Ханжанкоў — наш беларускі палітычны вязень савецкіх часоў — яскравы прыклад, які развейвае стары міф пра тое, што ў пасляваенныя гады на Беларусі ніхто не змагаўся з камунізмам. Менавіта Сяргей Ханжанкоў стварыў ў Мінску антыкамуністычную арганізацыю, за што і адбыў у Мардоўскіх лагерах 10 гадоў”, — сказаў Вячаслаў Сіўчык.

vecharina_hanzhankova_3_logo.jpg

Выступае Сяргей Сіўчык.

З цёплымі словамі павагі, удзячнасці і падтрымкі да Сяргея Ханжакова звярнуліся грамадскія актывісты Алесь Макаеў, Ілля Копыл, Ганна Шапуцька, Ніна Багінская і Ілля Добратвор, гісторык Ігар Кузняцоў і бард Зміцер Захарэвіч, які выканаў свае творы, прысвечаныя героям Бацькаўшчыны.    

Жонка дысідэнта Алена адзначыла незвычайную маладосць, далікатнасць і сціпласць свайго мужа, які заўжды святкуе дзень арышту (недалёка ад плошчы імя Якуба Коласа), бо менавіта ў гэты дзень, з ягоных словаў, “савецкая ўлада прызнала мяне сваім ворагам, а сябрам яе я ніколі не быў”. “Я ўдзячная лёсу, што сустрэла гэтага сапраўднага чалавека і магу яму слугаваць”, — сказала жонка Сяргея Ханжанкова.

vecharina_hanzhankova_4_logo.jpg

Прамаўляе Алена Ханжанкова

Удзельнікі вечарыны падкрэслілі, што такія выбітныя асобы, як Сяргей Ханжанкоў, увасабляюць сумленне, гонар і годнасць нацыі. І прыдзе час, калі такіх змагароў за вольную, дэмакратычную і незалежную Бацькаўшчыну адпаведным чынам ўшануе і дзяржава. Бо сапраўдная цывілізаваная і моцная дзяржава абапіраецца, у першую чаргу, на такіх высакародных людзей.