«Улічваючы тэндэнцыі, «Амкадору» трэба пераходзіць на ваенную тэматыку»

Эксперты ацанілі, ці трэба Беларусі новы трактарны завод.

traktor1.jpg

Уладальнік «Амкадор» Аляксандр Шакуцін плануе пабудаваць новы трактарны завод. Пра яго планы паведаміў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. На думку віцэ-прэм'ера, новая вытворчасць аўтатрактарнай і камунальнай тэхнікі паспрыяе развіццю канкурэнтнага асяроддзя, у тым ліку і для Мінскага трактарнага завода.
Аб'ём інвестыцый у новую вытворчасць складзе 300-350 млн даляраў, плануецца выкарыстоўваць кітайскія крэдыты. Завод можа быць пабудаваны цягам трох гадоў пасля прыняцця канчатковага рашэння па крэдытаванні.

Раманчук: Чаму б і не зрабіць гэта за кошт падаткаплацельшчыкаў?

Безумоўна, гэта навіна, лічыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук. Бо раней Лукашэнка прыцягваў да дзяржпрадпрыемстваў велізарную некамерцыйную увагу.
 І ў адносінах з Расіяй дзейнічала такая логіка: у нас ёсць прадпрыемствы, навошта вам ствараць аналагічныя — давайце карыстацца нашым. Меліся на ўвазе і МАЗ, і «Гомсельмаш», і Мінскі трактарны завод, — кажа эканаміст.
Ён звяртае ўвагу на тое, што 350 мільёнаў даляраў плануюць выдаткаваць не на ўльтрасучасныя тэхналогіі, здольныя паслужыць прарывам для эканомікі, а на тое, што даступна разуменню сённяшніх чыноўнікаў і «чырвоных» дырэктараў.
— Аднак трэба будаваць новы завод, калі МТЗ сёння выпускае каля 30 тысяч трактароў, а можа пры гэтым выпускаць ўсе 100 тысяч? Можа, варта было б стварыць нешта на гэтыя грошы на базе МТЗ? — задаецца пытаннем эксперт.
Ён бачыць некалькі сцэнарыяў развіцця гісторыі з будучыняй трактарнага завода.
Першы — Шакуцін пабудуе новы завод, а МТЗ у гэты час страціць кіраванне. І праз некаторы час прадпрыемства пяройдзе ў давернае кіраванне Шакуціна на 5-10 гадоў.
 І гэта будзе кіраваная наменклатура паглынання дзяржаўнага прамысловага гіганта прыватнай фірмай, якая не мае вопыту кіравання трактарнай вытворчасцю, маркетынга, стварэння сеткі збыту і абслугоўвання, — выказвае здагадку эканаміст. — Без прыватызацыі можа быць рэалізаваная такая схема, якая будзе выгадная ўладам. Частка вытворчасцей МТЗ можа быць прададзеная або ліквідаваная, астатняе могуць аб'яднаць з «Амкадорам». Чаму б і не зрабіць гэта за кошт падаткаплацельшчыкаў, на якіх ляжа груз чарговага крэдыту?
Другім варыянтам можа быць простае жаданне засвоіць грошы, лічыць Раманчук. Але тут ёсць свае нюансы:
 Такая сума — гэта добрыя зарплаты для мэнэджэраў, для будаўнікоў. Год-два завод будзе будавацца. Хоць ужо дастаткова дадзеных, каб пераканацца ў тым, што сёння ўкладаннi ў асноўныя фонды, сцены, абсталяванне не даюць такога зваротнага капіталу, як гэта было 10 гадоў таму. Спазніўся спадар Шауцін з такога роду інвестыцыямі.

Шлындзікаў: Гэта вельмі рызыкоўнае прадпрыемства

Былы гендырэктар канцэрну «Амкадор», эканаміст Васіль Шлындзікаў ўпэўнены, што стварыць новую трактарную вытворчасць «Амкадору» пад сілу.
— У свой час канструктарскае бюро «Амкадор» было вельмі моцным, а трактар ​​— не самая складаная машына. Калі там захаваўся такі КБ, то не бачу праблемы.
Іншая справа, лічыць суразмоўца, што стварэнне новага трактарнага завода, маючы пад бокам існуючы МТЗ, нясе ў сабе вялікія рызыкі:
— Я б сапраўды так не зрабіў. Як і за кошт чаго потым вяртаць усе гэтыя крэдыты? Пры тых прыбытках, якія сёння атрымлівае «Амкадор», зрабіць гэта нерэальна. І яшчэ пытанне, ці будзе ён атрымліваць вялікі прыбытак, улічваючы тое, каму збіраюцца прадаваць прадукцыю новага завода.
У Расіі, як адзначае эксперт, пакуль прыкметнага аздараўлення эканомікі не відаць, а мяркуючы па яе агрэсіўнай знешняй палітыцы, санкцыі наўрад ці будуць знятыя ў бліжэйшы час.
— Адпаведна, не варта чакаць, што ў бліжэйшыя гады беларусы змогуць пастаўляць у вялікіх колькасцях тэхніку ў суседнюю краіну, — падкрэслівае эксперт.
У крайнім выпадку, кажа эканаміст, пабудаваны завод можна будзе перавесці на выпуск іншай прадукцыі.
— Калі не будуць прадавацца трактары — пачнуць выпускаць іншыя машыны, — перакананы Васіль Шлындзікаў.
У якасці альтэрнатыўнай прадукцыі, на яго думку, магла б выступіць запатрабаваная ў сённяшніх рэаліях тэхніка ваеннага прызначэння. Што таксама па сілах «Амкадору».
Паводле zautra.by