Умерана актыўная кампанія
Кампанія па выбарах прэзідэнта Беларусі багатая на патэнцыйных кандыдатаў. Прэзідэнт, паэт, пенсіянер... Санітаркі хіба што не далічыліся. Нездарма ў Цэнтрвыбаркаме казалі пра «вясёлыя» выбары.
Кампанія па выбарах прэзідэнта Беларусі багатая на патэнцыйных кандыдатаў. Прэзідэнт, паэт, пенсіянер... Санітаркі хіба што не далічыліся. Нездарма ў Цэнтрвыбаркаме казалі пра
«вясёлыя» выбары.
Прэтэндаваць на атрыманне пасведчання кандыдата ў прэзідэнты і адпаведны запіс у працоўную кнігу будуць 17 чалавек. У гэтым доўгім спісе ёсць прадстаўнікі апазіцыі — усім вядомыя Рыгор
Кастусёў, Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, Яраслаў Раманчук, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў. А таксама яшчэ мала каму вядомы кандыдат ад Беларускай партыі
«Зялёныя» Юрый Глушакоў.
«Тактычна гэта інфармацыйная раскрутка партыі, развіццё яе структур, рэклама. Што тут дрэннага? Частка беларускага грамадства, якая палітызаваная, — гэта 1–2 працэнты, ну
5. Як пачнецца кампанія, то палітызаванымі будуць 20–30 працэнтаў. І яны будуць рабіць выбар на карысць таго ці іншага кандыдата. Думаю, што для беларускага абывацеля прозвішча Глушакоў
гэтак жа нічога не значыць, як Міхалевіч, Кастусёў. На этапе палітызацыі выбарцы будуць атрымліваць інфармацыю, і не выключаю, што Юрый Глушакоў стане больш авангарднай фігурай», —
дзеліцца спадзевамі лідэр беларускіх зялёных Алег Новікаў.
Натуральна, выбары не атрымаецца правесці без старшыні ЛДП Сяргея Гайдукевіча і дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Таксама ў кампанію ўвязаліся пенсіянер Пётр Барысаў, беспрацоўны і былы сілавік Сяргей Іваноў, старшыня савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктар Цярэшчанка, індывідуальны
прадпрымальнік з Віцебска Уладзімір Правальскі, начальнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Віцебскі плодаагароднінны камбінат» Сяргей Рыжоў, загадчык лабараторыі
абсталявання ядзерных энергетычных установак Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Іван Кулікоў і дырэктар ТДА «Трывіум»,
зорка мікрараёна Курасоўшчына ў сталіцы Дзмітрый Ус.
Канешне, пасля збору подпісаў гэты спіс будзе падкарочаны — усё ж 100 тысяч галасоў у сваю падтрымку сабраць не так проста, як дакументы ў ЦВК занесці. Хутчэй за ўсё, да рэгістрацыі
кандыдатам у прэзідэнты падыдуць цяперашні кіраўнік Беларусі, абавязковы чалавек Сяргей Гайдукевіч, парачка прадстаўнікоў апазіцыі. Хаця кандыдаты ад апазіцыі, як па змове, заяўляюць, што намеры ў
кожнага сур’ёзныя — перамога над Аляксандрам Лукашэнкам — і запэўніваюць, што здымацца на карысць таго ці іншага кандыдата не плануюць.
Такі расклад спрыяльны акурат для першага і пакуль адзінага прэзідэнта незалежнай Беларусі — галасы выбарцаў размыюцца, а стабільны электарат Лукашэнкі застанецца з ім, бо каней на пераправе
не мяняюць. А насамрэч яркі і актыўны кандыдат можа ці не пераадолець парог рэгістрацыі, ці паўтарыць шляхі палітыкаў у месцы не надта далёкія. Апазіцыі часта закідваюць: «Няма ў вас ідэй
яркіх, добрых. Няма за кім ісці». Але ці не ёсць так, што беларускаму грамадству гэтыя ідэі да лямпачкі. Пакуль смажаны певень не клюне... Чарка ёсць, шкварку не забралі, а новыя амбіцыі не
саспелі.
У хуткім часе прэтэндэнты ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта будуць рыхтаваць дэкларацыі аб даходах сваіх сямей. Цэнтрвыбаркам нават дазволіць рэгістраваць кандыдатаў, якія пададуць дэкларацыі з
памылкай даходу, што не перавышае 20 працэнтаў ад сярэднегадавога прыбытку кандыдата. Кветкі лібералізму. Больш таго, ЦВК нават у кампаніі збору подпісаў пойдзе насустрач.
Збор подпісаў завершыцца 29 кастрычніка. Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына запэўніла, што для гэтага працэсу «ствараюцца максімальна зручныя ўмовы». Напрыклад, раней выканкамы
забаранялі ставіць пікеты па зборы подпісаў у падземных пешаходных пераходах, то цяпер абмежаванне будзе скасавана «з улікам дажджлівага надвор’я». Але застаецца забарона
на збор подпісаў каля будынкаў судоў, пракуратуры, вакзалаў, базараў, гандлёвых цэнтраў. Нельга будзе збіраць подпісы на адлегласці бліжэй як 200 метраў ад Адміністрацыі прэзідэнта і 50 метраў ад
будынкаў, дзе размяшчаюцца іншыя органы ўлады.
«Паслявыбарная сітуацыя бывае рознай. Калі мы згадаем «аранжавую рэвалюцыю» ва Украіне, то там не было такіх яўных парушэнняў, каб можна было гаварыць пра фальсіфікацыю.
Але народ выйшаў на плошчу — і правялі трэці тур выбараў. Я нічога апроч таго, што напісана ў законе, не скажу. Прычынай могуць быць парушэнні, якія ўплываюць на вынікі выбараў»,
— так выглядае варыянт выбарчага павароту ў інтэрпрэтацыі спадарыні Ярмошынай.