Усю краіну нельга вывесці ў двор і расстраляць!

Не пакідае адчуванне, што мы раз за разам прачынаемся ў розных ужо прыдуманых раней рэальнасцях. Быццам нехта забаўляецца, перасоўваючы персанажаў з аднаго сусвету ў іншы.

Ілюстрацыйнае фота. Плошча Перамен. Фота nashaniva.by

Ілюстрацыйнае фота. Плошча Перамен. Фота nashaniva.by


Напрыканцы 90-х сярод палітызаванай моладзі набыў папулярнасць гарадзенскі панк-гурт Deviation, які не шкадуючы змрочных фарбаў і грубых выразаў, ствараў беларускую антыутопію. З хлопцаў тады шмат хто ціха кпіў — маўляў, згушчаеце фарбы, перагібаеце. «Шэрыя жаўнеры выбіваюць дзверы», «Забі мяне, мент», «Сустрэнемся на барыкадах», «Фашызм вылазіць на вуліцы» — гэта пра Беларусь? Сурьёзна? Праз дваццаць год выявілася — сур'ёзна. Скандальная творчасць Стаса Пачобута стала не перабольшваннем, а абсалютна дакладным прадчуваннем Беларусі 2020 года.
Затрыманыя АМАПам на вуліцы,Калі здаецца, перамога так блізка.Асуджаныя і пакараныя,Таму што крычалі, бо маўчаць проста брыдкаАдлічаныя з універсітэтаў,Звольненыя з працы за супраціўленне.Тыя, хто ніколі не марыў пра ўладу, З пагардай да прадаўшыхся пакаленняў
Але гэта — толькі пачатак.
У жахлівым калейдаскопе штодня змяняюцца да болю знаёмыя сюжэты з розных эпох і жанраў.
«Архіпелаг ГУЛАГ», НКУС, Курапаты, «варанкі», «суды-тройкі» — і начныя затрыманні тых, хто трапіў на камеры падчас пратэстаў, бусы без нумараў, канвееры збіццяў і судоў з пратаколамі пад капірку і сведкамі ў балаклавах. Катаванні ў сутарэннях і камерах
Нізкабюджэтны трылер — спаленая хата акадэміка Мрочака і падкінутая яму лялька з пагрозамі.
Аблога, промні ліхтарыкаў цэляць у цёмныя вокны, людзі, хаваючыся, уціскаюцца ў падлогу, праверка дакументаў, ачэпленае гета. Гэта разбураная плошча Перамен, а не кадры з кіно пра вайну і немцаў. Людзі стаяць шмат гадзін пад прымусам ля сцяны з узнятымі ў гару рукамі — гэта адначасова фота Савецкага РУУС і зверстваў нацыстаў.
Масавая эміграцыя і звальненні пачкамі акцёраў, спартсменаў, навукоўцаў, медыкаў, нарэшце, — ці не нагадваюць сюжэты Рэмарка?
А карыкатурная постаць састарэлага дыктатара з аўтаматам — гэта дакладна сусвет аднайменнай камедыі Сашы Барона Коэна.
Ужо некалькі дзён да ўсяго гэтага дадалася рэальнасць з старога анекдота: «Паважаныя жыхары! З заўтрашняга дня ў вашым доме па тэхнічных прычынах будуць адключаныя гарачая і халодная вада, электрычнасць, газ, будуць выбітыя шыбы і вынятыя дзверы...» Хаця людзям, якія жывуць у Новай Баравой, у гэтыя дні не да смеху.
Некалькі гадоў таму давялося пражыць некалькі дзён без халоднай і гарачай вады ў гарадской кватэры. Тады я зразумела, што лепш застацца без газа, электрычнасці, інтэрнэту, урэшце рэшт, але вада павінна быць. Бо гэта, аказваецца, базавая патрэбнасць нашых арганізмаў. Набраць вады для гарбаты ці супа, памыць посуд, памыцца самому, памыць бялізну, зліць ваду ў прыбіральні... Жыхарам мяцежнага раёна прывезлі прыбіральні, здзекліва афарбаваныя ў белы і чырвоны: маўляў, хацелі бчб — атрымайце. Такі вось няўдалы жарт.
Але ўсё гэтае свінства сутыкнулася з ломкай шаблонаў і сцэнараў. У адмыслова створаным тэлеграм-канале проста неймаверная колькасць паведамленняў з прапановай дапамогі: запрашэнні набраць вады, памыцца, сагрэцца, пераночыць — як з Зялёнага Луга, які побач, так і з далёкага Сухарава.
Так, мы не б'ем у адказ, але і не падстаўляем шчаку. Падзеі апошніх месяцаў падзялілі нас на тых, хто аддае і выконвае загады, хавае твар пад балаклавай, здзекуецца, збівае, звальняе, нішчыць знічкі і зрывае стужкі. І на тых, хто насупраць:
«Тыя, хто ніколі не пісаў даносаўНі ўступаў пад націскам у брсм-ы.Тыя, хто не ходзіць на іх суботнікіІ ніколі не паедзе на іхнія з’езды.Тыя каму не быць калабарантам,Каму брыдка такое нават падумаць.Тыя з кім стаім побач на вуліцыА быдла з гумовымі дубінамі на супраць»
Усю краіну нельга вывесці ў двор і расстраляць, закратаваць, перакрыць кісларод і згубіць вентыль. Бо мы не персанажы сюжэтаў, мы рэальныя і ствараем будучыню па сваім уласным сцэнары.