Узгадаць Канстытуцыю
Калі б нейкі тэрарыст узарваў удзень 9 лютага Міжнародны адукацыйны цэнтр у Мінску, краіна б пазбавілася эліты беларускага грамадства і значнай часткі айчыннай гісторыі.

У гэтым цэнтры праходзіла сустрэча дэпутатаў Вярхоўных Саветаў 12 і 13 скліканняў. Для таго, хто цікавіцца палітыкай, сустрэча была сапраўды «зорнай». Яна адбылася з ініцыятывы Мечыслава Грыба. Які ў сваім выступе адзначыў, што дэпутаты тых саветаў сустракаюцца вельмі рэдка. І наспеў час правесці яе. А нагодай стала 25-годдзе прыняцця Канстытуцыі Беларусі, якое адзначаецца сёлета.
Там можна было пабачыць амаль усіх асобаў, якія ў свой час не вылазілі з экранаў тэлевізараў і прымалі рашэнні, лёсавызначальныя для краіны. Экс-кіраўнік Нацбанка Станіслав Багданкевіч, экс-старшыня парламента Мечыслаў Грыб, які падпісаў Канстытуцыю 1994 года, аўтар справаздачы пра карупцыю ў атачэнні Лукашэнкі Сяргей Антончык, безліч дэпутатаў, якія спрычыніліся да айчыннай гісторыі: Лявон Баршчэўскі, Леанід Дзейка, Павел Знавец, Алег Трусаў, Аляксандр Дабравольскі, Анатоль Лябедзька, і Сяргей Калякін, зараз кіраўнік партыі левых «Справядлівы свет», былы чалец Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, былы рэдактар «Народнай газеты», а зараз «Народнай Волі» Іосіф Сярэдзіч… Пералічваць усіх — не хопіць інтэрнэту.

Вельмі не хапала хіба Зянона Пазняка. Але Сяргей Папкоў зачытаў яго зварот, у якім Пазняк адзначыў, што народ пазбаўлены правоў, і што існуе пагроза беларускай незалежнасці і суверэнітэту з боку пуцінскай Расіі.
На такія сустрэчы трэба было б вадзіць школьнікаў — каб яны з першых вуснаў чулі пра найноўшую гісторыю Беларусі.
Прыкра, што гэткія падзеі адбываюцца вельмі рэдка. Таму што час няўмольны. З дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12 склікання зараз жывымі засталіся 170 чалавек. Прыкрай навіной стала тое, што менавіта ў дзень сустрэчы сышоў з жыцця яшчэ адзін дэпутат — Сямён Домаш. Ён раптоўна памёр у Гродна ў сваім аўтамабілі ад спынення сэрца…
Усіх сваіх адышоўшых калегаў дэпутаты адзначылі хвілінай маўчання.
У прынцыпе, на мерапрыемстве адразу было адзначана — сустрэча больш сяброўская, чым працоўная. І гэта адчувалася ў атмасферы — экс-дэпутаты проста не паспявалі вітаць адзін аднаго, перакінуцца словам, бо да іх адразу падыходзілі іншыя. Пазнавалі, віталіся, віншавалі… Па вялікім рахунку, такую імпрэзу трэба было рабіць не афіцыйна, а ў прыватным рэжыме, каб усе паспелі адзін з адным нагаварыцца. А ў выніку былых народных абраннікаў, якія паміж сабою перамаўлялі, ледзьве не сілком заганялі ў залу, дзе адбывалася пасяджэнне.


Ізноў жа, паколькі сустрэча была больш нефармальнай, чым фармальнай, даклад Мечыслава Грыба нагадваў тэзу «байцы згадваюць мінулыя дні». Успаміналі склад парламента. Што адбывалася пры прыняцці Канстытуцыі. Наракалі ў кулуарах, што сённяшні парламент — дый не парламент увогуле… Атмасферу сустрэчы — словамі не перадаць.
Каму цікава больш падрабязна даведацца пра выступ Мечыслава Іванавіча — то прыкладна так:
Канстытуцыі — 20 гадоў
Канешне, з нагоды 25-годдзя Канстытуцыі дэпутаты, якія на сустрэчу з’явіліся, прынялі зварот да беларускага народа. У ім адзначаецца, што ў ёй зафіксаваныя палажэнні, і дасюль стратэгічна важныя для існавання «ўсёй нашай нацыі і цяпер, і ў будучыні». Напрыклад пра тое, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, што яна валодае «вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе сваю унутраную і знешнюю палітыку». Што дзяржава «абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае правапарадак».
Далібог, напамін «вяршэнства і паўнату ўлады на сваёй тэрыторыі» — своечасовы для кіраўніка дзяржавы, які стварае нейкія «камісіі па далейшай інтэграцыі з Расіяй». Пра самастойную знешнюю палітыку — гэта напамін МЗС, які рэгулярна падпісвае пагадненні пра «ўзгодненую знешнюю палітыку» з Расіяй, і, адпаведна, рэгулярна галасуе ў ААН супраць рэзалюцый па Крыме. Гэта напамін нашым праваахоўнікам і суддзям пра «забеспячэнне законнасці і правапарадку» — хаця б таму ж Шуневічу, які вырашыў, што падлетак павінен выбачацца перад помнікам.
І, урэшце, згаданы артыкул 18 Канстытуцыі, дзе сказана, што Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы «зыходзіць з роўнасці дзяржаў». Роўнасці, а не прыярытэту тут Расійскай Федэрацыі.

І не дзіва, што ў звароце гаворыцца: «З кожным годам мы ўсё больш выразна ўсведамляем, наколькі важна, каб краіна і ўсе яе грамадзяне жылі паводле Асноўнага закона дзяржавы».
Сапраўды, афіцыйныя ўлады практычна забыліся на беларускую Канстытуцыю — Асноўны закон, — што дазваляе ім адрынуць усялякі шантаж з боку іншых дзяржаў і структур. І дэпутаты нагадваюць — забыліся дарма.
Анатоль Лябедзька выступіў з ініцыятывай стварэння «Дэпутацкага клуба». І, гледзячы па гэтай сустрэчы, такі клуб быў бы вельмі карысны. Хаця б для беларускай гісторыі.