Узгадайце слова «дэфіцыт»

Кажуць, што СССР разваліўся не з-за галоснасці, путчыстаў і Гарбачова, а таму, што ў ім не было джынсаў, нармальных швэдараў і пральнага парашку. Нашае кіраўніцтва, пабачыўшы эканамічныя паказчыкі і працу эканомікі ў цэлым, вырашыла: «Гуляць, дык гуляць!».



magnit_deficit_01_800x600.jpg

Горш усё роўна не будзе, а таму можна звыкла пайсці па савецкім шляху. Балазе, Беларусь не такая вялікая, каб разваліцца, а калі рабіць ужо няма чаго, можна рабіць любыя глупствы. Што і паказала нарада ў Аляксандра Лукашэнкі пад назвай «Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі».

У нармальнай краіне такой нарады ўвогуле не павінна было б быць. Прадпрымальнікі самі закупляюць ці ствараюць прадукцыю, самі яе прадаюць, самі аплачваюць арэнду, самі наймаюць працаўнікоў, выконваюць санітарныя нормы, плацяць дзяржаве падатак — што яшчэ ад іх трэба? А трэба ад іх тое, каб яны перасталі працаваць увогуле.

Галоўным дакладчыкам быў, канешне, Пётр Пракаповіч. Падаецца, што стваральніку крызісу 2011 года зараз даручылі агучваць усе непапулярныя захады. Ён нагадаў, што з 1 ліпеня 2014 года ўстанаўліваецца абавязак дакументальна пацвярджаць набыццё рэалізуемай прадпрымальнікамі прадукцыі. Прыняцце ўказа дасць магчымасць выканаць тэхрэгламент Мытнага саюза, патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў» і стварыць умовы для павелічэння аб’ёмаў продажу тавараў айчыннай вытворчасці.

Тое, што ні на адным рынку, адкуль беларусы прывозяць свой тавар, такіх дакументаў не выдаецца, таму што іх проста не існуе, Пракаповіча хвалюе мала. Ён жа не прадпрымальнік.

«Для прадастаўлення магчымасцяў індывідуальным прадпрымальнікам легальна набываць тавары на тэрыторыі Беларусі вызначаны пералік аптовых арганізацый, якія забяспечваюць пастаўку тавараў айчыннай і замежнай вытворчасці», — сказаў віцэ-прэм’ер.

Пэўна, размова ідзе пра так званыя «лагістычныя аптовыя базы», якія ўрад даўно ўжо павінен быў стварыць для прадпрымальнікаў. Але не стварыў.

«Так, якія праблемы? Я некалькі гадоў таму даручаў стварыць у Беларусі «Чаркізаўскі рынак», каб нашы прадпрымальнікі не ездзілі ў Маскву ці яшчэ кудысьці. Дзе паглядзець гэты рынак?» — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка. «Пакуль такога рынку няма», — канстатаваў Пётр Пракаповіч. «Чаму вы не ўзялі з Мясніковічам і не стварылі падобнае прадпрыемства?» — спытаў кіраўнік дзяржавы.

Пракаповіч круціўся, як вужака на патэльні, і адказаў, што праект «плануецца рэалізаваць» у пасёлку Балбасава Аршанскага раёна, і неўзабаве «будуць унесены адпаведныя прапановы». Адначасова «рэалізуюцца планы» па стварэнні ў Беларусі сеткі іншых лагістычных цэнтраў.

Карацей, што-што, а планы нараджаць наш урад навучыўся. Але з рэалізацыяй гэтых планаў і прапановаў вялікія праблемы.

Разам з тым Пётр Пракаповіч заўважыў, што ў прадпрымальніцкім асяродку няма вялікай колькасці жадаючых гэтым займацца, бо «ўсіх задавальняе цяперашняя сістэма».

«Задавальняе таму, што ў іх няма альтэрнатывы. Яны як ездзілі ў Маскву, так і ездзяць. Яны ўжо прызвычаіліся да гэтага шляху. Гэта натуральна: чалавек прывыкае, напрацоўвае пэўныя схемы і па іх працуе. Іншы схемы вы не прапанавалі. Па-другое, вы не выканалі маё даручэнне», — цалкам слушна заўважыў Аляксандр Рыгоравіч.

«Мы ў цяперашні час укладваем у нашу лёгкую прамысловасць каля 300 мільёнаў долараў. Натуральна, ёй вельмі складана канкураваць з гэтым шэрым імпартам», — зусім недарэчна заўважыў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

Цікава: у лёгкую прамысловасць укладаюцца шалёныя грошы, імпарт у нас, што прызнаў урад, нашмат даражэйшы, чым у суседніх краінах, і тым не менш — «натуральна» — нашай прадукцыі складана з ім канкураваць? Гэта ўжо нейкі «зрух па фазе». Можа, мы не тое ствараем? Можа, мы зноў на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці ствараем ракеты, а не джынсы?

Карацей, дагаварыліся да таго, што з 1 ліпеня 2014 года імпарт тавараў (у лепшым выпадку, легпрама, а ў горшым — увесь спажывецкі імпарт) будзе ажыццяўляцца праз спецыяльна створаныя ў кожнай вобласці дзяржаўныя аптовыя базы, а прадпрымальнікі, якія гандлююць гэтым таварам, ператвараюцца ў прадаўцоў выязных крам. Пры гэтым, імпартавацца будзе толькі той тавар, які не вырабляецца ў Беларусі.

У сувязі з гэтым ёсць два пытанні. Пытанне першае: ці будуць створаныя гэтыя аптовыя базы? Яшчэ ўлетку, калі нашы ІПшнікі пратэставалі супраць увядзення дакументаў тэхрэгламента Мытнага саюза, яны казалі, што не супраць набываць тавар на аптовых базах у Беларусі. Але дзе тыя базы? Нідзе. Вось у гэтым праблема.

І пытанне другое: хто будзе вызначаць асартымент на «дзяржаўных аптовых базах»? Улічваючы, што «імпартавацца будзе толькі той тавар, які не вырабляецца ў Беларусі», ці значыць гэта, што мы будзем пазбаўленыя польскага альбо італьянскага абутку, адзення сусветных брэндаў, пральны парашок у нас будзе толькі «Мара», а касметыка — выключна «Беліта-Вітэкс»?

Засталося толькі закрыць выезд з краіны (такія прапановы ўжо гучалі) і поўнасцю забараніць у краіне валютна-абменныя аперацыі. Каб нашы грамадзяне не рваліся за мяжу у пошуках больш танных і больш якасных тавараў, каб не прывозілі іх сваім родзічам і сябрам, пакідаючы валюту замежнікам. Памятаеце, як гэта было напачатку 90-х гадоў, калі ездзілі гандляваць у Польшчу, прывозячы адтуль модныя кітайскія джынсы «Маwine», якія ў народзе мелі назву «Мальвіны»?

Да чаго гэта можа прывесці, зразумела ўсім: да СССРаўскіх часоў татальнага дэфіцыту, «блату» ў гандлі і гэтак далей. Дарэчы, ва ўсім свеце тады тавар можна было «набыць» альбо «скрасці». А ў СССР яшчэ існавала такая дэфініцыя, як «дастаў». «Дзе ўзяў? Дастаў!» — казалі ўладальнікі «дэфіцыту». І слова «дэфіцыт» маладзейшаму пакаленню таксама прыйдзецца вывучыць.