«Вайна легітымізуе гвалт»: Што чакае грамадства, калі скончыцца вайна?

Як вайна ўплывае на ўзровень злачыннасці ў краінах, якія ваявалі? Сацыёлаг распавядае, што перспектывы ў грамадстваў, якія зведалі вайну, не вельмі вясёлыя.

Расійская ракета трапіла ў жылы дом ва Умані. Фота 

Расійская ракета трапіла ў жылы дом ва Умані. Фота 

Расійскія вайскоўцы, якія вярнуліся з фронту, усё часцей фігуруюць у зводках крымінальных хронік.

Паводле даных даследавання лабараторыі публічнай сацыялогіі, за апошні год у Расіі ўзрасла колькасць скаргаў на дэпрэсіўны стан, а людзі (і асабліва жонкі вайскоўцаў) нашмат часцей адчуваюць трывогу, апатыю і страх.

Пра рост злачыннасці падчас і пасля вайны распавёў сацыёлаг «Настоящему времени» Іскандэр Ясавееў.

— Вы даследавалі пасляваенны гвалт у Расіі — не ў тым сэнсе, што вайна скончылася, а ў тым, што людзі вяртаюцца пасля вайны. Ці варта разумець, што ў 2022 годзе ў Расіі змяніўся шматгадовы трэнд, і нават паводле афіцыйных звестак Расстата, колькасць забойстваў у краіне перастала зніжацца?

— Асабіста я не даследаваў пасляваенны гвалт. Я калісьці вёў аналітычны агляд вынікаў крыміналагічных і сацыялагічных даследаванняў па просьбе маіх калегаў-праваабаронцаў. І сапраўды, супастаўляючы гэтыя вынікі з данымі па афіцыйнай статыстыцы злачыннасці, у мінулым, 2022 годзе ўпершыню за 20 гадоў колькасць зарэгістраваных забойстваў стала большай у параўнанні з папярэднім годам. Гэта значыць, гэтая дваццацігадовая тэндэнцыя змянілася.

І трэба адразу дадаць, што і ў першыя два месяцы 2023 года гэтая тэндэнцыя працягваецца ў яшчэ большых памерах. Калі ў 2022 годзе рост злачыннасці склаў 4% у параўнанні з 2021 годам, то ў першыя два месяцы 2023 года гэты рост быў 14% у параўнанні з двума першымі месяцамі 2022 года.

— Гэта тычыцца толькі забойстваў або і іншых злачынстваў?

— Рост быў зарэгістраваны МУС і ў дачыненні да выпадкаў прычынення цяжкай шкоды здароўю. Тут трэба абмовіцца, што сацыёлагі, якія вывучаюць злачыннасць, і крыміналісты з вялікай асцярожнасцю ставяцца да даных афіцыйнай статыстыкі.

Далёка не ўсе дзеянні, якія адпавядаюць крымінальна-прававому вызначэнню злачынства, рэгіструюцца. Пра частку дзеянняў проста не паведамляецца ў паліцыю, частка дзеянняў не рэгіструецца самой паліцыяй. Гэта значыць, існуе такі феномен, які ў крыміналогіі называюць «латэнтная злачыннасць».

У выпадку з забойствамі гэтая латэнтнасць з'яўляецца найменшай. Гэта значыць, забойствы рэгіструюцца ў значна большай ступені, чым многія іншыя віды злачынстваў. Таму крыміналісты і сацыёлагі больш давяраюць менавіта даным аб забойствах.

— У тэксце вы звярнулі ўвагу, што наогул па агульных назіраннях людзей, якія аналізуюць уплыў вайны на злачыннасць у любой краіне, звычайна хваля забойстваў надыходзіць пасля таго, як ваенны канфлікт скончыўся. А ў Расіі гэта іншая гісторыя, то-бок людзі, якія вярнуліся цяпер з вайны, сталі забіваць?

— Так. Тыя даследаванні, якія я вывучаў, сканцэнтраваныя на пасляваенным гвалце. Самымі вядомымі імёнамі тут з'яўляюцца імёны Дэна Арчэра і Размары Гартнер — яны якраз правялі маштабнае міжнароднае даследаванне. Там даследаваліся 110 краін, вывучаліся пяцігадовыя перыяды да і пасля вайны. Вывучалася ўздзеянне дзвюх сусветных войнаў і 12 іншых войнаў на працягу XX стагоддзя.

І гэтыя даследаванні выявілі зусім выразны і істотны рост узроўню забойстваў у пасляваенны перыяд у параўнанні з даваенным. А кантрольнай групай былі суседнія краіны з той, якая ваявала, але пры гэтым самі краіны не прымалі ўдзелу ў вайне.

І гэтыя ж даследчыкі агаворваюцца, што ў шэрагу выпадкаў узровень забойстваў пачынаў расці ўжо ў перыяд вайны, у прыватнасці, падчас вайны ў В'етнаме рост пачаўся якраз ужо ў першай палове 60-х гадоў.

Калі ў 1963 годзе ў ЗША ўзровень забойстваў складаў 4,5 на 100 тысяч, то да 1973 годзе ён павялічыўся да 9,3 на 100 тысяч. Гэта значыць, узровень забойстваў можа ўзрастаць ужо і непасрэдна ў перыяд вайны. Толькі трэба абмовіцца, што гэты рост, зафіксаваны сацыёлагамі, і той, які мы назіраем у цяперашні час у Расіі, адбываецца на фоне таго, што скарачаецца колькасць той сацыяльна-дэмаграфічнай групы — мужчыны ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў, якія часцей за ўсё здзяйсняюць забойствы.

— Зыходзячы з гэтых ацэнак, мы можам меркаваць, што чым даўжэй працягваецца вайна, тым большым будзе маштаб забойстваў у Расіі пасля яе заканчэння?

— Я б тут з асцярожнасцю рабіў прагнозы. Так, большая частка даследаванняў паказвае на тое, што гэты рост гвалту — не толькі злачынстваў і забойстваў, але і хатняга гвалту, і паліцэйскага гвалту — вельмі верагодны.

Ёсць даследаванні, якія паказваюць, што гэта не непазбежна. Моцная сацыяльная палітыка, памяншэнне эканамічнай няроўнасці, тое, што можна назваць дэлегітымацыяй гвалту, праблематызацыя гвалту, фемінізацыя палітыкі — усё гэта можа альбо паменшыць маштабы росту гвалту, альбо нават яго прадухіліць. Але тут, вядома, перш за ўсё неабходна спыненне вайны.

— Калі казаць пра сучасную Расію, цяпер зразумела, у якіх сітуацыях тыя, хто вярнуўся з вайны, забіваюць? Ці сапраўды сям'я ў гэтым сэнсе знаходзіцца ў найбольшай небяспецы?

— Так, на мой погляд, відавочна, што блізкія члены сем'яў удзельніка баявых дзеянняў належаць да адной з найбольш уразлівых груп. Гэтак жа, напрыклад, як грамадзяне, якія ўжываюць з імі спіртное ў тых ці іншых сітуацыях.

Трэба сказаць, што ёсць шэраг даследаванняў хатняга гвалту — даследаванні сярод амерыканскіх вайскоўцаў, якія ваявалі ў розных краінах, у розных зонах пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года, — і яны паказваюць вялікую схільнасць да хатняга гвалту ўдзельнікаў баявых дзеянняў незалежна ад таго, прымалі яны непасрэдны ўдзел у гэтых дзеяннях, ці не. Гэта значыць, само знаходжанне ў зоне ўзброенага канфлікту павялічвае верагоднасць хатняга гвалту.

У Міністэрстве абароны ЗША дзейнічае вельмі сур'ёзная Праграма абароны чальцоў сем'яў ветэранаў ад гвалту. Там, дарэчы, узрастае і верагоднасць жорсткага абыходжання з дзецьмі. Таму можна меркаваць, што гэта якраз зона рызыкі і найбольш уразлівая група.

Але трэба таксама дадаць, што вайна дзейнічае не толькі прама. У цэлым якраз крымінолагі Арчэр і Гартнер зрабілі выснову, што вайна легітымізуе гвалт. І гэта эфект у дачыненні да ўсяго грамадства, а не толькі ў дачыненні да пэўных груп — удзельнікаў баявых дзеянняў. У цэлым гэта сігнал усяму грамадству, што гвалт як спосаб вырашэння паўсядзённых канфліктаў прымальна. Паўтараю, гэты эфект значна шырэй, чым эфект у дачыненні да ўдзельнікаў баявых дзеянняў.

Пераклад НЧ