Валанцёрства загубілі ўшчэнт? Не ўсё так дрэнна!

2020 год кардынальна змяніў магчымасці грамадскай актыўнасці ў Беларусі. Многія формы і метады працы з людзьмі раптоўна сталі неўжывальныя — улады асцерагаюцца некіраванай актыўнасці грамадзян, за якой чыноўнікам мроіцца палітызацыя грамадства. У гэтых умовах самай аптымальнай опцыяй стала тактыка малых спраў.

Фота klike.net

Фота klike.net


У гэтай тактыкі здаўна шмат як прыхільнікаў, так і праціўнікаў. Але, падобна, апошнім прыйдзецца цяпер змірыцца з гэтым фарматам.

Варта нагадаць, што доўгія гады кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020-га Андрэй Дзмітрыеў прасоўваў такую ідэю: «Я лічу, што падыход, дзе галоўная задача — нанясенне шкоды камусьці, у разы горшы, чым выкарыстанне сваіх рэсурсаў і сіл, каб пашыраць прастору магчымасцяў для сябе і аднадумцаў».

Сёння Дзмітрыеў у няволі, прызнаны палітвязнем, але ў лістах, якія рэдка даходзяць да паплечнікаў, кожны раз цікавіцца іх справамі, дзеліцца сваімі разважаннямі.

Дзмітрыеў па-ранейшаму перакананы, што праз увагу да так званых бытавых, жыццёвых дробязяў актывістам прасцей і больш эфектыўна знайсці агульную мову з насельніцтвам, павысіць яго самаацэнку. І што не менш важна ў цяперашніх умовах — не проста захаваць, але і павялічыць валанцёрскае ядро.

Што робяць і чым жывуць актывісты пасля 2020-га ў Беларусі? «Свабодныя навіны плюс» паразмаўлялі з валанцёрамі, якія застаюцца ў Беларусі.


Анатоль: Зносіны — як кісларод, без яго мы задыхнемся

— У 2020-м неяк незаўважна мяне зацягнула ў акцыю «Зялёны квартал». Я не эколаг і не садоўнік, але цікавіла магчымасць сустрэч і агульная справа. Трэба заўважыць: азеляненнем уў сталіцы займаюцца ці ледзь не ўсе, каму не лянота, аж да бабулек ля сваіх пад'ездаў. І гэта выдатна, але ў цэлым людзі не разумеюць, як правільна ўпарадкаваць тыя ж пасадкі дрэў, як прыгожа высадзіць міні-кветнікі... Проста ўласнае разуменне вытанчанага, арганічнага не заўсёды ў дзясятку, гэта як з наіўным мастацтвам — у ім усё вельмі тонка. Мы пайшлі іншым шляхам: раіліся са спецыялістамі «Мінскзелянбуда» і ландшафтнымі дызайнерамі, заручыліся падтрымкай гарвыканкама…

Вядома, яшчэ ўчора працаваць было прасцей, а сёння ў народа не толькі апатыя ўзмацняецца — страху больш стала. Але паверце, не ўсе запалоханыя, у многіх, як і раней, ёсць вострая патрэба ў цікавых зносінах, у пошуку аднадумцаў. Урэшце ім проста не хапае гутарковага кіслароду!

Вось чаму я за карысныя грамадзянскія ініцыятывы, сугучныя рэальным умовам: гэта значыць не супраць чагосьці і кагосьці, а дзеля агульнага дабрабыту.


Валянціна: Вынік прыходзіць, калі працаваць па выразным алгарытме

— Нядаўна мы пераехалі з невялікай кватэры ва ўласны дом. Раён з нуля, вакол суцэльныя новабудоўлі — куча праблем, і адна з галоўных — не было нармальнай дарогі. Мы абмяркоўвалі гэта з суседзямі, абураліся на кухнях адсутнасцю чалавечых умоў…

А падчас выбараў пазнаёмілася з Андрэем Дзмітрыевым, здзівілі яго слушныя парады... Калі праз паўгода атрымала адраснае запрашэнне на сустрэчу ў Мінску, то паехала без роздумаў. І зразумела алгарытм нашых дзеянняў, як менавіта з улікам патрабаванняў заканадаўства, інструкцый выканкама і гарсавета мясцовая супольнасць можа «вырваць» сродкі на тую злашчасную дарогу.

Справа нарэшце зрушылася з мёртвай кропкі. Так, асфальт з'явіўся, але будаўнікі пакінулі пасля сябе і кучу вушакоў. Цяпер дамагаемся іх выпраўлення: тэлефануем на «гарачыя лініі», я асабіста сустракалася з чыноўнікамі. Па выніку мясцовы дэпутат пачаў адпісвацца па кожным сваім кроку. Ён рэальна сёння ўпахвае, а мы яму дапамагаем — ну, ці наадварот. Галоўнае — ёсць вынік.


Алена: Большасць цяпер «у засадзе», але калі працаваць з імі, людзі прачнуцца

— Не стану дыпламатнічаць: я веру ў тэорыю малых крокаў і не веру ў рэвалюцыю.

Цяпер галоўнае — мець зносіны з людзьмі, падтрымліваць адно аднаго. Прычым не зацыклівацца на негатыве: важней убачыць у іншых святло глыбокіх асоб. Так, цяпер большасць апынуліся «ў засадзе». Але як толькі з'явіцца акно магчымасцяў, яны ўбаку не будуць. Бо тэорыя малых спраў прывучае да адказнасці: спачатку за драбніцу, а потым і за ўсю краіну ў цэлым, ужо не палічыце за патэтыку.

Ведаю, ад мяне, такой разумнай, хочуць пачуць: а што менавіта можна рабіць сёння, каб не ўляпацца ў нейкую гісторыю з змрочным фіналам?

Глядзіце: амаль усе мы стасуемся ў чатах — дваровых, бацькоўскіх, рабочых. Напрыклад, у бацькоўскім заклікаюць збіраць грошы на нешта. Дык давайце задаваць пытанні: навошта, куды пойдуць сродкі, як іх пракантраляваць? Калі я аддаю крэўныя, то мае права запатрабаваць справаздачы!

У краіне вельмі шмат таварыстваў уласнікаў, у якіх рэгулярна праводзяцца выбары: то старшыні, то савета, то іншых службовых асоб. Удзел у іх — першы крок да мясцовага самакіравання. І гэта ўсё, па вялікім рахунку, адносна бяспечна.

Калі разабрацца, амаль любыя нашы чацікі — свайго роду прыклад парламента. Яны даюць магчымасць навучыцца дамаўляцца, шукаць кампраміснае, але рэальнае рашэнне.

Вялікая праблема беларускага грамадства ў тым, што мы не ўмеем дамаўляцца з тымі, у каго іншае, адрознае ад нашага, меркаванне. Але калі мы хочам пабудаваць дэмакратычнае грамадства, прыйдзецца навучыцца дамаўляцца з апанентамі.


Аксана: На жаль, культуру валанцёрства падкасілі

— Так, мы ў глыбокім грамадзянскім крызісе, гэта факт. Але калі частку свайго часу не надаваць грамадскай працы, не марнаваць на яе свае сілы і рэсурсы, то вінаваціць кагосьці ў тым, што адбываецца «за бортам» — проста крывадушнасць.

На адным з адукацыйных семінараў я пазнаёмілася з выдатнай жанчынай-валанцёркай, гадоў шасцідзесяці, але настолькі актыўнай і дзейнай, што нам, маладым, за ёй ніяк не ўгнацца. Менавіта яна натхніла мяне паехаць у Нароўлю, на добраўпарадкаванне гістарычнай сядзібы, на 3-4 дні. З'ездзіла раз — спадабалася, а далей ужо цэлай кампаніяй туды.

Мы малайцы? А ведаеце, як зрэагавалі многія на такі энтузіязм? Нават знаёмыя грэбліва пісалі ў сацсетках: у мяне на лецішчы завалы — прыязджайце чысціць…

На жаль, у нас няма культуры валанцёрства. Ну, ці яна вельмі кульгае. Не дзіўна: у канцы 1990-х — пачатку 2000-х гэтая практыка пачала высмейвацца, абясцэньвацца на фоне заклікаў ісці ў вялікую палітыку, уступаць у партыі, хадзіць на дэманстрацыі, пратэсныя акцыі... Але хіба адно супярэчыла другому? Не, над энтузіястамі «малога» актыўна кпілі і нават абвінавачвалі ў прыстасаванстве.

Насамрэч назапашаны досвед апошнім часам, пасля пачатку вайны, дапамог мне і маім калегам арганізаваць дапамогу ўкраінскім уцекачам у маштабе ўсёй Беларусі. На гэта і марную апошні год увесь свой рэсурс. Вялікая падзяка дарыльшчыкам і ахвярадаўцам — паверце, іх шмат. Гэта неабыякавасць і высакароднасць, гуманізм дарагога каштуюць, падтрымліваюць веру ў лепшую будучыню.

А з іншага боку, апошнім часам мы вымушаныя абараняць такіх людзей ад масы махляроў, якія плодзяцца як грыбы пасля дажджу: вайна ж справа цёмная…

Мне хочацца верыць, што я рэальна ўношу свой пасільны ўклад у заканчэнне гэтага крывавага вар'яцтва. Прычым у нашых чатах мы не абмяркоўваем рэлігію, палітыку ці дзеянні ўладаў — мы проста дапамагаем. Пры гэтым у кожнага валанцёра можа быць свой пункт гледжання, кожны можа па-свойму ацэньваць тое, што адбываецца.


Аляксандра: Перш чым крытыкаваць нас, пагутарыце з народам, дамажыцеся чагосьці рэальнага

— У краіне, вядома, цяпер нічога не змяніць. А вось па дробязі зрабіць добрую справу для сябе, блізкіх і суседзяў можна. Трэба толькі ўзяцца грамадою, і хоць бы на ўзроўні ЖЭСу, «Зелянбуда», «Рэмаўтадора» можна многае вырашыць. А то і з самім выканкамам пацягацца, калі справа таго вартая.

Напрыклад, у сакавіку мінулага года наш дом, параўнальна новы і чысты, больш чым на 300 кватэр, адбіўся ад непатрэбнага рамонту. Яго ўключылі ў бягучы рамонт, каб за кошт жыхароў выканаць планы. Мы выступілі катэгарычна супраць: за адны выходныя сабралі подпісы і разаслалі звароты ў шэраг дзяржустаноў, у тым ліку і ў пракуратуру. Праз тры дні дом выкраслілі з бягучага рамонту, а намеснік старшыні выканкама, які настойваў на рамонце, праз пяць дзён даслаў прабачэнні.

А вось на тое, каб увесці новы маршрут грамадскага транспарту, у нас сышло паўгода. Давялося прайсці праз тры інстанцыі, атрымаць тры адмовы. І толькі калі я трапіла на прыём да намесніка старшыні гарвыканкама, усё наладзілася.

Усё гэта вельмі няпроста, хоць часам у галаве не ўкладваецца: чаму робяць так, а не інакш? Напрыклад, зусім нядаўна мы спрабавалі стварыць петыцыю з нагоды новай мадэлі здачы ўступных экзаменаў і цэнтралізаванага тэставання, але нас катэгарычна не слухаюць. Няма кантакту не тое што з бацькамі — нават з настаўнікамі, не кажучы ўжо пра Міністэрства адукацыі.

Крыўдна, але лапкі складаць нельга.

Дык вось і жывем.