Валянцін Стэфановіч пракаментаваў выступ Лідзіі Ярмошынай на TUT.BY (відэа)
19 кастрычніка ў студыі TUT.BY у межах праграмы «Госць» адбылася гутарка са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіяй Лідзіяй Ярмошынай, якая пракаментавала відэа з выбарчых участкаў, што атрымала шырокі рэзананс у інтэрнэце. Адно з прадэманстраваных відэа было размешчана 11 кастрычніка на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна».
Фота з сайта http://elections2015.spring96.org
На пытанне вядучай TUT.BY Алены Андрэевай, як змяніць практыку выбарчага працэсу, калі сябры ўчастковых камісій пры падліку галасоў блізка не падпускаюць да сталоў з бюлетэнямі назіральнікаў, Лідзія Ярмошына адказала:
«Трэба падлічваць усе бюлетэні на адным баку стала. Г. зн. не так вось, акружаючы стол, як мы бачылі, а вось калі б мы ж вамі лічылі бюлетэні, то вось там былі б назіральнікі, а вось тут — лічыліся б бюлетэні. І я думаю, што гэта тое палажэнне, дарэчы, многія камісія так і рабілі, якое задаволіць усіх. І назіральнікаў, і сябраў камісіі. Таму я думаю, што нам трэба ўсё ж такі прадумаць на наступныя выбары і ў нашых метадычных тлумачэннях даць схему размяшчэння, таму што, канешне, памяшканні бываюць розныя, аднак трэба паставіць так стол, каб ён быў бачны хаця б з аднаго боку».
У сваю чаргу, «Праваабаронцы за свабодныя выбары» па выніках назірання за выбарамі ў сваіх высновах адзначылі, што выбарчы працэс не адпавядаў шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў. Дагэтуль у заканадаўстве не прапісаны метад падліку бюлетэняў участковымі выбарчымі камісіямі.
Падлік галасоў у гэтую кампанію на выбарчых участках шмат у чым паўтарыў негатыўную практыку непразрыстага падліку бюлетэняў. Больш за палову назіральнікаў былі пастаўлены камісіямі ў нязручныя для назірання умовы: 76,9 % не маглі бачыць змест бюлетэняў.
Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначае:
«Зараз у дапаможніку для працы УВК таксама быў пункт, дзе было напісана, што камісія абавязана забяспечыць назіральніку магчымасць непасрэдна назіраць за падлікам галасоў. Гэта, канешне, вельмі суб’ектыўная фармулёўка: што значыць «забяспечыць»? Якая адлегласць павінна быць паміж назіральнікам і сталом? Але там гэта было.
Што датычна малявання схемы размяшчэння стала ў дапаможніку, варта адзначыць, што не важна, як там будзе стол стаяць, пытанне ў празрыстасці працэдуры. І мы падчас гэтай выбарчай кампаніі звярталіся да ЦВК з прапановай прыняць пастанову і ўрэгуляваць працэдуру падліку такім чынам, каб яна ажыццяўлялася адным сябрам камісіі з дэманстрацыяй кожнага выбарчага бюлетэня і агучваннем вынікаў, які там адлюстраваны. З намі не пагадзіліся, сказалі, што гэта патрабуе зменаў у заканадаўстве. Зараз ёсць магчымасць гэтае пытанне ўрэгуляваць, бо да парламенцкіх выбараў ёсць трошкі болей, чым паўгады.
Таму што пытанне ўсё ж такі ў празрыстасці працэдуры, бо калі назіральнік нават каля стала будзе стаяць і працэдура падліку будзе такая, як зараз была — калі кожны сябра камісіі асобна лічыць свой стос, нешта там піша ціхенька і потым гэтую паперку некуды перадае, — то гэта нагадвае гульню ў напарсткі, а не падлік галасоў.І наша рэкамендацыя заключаецца ў тым, каб працэдура непасрэдна самога падліку была дакладна прапісаная ў выбарчым кодэксе. Толькі калі пакрокава ў кодэксе будзе ўсё распісана і камісія будзе кіравацца і дзейнічаць у адпаведнасці з ім на ўсіх этапах, вось тады назіральнік сапраўды будзе бачыць падлік галасоў».