Сябра партыі БНФ звольненая за ўдзел у выбарах у якасьці назіральніка?
Людміла Церашонкава, якая працавала ў дзіцяча-юнацкай школе (ДЮСШ) алімпійскага рэзерву № 4 дворнікам, лічыць сваё звальненне палітычна матываваным.
Людміла Церашонкава. Фота vitebskspring.org
Людміла Ігнацьеўна была звольненая 10 кастрычніка ў сувязі са сканчэннем тэрміну працоўнага кантракту. Паколькі з боку адміністрацыі ніякіх прэтэнзіяў наконт стаўлення актывісткі партыі БНФ да сваіх працоўных абавязкаў не было, яна мяркуе, што адмова ў падаўжэнні кантракту можна растлумачыць толькі непрыманнем той актыўнай грамадскай і палітычнай пазіцыі, якую яна займае.
Распавядае спадарыня Людміла: «Дворнікам (на 0,75 стаўкі) я працавала добрасумленна, ніякіх нараканняў не мела, у канфлікты не ўступала. Калектыў ведаў, што я з'яўляюся сябрам БНФ, што ў якасці назіральніка ўдзельнічаю ў выбарах, але адмоўна з гэтай нагоды ніхто не выказваўся. Так, адмаўляць не буду, часам тым, хто цікавіўся, я прыносіла сякія-такія газеты пачытаць. Непасрэдна перад выбарамі з боку нашага дырэктара было заяўлена, каб ніякіх газет і ніякай агітацыі не працы не было. Мне пра яго папярэджанні распавялі калегі. Ніякай агітацыі ў гэтыя дні я і не праводзіла, і ніякіх газет не прыносіла.
За месяц да заканчэння майго кантракту мяне папярэдзілі пра гэта. Я напісала заяву пра падаўжэнне кантракту, дзе пазначыла, што мяне задаволіць нават такі варыянт, пры якім мне дадуць дапрацаваць хоць бы да снежня. Мне адмовілі. Я не пагадзілася з такім рашэннем і напісала дзве заявы: адну ва ўпраўленне спорту і турызму Віцебскага аблвыканкаму, другую — у аналагічную структуру гарвыканкаму. Адказаў пакуль няма.
З улікам таго, што на цяперашні момант працу дворніка вымушаны выконваць мой муж, бачна, што мяне звольнілі без усялякай сувязі з вытворчай неабходнасцю або з магчымым абнаўленнем кадраў. А вось тая актыўнасць, якую я выяўляла раней і цяпер, падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі, — яна досыць прыкметная і відавочная. Таму я схільная меркаваць, што маё звальненне адбылося выключна па палітычных матывах».
У перыяд прэзідэнцкай кампаніі Людміла Церашонкава актыўна праявіла сябе ў ролі назіральніка на выбарчым участку №15, размешчаным у будынку 31-й школы. За кароткі тэрмін на дзеянні камісіі ёю былі складзеныя тры скаргі.
Пры канцы аднаго з дзён датэрміновага галасавання яна зазірнула ў кабінку для тайнага волевыяўлення і ўбачыла, што ва ўзоры для выбарцаў, што галасуюць, неабходны знак, які яны павінны паставіць у бюлетэні, стаіць насупраць трэцяга кандыдата — акурат там, дзе ў бюлетэні стаіць прозвішча Лукашэнкі. І хоць прозвішча ва ўзоры была выдуманае, яна напісала скаргу, у якой запатрабавала ад камісіі змяніць размяшчэнне знаку. Камісія прыслухалася да патрабавання назіральніцы, і размяшчэнне галачкі змянілі, паставіўшы яе насупраць першага прозвішча, дзе ў бюлетэні знаходзілася імя кандыдата ў прэзідэнты С. Гайдукевіча.
Другая скарга, пададзеная ёю, тычылася вынасу скрыні для датэрміновага галасавання з памяшкання для галасавання. Яе выносілі далёка па калідоры ў кабінет, размешчаны на другім канцы будынку. Апроч таго назіральніца запатрабавала, каб кабінет на ноч апячатваўся. На наступны дзень камісія знайшла для скрыні кабінет, размешчаны бліжэй да месца галасавання.
У дзень асноўнага галасавання падчас падліку галасоў актывісткай БНФ была пададзеная скарга адносна адсутнасці галоснай і адкрытай працэдуры падліку галасоў.
Як мяркуе Людміла Церашонкава, на вынікі выбараў вельмі істотна паўплывала тая акалічнасць, што ўлада цалкам выкарыстала магчымасці адміністрацыйнага рэзерву. Праз сродкі масавай інфармацыі народ проста падрыхтавалі, падвялі да неабходнага для ўлады выніку.
Як паказвае практыка, у сучаснай Беларусі звычайнаму грамадзяніну аспрэчыць сваё незаконнае звальненне нагэтулькі ж цяжка, а часам і немагчыма, як немагчыма кандыдату ў прэзідэнты, які прайграў, дамагчыся пераліку галасоў хаця б па адным выбарчым участку, нават маючы для таго досыць важкія падставы.