Вароты ў расстрэльны палігон Курапатаў пазначаны
У Курапатах 10 чэрвеня адбылася чарговая талака па пазначэнні аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі Народнага мемарыялу.
![k_talaka_3_10.6.17_3_logo.jpg k_talaka_3_10.6.17_3_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_3_10.6.17_3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У сумеснай працы па прыборцы гэтага знакавага для беларусаў месца, арганізаванай грамадскай ініцыятывай «Эксперты ў абарону Курапатаў» пры падтрымцы «Маладога Фронту», удзельнічалі іхныя актывісты, а таксама сябры КХП-БНФ, моладзь сталіцы, жыхары мікрараёну Зялёны Луг і ветэраны беларускага нацыянальнага адраджэння.
![k_talaka_10.6.17_1_logo.jpg k_talaka_10.6.17_1_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_10.6.17_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яны разбілі шэраг новых кветнікаў, у тым ліку каля месца, дзе ў выніку раскопак і эксгумацыі былі ўпершыню ідэнтыфікаваныя парэшткі ахвяраў — вязьняў Гарадзенскага астрогу Мойшы Крамера, Мардыхая Шулькеса і Штама, расстраляных у Курапатах летам-ранняй восенню 1940 году, а таксама месца самага масавага забойства ва ўрочышчы, дзе позняй восенню 1938-зімой 1939 гадоў былі расстраляныя энкавэдзістамі не менш за 373 ураджэнцаў Усходняй Беларусі, у тым ліку 19 жанчынаў, асабістыя рэчы якіх былі спаленыя катамі.
![k_talaka_10.6.17_4_logo.jpg k_talaka_10.6.17_4_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_10.6.17_4_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Грамадскія актывісты пазначылі кветнікамі створ варотаў у высокім плоце, які выгароджваў расстрэльны палігон ва ўрочышчы з 1937 па 1941 гады. Цяпер створ варотаў хораша бачны з боку Заслаўскай шашы і самаго ўрочышча.
![k_talaka_10.6.17_2_logo.jpg k_talaka_10.6.17_2_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_10.6.17_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Што сабою ўяўлялі гэтыя вароты ў 1937 годзе? Яны былі шэрыя, непафарбаваныя, з негабляваных, неабразных дошак усутыч, шчыліны між імі закрываліся накладнымі дошкамі-аполкамі. Двустворкавыя вароты былі звычайныя — з дошак і жэрдак, збітых цвікамі, вельмі простыя — без стрэшкі і гзымсаў, досыць вялікія і доўгія, адчыняліся звонку, зачыняліся знадворку на клямку, што накладалася на прабой, куды ўстаўляўся вісячы замок, а таксама знутры — на кручок ці штабу; дзірку ўнізе паміж зямлёй і варотамі закладалі дошкай.
![k_talaka_10.6.16_7_logo.jpg k_talaka_10.6.16_7_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_10.6.16_7_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Апроч таго, удзельнікі талакі даводзілі да ладу і палолі кветнікі, разбітыя раней, чысцілі Народны мемарыял ад смецця і сухога галля, зносілі да дарогаў распіленыя дрэвы.
Хаду талакі асвячалі журналісты беларускіх і польскіх СМІ, у тым ліку праграмны дырэктар Радыё Рацыя Юрка Ляшчынскі з Беластоку, карэспандэнт Польскага радыё Уладзімер Пац, журналіст Радые Рацыя Генадзь Барбарыч. Сярод удзельнікаў талакі — кінарыжысёр Вольга Нікалайчык, грамадскі дзеяч і мовазаўца Вінцук Вячорка, вядомы фермер Уладзімер Матусевіч, які сістэматычна дапамагае грамадскасці расадаю кветак, чарназёмам, садовым рыштункам і каменнем, а таксама слухачы Лятучага ўніверсітэта, якія праводзяць даследаванне па сітуацыі вакол Курапатаў.
![k_talaka_10.6.17_8_logo.jpg k_talaka_10.6.17_8_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_10.6.17_8_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![k_talaka_10.6.17_5_logo.jpg k_talaka_10.6.17_5_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_10.6.17_5_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![k_talaka_10.6.17_9_logo.jpg k_talaka_10.6.17_9_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_10.6.17_9_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![k_talaka_10.6.17_7_logo.jpg k_talaka_10.6.17_7_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_10.6.17_7_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На наступнай талацы, якая распачнецца 17 чэрвеня а 12.00, запланавана пазначыць такія аб’екты гістарычнай тапаграфіі Куропатаў, як месца каля варотаў у плоце, дзе знаходзілася будка ахоўнікаў, а таксама пачатак і канец грунтавога ўчастку «Дарогі смерці» на полі паміж Курапатамі і Экспабелам.