Праваабаронца звярнуўся да начальніка міліцыі з адкрытым лістом
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся да начальніка Добрушскага аддзела ўнутраных спраў з адкрытым лістом.
«Начальніку аддзела ўнутраных спраў
Добрушскага райвыканкама
Гасымаву Уладзіславу Гістамавічу
Адкрыты ліст!
Уладзіслаў Гістамавіч, я Леанід Судаленка, жыхар горада Гомеля, які займаецца пытаннямі абароны правоў чалавека ў сваёй краіне.
8 чэрвеня бягучага года мне стала вядома, што ў падпарадкаваным вам райаддзеле міліцыі да затрыманага грамадзяніну Расіі Мурада Амрыева не дапускаюць расійскага адваката (Маскоўская калегія адвакатаў), які спецыяльна прыбыў для аказання прававой дапамогі.
У гэты ж дзень я разам з беларускім адвакатам (Гомельская абласная калегія адвакатаў), які мае права на аказанне прававой дапамогі, у тым ліку і замежнікам, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, прыбылі ў Добрушскі РАУС для аказання затрыманаму прававой дапамогі.
Затрыманы грамадзянін РФ, просячы палітычнага прытулку ў нашай краіне, патрабаваў прадастаўленне яму адваката. Адвакат у гэты час вёў з вамі перамовы аб допуску яго да затрыманага, але да чалавека, які патрабуе прававой дапамогі, вы ні расійскага, ні беларускага адваката так і не дапусцілі.
Уладзіслаў Гістамавіч у раённай газеце «Добрушскі край» сёння з'явіўся ваш каментар (цытата):
— Для нас затрыманы з'яўляецца шараговым грамадзянінам Расійскай Федэрацыі, які парушыў закон. Ні пра яго самога, ні пра яго праблемы і прычынах уцёкаў з Расіі мы нічога не ведалі. Зрэшты, і пасля паднятага ў інтэрнэт-прасторы ажыятажу мы асабліва гэтымі пытаннямі не цікавіліся. Пры прыняцці рашэння кіраваліся толькі фактамі, сваiм заканадаўствам.
Уладзіслаў Гістамавіч, я ўпэўнены, вам вядома аб праве кожнага чалавека на юрыдычную дапамогу. Нагадаю толькі, што супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь прама забаронена Канстытуцыяй.
Прававое становішча іншаземцаў на тэрыторыі нашай краіны ўстаноўлена Законам «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства», артыкулам 4 якога вызначана, што замежнікі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь карыстаюцца правамі нароўні з яе грамадзянамі. Асаблівасці прававога становішча іншаземцаў, якiя хадайнiчаюць аб прадастаўленні статусу бежанца, рэгулююцца адмысловымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Артыкул 16 названага Закона надзяляе замежнікаў у нашай краіне ўсiмi сродкамi прававой абароны правоў і свабод асобы, якiя прадугледжаны заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.
Замежны грамадзянін, які знаходзіўся пад вашай адказнасцю, заявіў пра палітычны прытулак у нашай краіне, такім чынам, пасля такой заявы на яго сталі распаўсюджвацца і нормы спецыяльнага заканадаўства — Закона «Аб прадастаўленні замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства статусу бежанца, дадатковай і часовай абароны ў Рэспубліцы Беларусь».
Прыводжу артыкул 5 названага Закона: «Замежнікі, якія хадайнічаюць аб абароне і не могуць быць вернутыя або высланыя супраць іх волі на тэрыторыю дзяржавы, дзе iх жыццю або свабодзе пагражае небяспека з прычыны іх расы, веравызнання, грамадзянства, нацыянальнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы ці палітычных перакананняў. Яны таксама не могуць быць вернутыя або высланыя супраць іх волі на тэрыторыю дзяржавы, дзе ім пагражаюць катаванні».
Хаця вы, па вашым жа прызнанні «асабліва не цікавіліся паднятым ў інтэрнэт-прасторы ажыятажам», звязаным з затрыманым грамадзянінам РФ, адзначаю, праверыць прычыны, па якіх іншаземец просіць прытулку ў нашай краіне з'яўлялася вашым святым абавязкам! Такім жа абавязкам, як і дапусціць да чалавека, які патрабуе прававой дапамогі адваката!
Уладзіслаў Гістамавіч! Вы не зрабілі ні таго, ні іншага. Тым самым вы ўзялі на сябе адказнасць за парушэнне Канстытуцыі і заканадаўства Рэспублікі Беларусь!
У мяне пытанне: — заяўляючы пра тое, што вы кіраваліся сваiм заканадаўствам, што вы мелі на ўвазе?
10 чэрвеня 2017г.
г. Гомель, вул. Палеская, 52»
Паводле gomelspring.org