Дымітр Ксёнжэк: Астанкі пераблыталі ў празектарскай у Маскве

Пасля ідэнтыфікацыі, целы загінулых у авіякатастрофе пад Смаленскам былі змешчаныя ў падвале, дзе не было польскіх чыноўнікаў.

На месцы авіякатастрофы

На месцы авіякатастрофы


«Я думаю, што якраз там адбылося перамяшанне астанкаў», — расказаў газеце «Dziennik. Gazeta Prawna», лекар, які суправаджаў у Маскве сваякоў ахвяр, Дымітр Ксёнжэк (Dymitr Książek).
Доктар у шырокім інтэрвію для штодзёнкі распавёў пра тое, што адбывалася ў празектарскай у Маскве пасля катастрофы ў Смаленску. Паводле яго слоў, калі польскія лекары і ратаўнікі вярнуліся ў Варшаву, іх кіраўнік прапанаваў не гаварыць публічна пра тое, што яны бачылі ў Маскве.
«Не было ніякага іншага выйсця, было вядома, што гэтую прапанову нельга адкінуць. Тады яшчэ ніхто з нас не ведаў, якія словы прагучаць у Сейме. Я маю на думцы тое, што скажа міністар Эва Копач аб тым, што нібыта дакладна быў абследаваны кожны фрагмент цела», — адзначае Ксёнжэк. «Але мы там былі з ёю і бачылі, што не быў вывучаны кожны кавалачак цела, што да ўскрыцця цел не былі дапушчаныя польскія патолагаанатамы», — падкрэсліў лекар у інтэрв'ю.
Адказваючы на пытанне аб польскіх пракурорах, Ксёнжэк сказаў, што яны не «стаялі каля празектарскага стала, не глядзелі, не назіралі, не кантралявалі, толькі час ад часу ўваходзілі й выходзілі. «Пасля, на сустрэчы ў гасцініцы ўсе родныя загінулых пачулі, што ўсё знаходзіцца пад кантролем, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з працэдурамі», — распавёў Ксёнжэк, які ў Маскве суправаджаў родных загінулых пад Смаленскам.
Паводле беларускай службы Польскага радыё