Вернікі адмовіліся забіраць рэчы з Чырвонага касцёла
Касцельны камітэт Чырвонага касцёла не здаецца. «Мы адмаўляемся выносіць рэчы з касцёла», — заявілі яны. А таксама не згодныя, што ва ўлады і вернікаў атрымаўся «канструктыўны дыялог».
16 кастрычніка адбылося
пасяджэнне касцельнага камітэта парафіі Святога Сымона і Святой Алены, на якім
удзельнікі абмеркавалі бягучую сітуацыю, паведамляе «Хрысціянская візія».
Прыводзім ліст камітэта цалкам:
1. Касцельны камітэт катэгарычна не згодны з пастаноўкай пытання аб раптоўным скасаванні дамовы арэнды. Парафію прымушаюць імгненна вызваліць памяшканне касцёла і плябаніі, на што парафія не мае ні фізічных, ні юрыдычных, ні матэрыяльных сродкаў.
На наша запатрабаванне (№30 ад 10.10.2022 «Аб прадстаўленні дакументаў»), дасланае ў КУП «Мінская спадчына» з просьбай прадаставіць копію або даць магчымасць азнаёміцца з дакументацыяй, якая на сённяшні дзень знаходзіцца ў касцёле і да якой не маюць доступу прадстаўнікі касцёла, адказу няма. А адсутнасць магчымасці працаваць з дакументацыяй паралізавала юрыдычную і фінансавую дзейнасць парафіі. Нам таксама не прадстаўлены і акт агляду памяшканняў комплексу будынкаў Чырвонага касцёла ад 03.10.2022. Толькі атрымаўшы неабходныя дакументы, мы можам прадметна разглядаць справу і абмяркоўваць варыянты дзеянняў.
2. Падрыхтоўкай касцёла да восеньска-зімовага перыяду займаецца КУП «Мінская спадчына». Менавіта гэта арганізацыя рыхтуе пашпарт гатоўнасці да восеньска-зімовага перыяду, у тым ліку адказвае і за спраўнасць ліній электрасетак і электраабсталявання. Таму мы не згодны з абвінавачваннем парафіі ў меркаванай прычыне ўзгарання, якая адзначана ў Пратаколе №5 ад 26.09.2022 пасяджэння камісіі па надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска: «парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання». Узгаранне адбылося ноччу, калі нагрузка на электрасеткі была мінімальная.
3. Паколькі да гэтага дня ні прадстаўнікам касцельнага камітэта, ні святарам, якія служаць у касцёле, ні біскупам, ні нават Мітрапаліту не была дадзена магчымасць убачыць сваімі вачыма пашкоджанні і пераканацца ў аварыйным стане касцёла (а ўзгаранне пацверджана толькі ў прыбудове да касцёла), то мы адмаўляемся выносіць рэчы з касцёла, бо лічым гэта беспадстаўным і немагчымым па вышэй азначанай прычыне. Тое, што прадстаўнікам парафіі забаронены ўваход у касцёл, а для супрацоўнікаў КУП «Мінская спадчына» і іншых арганізацый ён не абмежаваны, выклікае недавер і падазронасць.
4. Акрамя гэтага мы не атрымалі адказу на пытанне, ці быў складзены акт апісання касцельнай маёмасці, што знаходзіцца ўнутры будынка, не паведамлена, якая ўстанова і ў чыёй асобе нясе адказнасць за яе захаванне і таксама за грашовыя ахвяраванні вернікаў, якія знаходзяцца ўнутры будынка, хто праводзіў перапіс і ўлік азначанага вышэй. Нам таксама не прадставілі дакументы, на падставе якіх для нас абмежаваны доступ у касцёл.
5. Да гэтага часу не выкананы п.1.1.5. пратакола пасяджэння камісіі па надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска аб стварэнні СУМЕСНАЙ камісіі з прадстаўнікамі КУП «Мінская спадчына» і парафіі па вызначэнні пашкоджанняў і наступстваў узгарання.
6. Такім чынам, усе азначаныя пытанні не вырашаны, а парафія засталася сам-насам з пагрозай страты касцельных каштоўнасцей, а менавіта культавых рэчаў, архіваў, бібліятэкі, прыстасаванняў і механізмаў, патрэбных пры ажыццяўленні штодзённай дзейнасці касцёла. Таму мы не згодны, што на сустрэчы прадстаўнікоў Касцёла з прадстаўнікамі ўлады па справе Чырвонага касцёла 14.10. у Мінгарвыканкаме атрымаўся «канструктыўны дыялог».
7. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей падкрэсліў, што «гэта — касцёл». Сапраўды так, гэта — сакральнае, асвечанае месца. Таму і рамонт у ім павінен адбывацца пад пэўным наглядам і з блаславення духоўных асоб.
8. Касцельны камітэт прапануе зрабіць у найхутчэйшы тэрмін патрэбны рамонт за кошт парафіі (ахвяраванні і праца вернікаў), без прыцягнення бюджэтных сродкаў.
9. Касцельны камітэт адзінагалосна пастанавіў хадайнічаць у кампетэнтныя органы аб перадачы будынка касцёла на баланс парафіі.
Чакаем вашай падтрымкі і малітвы.
Касцельны камітэт парафіі Святога Сымона і Святой Алены
Нагадаем, як пісаў НЧ, 6 кастрычніка стала вядома, што ўлады вырашылі скасаваць дамову карыстання Чырвоным касцёлам з суполкай «Рымска-каталіцкая парафія Святога Сымона і святой Алены». Адпаведнае апавяшчэнне атрымалі касцельныя ўлады.
Ад вернікаў затрабавалі забраць маёмасць з храма на працягу некалькіх дзён.