Віцебскаму ўрачу Ігару Пастнову змянілі ўтрыманне ў псіхбальніцы на дзённы стацыянар
Віцебскага ўрача Ігара Пастнова 20 верасня перавялі з псіхіятрычнай бальніцы на ўтрыманне ў дзённым стацыянары.
Ігар Пастноў апынуўся на лячэнні ў псіхіятрычнай бальніцы пасля свайго апошняга відэавыступлення ў інтэрнэце. Ён выказаў крытычныя меркаванні аб стане віцебскай медыцыны, прымусовым кадзіраванні
ад алкагалізму, а таксама заявіў, што яго запалохваюць прымусовым псіхіятрычным лячэннем. 16 жніўня Пастнова забралі ў лячэбніцу з працы. 29 жніўня праваабарончая арганізацыя "Міжнародная
амністыя" заявіла пра гатоўнасць прызнаць Ігара Пастнова вязнем сумлення.
"Я яшчэ абсалютна не вызвалены, а пераведзены на дзённы стацыянар і павінен пастаянна туды з'яўляцца, гэта значыць як бы вызвалены "ўмоўна-датэрмінова". Лячэнне ў той
жа самай бальніцы, я павінен з'яўляцца нават у выхадныя дні. Але самае галоўнае — спынілі псіхіятрычнае лячэнне. Мяне там больш за ўсё прыгнятала лячэнне
псіхатропамі", — сказаў Пастноў у інтэрв'ю БелаПАН пасля выхаду з бальніцы.
"Праўда, мне далі падпісаць паперу, што я нібыта добраахвотна на дзённы стацыянар перайшоў. Але, самі разумееце, калі б я не перайшоў на дзённы стацыянар, то гэта было б яшчэ пытанне,
выпусцілі б мяне ці не выпусцілі", — дапоўніў урач.
"Дыягназ мне паставілі — "паталогія развіцця асобы па параноіднаму тыпу". Гэта значыць усе мае выступленні спрабуюць звесці да таго, што вось я, маўляў, спецыяльна
такі скаржнік і гэтаму падобнае. Хоць я лічу, што абараняць трэба не мяне. Ведаеце, што мне было прад'яўлена? У суд была накіравана папера, дзе мне было прад'яўлена "парушэнне
сацыяльнага функцыянавання і сацыяльнай адаптацыі". Таму суд палічыў немагчымым пакінуць мяне без лячэння і прыняў рашэнне аб абавязковым лячэнні", — адзначыў
Пастноў.
"Але ж гэта было сказана не пра нейкага бамжа, які ляжаў у лужыне мачы і ні з кім не кантактаваў, — прадоўжыў ён. — Гэта было сказана пра ўрача з вышэйшай адукацыяй,
які працаваў на паўтары стаўкі на той час, меў тры пісьмовыя падзякі".
Пастноў лічыць, што падобную, выпрабаваную на ім сістэму барацьбы з іншадумствам неабходна спыніць. "Атрымліваецца, калі мы не згодныя з чыім-небудзь меркаваннем, аб'яўляеш гэтае
меркаванне трызненнем і парушаеш яго сацыяльнае функцыянаванне. Але ў мяне ёсць знаёмыя праваабаронцы, таму мы цяпер спрабуем звяртацца ў суд і даказаць, што ўсё гэта, канешне, было незаконна, шыта
белымі ніткамі. Але самае страшнае, што ўсе, пачынаючы ад генеральнага пракурора да самага звычайнага суддзі, лічаць, што мае законныя правы не былі парушаныя", — дадаў
ён.
Пры гэтым урач падкрэсліў, што ні разу не прыцягваўся да адказнасці за нейкія парушэнні, нават у адміністрацыйным парадку. "Я заўсёды гаварыў: давайце канструктыўна працаваць з
уладай, давайце будзем сумленна працаваць і гэтак далей. Я быў упэўнены, што калі чалавек сумленна працуе, не ходзіць ні на якія мітынгі або правакацыі, то яго ніхто не кране. А тут,
аказваецца, я стаў небяспечным для свайго здароўя", — заявіў Пастноў.
"Ну так, крыху не меў я рацыі, канешне, у сваіх выказваннях. Ну так, пачынала мяне крыху заносіць у сваіх параўнаннях стаўлення да бамжоў з доктарам Менгеле. Гэта не зусім правільна, таму што
бамжам у бальніцы, канешне, дапамагалі. Але зразумейце, можна ж было выклікаць мяне ў пракуратуру, зрабіць нейкае папярэджанне", — сказаў Пастноў.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што да яго самога ў псіхіятрычнай бальніцы "ставіліся вельмі добра". "Знаходзіўся я ў палаце пад назіраннем, але гэта толькі таму, што я з
першага дня адмовіўся ад лячэння. Спрабавалі мне пачаць заліваць сілай "карэктар паводзін" — я адмовіўся. Потым пачалі рабіць уколы. Пераварочвалі і рабілі. Я, так бы мовіць,
праяўляў пасіўнае супраціўленне. Але ў прынцыпе стаўленне персаналу было паважлівае", — сказаў Пастноў.
"Страх у тым, што калі чалавек трапляе ў такую бальніцу, там адразу пачынаюць уступаць правы закона аб псіхіятрыі, дзе на падставе асобных артыкулаў чалавек адразу абмяжоўваецца ў тэлефоне,
перапісцы — дзеля яго здароўя. Прычым цяпер не ўказана, што ўрач гэта павінен абгрунтоўваць. Проста яму так здаецца, і ўсё. Я ні на адным судзе не быў, таму што гэта нібыта
"супрацьпаказана майму здароўю". Разумееце? На касацыйны суд не пусцілі ні адваката, ні мяне. Вось дзе агіднасць твораць! Таму трэба яшчэ і яшчэ раз паставіць пытанне не аб тым, як да
мяне ставіліся, а аб тым, як працуе сёння закон аб псіхіятрыі і як з дапамогай яго можна людзей ламаць і гэтак далей", — адзначыў Пастноў.
"Я гатовы заявіць на ўвесь свет, што паталогія характару гэта не нейкае вар'яцтва. Гэта проста паталогія характару. Я някепскі доктар. Калі мне перакрыюць працу тут —
паеду ў раён або педыятрам, або яшчэ кімсьці", — дадаў ён.
Пры гэтым урач асабліва падкрэсліў сваю ўпэўненасць у тым, што сёння ўсім праваабарончым рухам у Беларусі неабходна аб'ядноўвацца, каб спыніць тое, што адбываецца. "Вялікі
дзякуй усім нашым праваабаронцам, якія мне дапамаглі. Але галоўная мая просьба, каб усе яны аб'ядноўваліся, таму што позна будзе. Перасаджаюць усіх па адным", — заявіў
Пастноў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН