БХД патрабуе вызвалення доктара Ігара Пастнова

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя выказвае рашучы пратэст супраць выкарыстання псіхіятрычных лячэбных устаноў Беларусі ў рэпрэсіўных мэтах.



postnov1.jpg

Мы звяртаем увагу на тое, што ў Беларусь вяртаецца савецкая практыка карнай псіхіятрыі. Віцебскага доктара Ігара Пастнова, які неаднаразова выступаў з крытыкай улады, ужо амаль месяц прымусова ўтрымліваюць у псіхбальніцы.

Ігар Пастноў вядомы ў Беларусі сваімі ролікамі ў інтэрнэце, у якіх ён крытыкаваў стан сістэмы аховы здароўя ў Віцебскай вобласці. У выніку Пастноў некалькі разоў губляў працу.

16 жніўня з санкцыі пракурора Пастнова змясцілі для прымусовага лячэння ў закрытае аддзяленне Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі. Суд, які разглядаў справу аб шпіталізацыі, праходзіў у закрытым рэжыме без удзелу падсуднага і яго адваката. Ізаляцыя Пастнова супала па часе са з'яўленнем яго крытычных матэрыялаў аб гэтай бальніцы і заявы аб запалохванні яго прымусовым псіхіятрычным лячэннем.

Мы патрабуем вызвалення Ігара Пfстнова і правядзення незалежнай медыцынскай экспертызы стану яго здароўя. Мы падтрымліваем намеры Міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Amnesty International" разгледзець пытанне аб прызнанні Пастнова вязнем сумлення.

Мы патрабуем спыніць гвалт над здароўем людзей па палітычных замовах.

Мы заклікаем усе незалежныя дэмакратычныя арганізацыі Беларусі прызнаць Ігара Пастнова вязнем сумлення.
Прэсавая служба БХД