“Вігеўрабуд” плануе забудаваць паўночную частку ахоўнай зоны Курапатаў

Новыя межы ахоўнай зоны ў Курапатах не задавальняюць інвестараў і яны працягваюць захады па змене гэтых межаў, каб забудаваць прылеглую да нацыянальнага некропалю тэрыторыю ахоўнай зоны помніка.



Размова ідзе пра намеры забудоўшчыка катэджнага пасёлку “Сонечны” ТДА “Вігеўрабуд”, якое ў паўночнай частцы ахоўнай зоны Курапатаў раней незаконна збудавала ачышчальны комплекс з вадаёмам, а зараз робіць захады, каб вакол гэтых збудаванняў ўзвесці і жылую забудову

Кіраўніцтва “Вігеўрабуду” прапануе змяніць межы ахоўнай зоны з поўначы ад Курапатаў такім чынам, каб пакінуць буфер паміж гістарычна­культурнай каштоўнасцю і жылой забудовай ў выглядзе палоскі зямлі шырыней у некалькі дзесяткаў метраў, а астатнюю частку тэрыторыі ахоўнай зоны народнага мемарыяла перадаць забудоўцам. Такім чынам кіраўніцтва “Вігеўрабуду” імкнецца вырашыць дзве праблемы: вынесці ачышчальныя збудаванні з вадаёмам па­за межы ахоўнай зоны, большая частка якой будзе выкарыстана для пашырэння тэрыторыі жылой забудовы катэджнага пасёлку “Сонечны”.

 

Калі сталі вядомыя гэтыя захады “Вігеўрабуду”, узгадаліся паводзіны прадстаўніка ягонага кіраўніцтва падчас паседжання Беларускай рэспубліканскай навукова­-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, што адбылося 27 лістапада 2013 году ў Мінску. Паводзіны гэтага бізнэсоўца выглядалі проста дзіўна, бо ён у жорсткім катэгарычным тоне патрабаваў ад сябраў рады перадаць “Вігеўрабуду” частку тэрыторыі ахоўнай зоны на поўнач ад Курапатаў пад жылую забудову, добра ўсведамляючы, што такія патрабаванні супярэчаць закону. І, калі ў сваім маналогу прадпрымальнік узвысіў голас, спасылаючыся на падтрымку вышэйшага чынавенства краіны, сябры рады панурылі  галавы ды моўчкі зносілі такі здзек з закону, сябе і Курапатаў...

Нагадаем, восенню 2012 года ў заходняй частцы ахоўнай зоны Курапатаў СТАА “БелРэстІнвест” незаконна пабудавала рэстаранна­-забаўляльны клмплекс з першапачатковай назвай “Бульбаш­хол”. Гэтае беззаконне было ўведзена ў прававое поле новым праектам зонаў аховы Курапатаў, зацверджаным пастановай Міністэрства культуры № 70 ад 1 снежня 2014 года.

Час пакажа, ці здолеюць новы праект зонаў аховы Курапатаў, заканадаўства аб ахове спадчыны і дзяржаўныя структуры абараніць народны мемарыял ад непамерных апетытаў інвестараў.

Фота аўтара