Пачаўся збор подпісаў пад адкрытым лістом у абарону Курапатаў

30 красавіка пачаўся збор подпісаў пад адкрытым лістом беларускай грамадскасці да забудоўцаў тэрыторыі каля Курапатаў — СТАА “БелРэстІнвест” і ТДА “Вігеўрабуд”.



kurapaty_adkryty_l_st_2.jpg

Рэстаранна-забаўляльны комплекс узведзены “БелРэстІнвестам” ля самых Курапатаў з іх заходняга боку.

Як вядома, у апошнія гады гэтыя інвестары здзейснілі незаконнае будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў — “БелРэстІнвест” узвёў рэстаранна-забаўляльны комплекс з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол” з заходняга боку народнага мемарыяла, а “Вігеўрабуд” — ачышчальныя збудаванні з вадаёмам для працягу катэджнага пасёлку “Сонечны” з паўночнага боку ўрочышча.

  

kurapati_adkriti_l_st_1.jpg

Ласыя кавалкі зямлі каля Курапатаў, што месціцца ўздоўж МКАД, вабяць забудоўцаў

У акрытым лісце, між іншым, зазначаецца, што да бізнэсоўцаў звяртаюцца “неабыякавыя грамадзяне, каго хвалюе лёс Курапатаў — месца згубы тысячаў бязвінных ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў.Пабудаваўшы на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў аб’ект прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол” і ачышчальныя збудаванні з вадаёмам, Вы не толькі парушылі заканадаўства, але і кінулі своеасаблівы цынічны выклік духоўным традыцыям нацыі з яе паважлівым стаўленнем да памяці продкаў. Аднак дзяржава, на вялікі жаль, адмовілася выконваць свой прамы абавязак і бараніць ад беззаконня Курапаты — гэты велічны помнік трагедыі беларускага народа”.

kurapati_adkriti_l_st_3.jpg

Вузкая палоска зямлі аддзяляе Курапаты (справа) ад рэстаранна-забаўляльнага комплексу (злева)

“Таму мы звяртаемся да Вашага сумлення, якое не павінна дапусціць здзеку з нацыянальнай святыні беларусаў, і просім Вас па добрай волі вынесці па-за межы ахоўнай зоны Курапатаў незаконна ўзведзеныя аб’екты, а таксама адмовіцца ад планаў па далейшай забудове недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны гэтай унікальнай нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння”, падкрэсліваецца ў звороце.

Яго падпісанты адзначаюць, што ўадваротным выпадку прадпрымальнікам альбо іхнім нашчадкам давядзецца адказваць перад беларусамі за незаконныя дзеянні і здзек з Курапатаў.

kurapati_adkriti_l_st_4.jpg

Катэджны пасёлак “Сонечны” пабудаваны “Вігеўрабудам” па-за межамі ахоўнай зоны Курапатаў з іх паўночна-усходняга боку.

Сярод першых падпісантаў адкрытага ліста — 86-гадовы старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, культуролаг Вацлаў Арэшка, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў і юрыстка Тамара Сяргей.

kurapati_adkriti_l_st_5.jpg

Бізнэсоўцы жадаюць працягнуць “Сонечны” на тэрыторыю ахоўнай зоны Курапатаў з поўначы ад народнага мемарыялу.