Віктар Марціновіч: Чым скончыцца сітуацыя з TUT.by

Пісьменнік Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра магчымае развіццё падзей вакол парталу TUT.by.

image_mzm4nzu1odiy.jpg.webp


Я бачыў, як закрывалася папяровая «БДГ». Як тое самае адбывалася з «Імем», з часопісам «Кур’ер» Ігара Герменчука.
Як прыпынялі існаванне незалежная FM-радыёстанцыя 101.2 — «у мэтах пазбягання перашкодаў на РТС «Алтай».
Як стопілі праграму «Праспект» на ТБ з яе вядоўцам Паўлам Шараметам.
Як выкідалі незалежныя газеты з «Белсаюздруку» і як скарачалі падпісныя каталогі роўна на колькасць папулярных недзяржаўных выданняў.
То ведаю, што істотна ў такіх выпадках, а што неістотна.
Неістотным ёсць афіцыйнае абгрунтаванне.
Бо «прад’явіць» можна што заўгодна, у гэткай краіне любая прэтэнзія — нават самая сюрная — можа стаць апошняй.
Неістотным таксама з’яўляецца пытанне «за што дакладна». Яны займаліся незалежнай журналістыкай — вось за што.
Тое, што ў ТУТ.by прыйдуць, стала зразумела прыкладна ў ліпені 2020-га, калі рэдакцыя (і ўласнікі!) занялі прынцыповую і вельмі годную пазіцыю што да падзеяў, якія разгортваліся ў краіне.
Важнае ў такіх выпадках пытанне: гэта стрэл у паветра ці ў галаву?
Папярэджанне ці ліквідацыя?
Дык вось, на жаль, увесь мой вопыт падказвае, што мы мусім сказаць вялікі дзякуй гэтаму папулярнаму, прыстойнаму і вельмі рэспектабельнаму рэсурсу.
Таму што, у адрозненне ад папярэдняй позвы, гэта ўжо не папярэджанне.
Гэта — усё.
Далей прынцыповай ёсць дакладная стратэгія ліквідацыі TUT.by.
Да моманту, пакуль не пачалася блакада рэсурсу, я быў упэўнены, што праводзіцца спецаперацыя пад назвай «прымусовая змена ўласніка».
Прычыны для абірання гэтай стратэгіі — дзве.
Па-першае, эканоміка менш таксічная для знешніх назіральнікаў, хаця на пазіцыю ЕС і ЗША ў Беларусі канчаткова і даўно забілі.
Па-другое, і гэта важнейшае, — фізічнае прыпыненне працы сайта не гарантуе перамогі над кантэнтам, які гэты сайт генераваў. Бо акрамя сайта ёсць яшчэ сацыяльныя медыя, ёсць ТГ-канал з дзясяткамі тысяч чытачоў. І калі пайсці натаптанай сцежкай і абвясціць сайт TUT.by «экстрэмісцкім» — гэта не спыніць, а толькі запаволіць разыходжанне кантэнту.
Таму ўдар пайшоў па кішэні. Яны думаюць, што сумленне ўсіх, хто рабіў TUT.by, можна калі не купіць, дык перакупіць.
Пра тое, што рыхтуецца змена ўласніка, у першыя дзве гадзіны казала ўсё.
Напрыклад — што адначасова прыйшлі ў Av.by і Hoster.by.
Што сфармуляваныя прэтэнзіі тычыліся асаблівага статусу TUT у межах Парку высокіх тэхналогій. Што казалася пра «выкарыстанне дзяржаўнай падтрымкі», а таксама «шкоду, нанесеную ў асабліва буйных памерах».
Звычайна ў Беларусі гэта азначае замыканне ўласнікаў і ўсіх датычных да эканамічнага існавання прыбытковай кампаніі ў СІЗА ажно да часу, калі яны, па-першае, «кампенсуюць шкоду», а па-другое — непублічна пагодзяцца свой бізнес аддаць.
І я нават магу сабе ўявіць кола патэнцыйных новых уласнікаў партала — гэта будуць найменш таксічныя з набліжаных да сістэмы алігархаў, каб захаваць хаця б малюткі шанец, што чытачы не заўважаць ці прабачаць.
Але як паказвае зноў такі вопыт, у выпадку з вялізнымі медыйнымі кампаніямі стратэгія, выпрацаваная для адціскання прыватных заводаў, рэстаранаў, рознічных сетак, не спрацоўвае.
Бо сутнасць дзейнасці іншая і калектыў іншы.
Яшчэ па вопыце НТВ (і пазней — Lenta.ru) мы ведаем, што частка рэдактараў абавязкова абвесціць пра свой сыход і забярэ з сабой найлепшых журналістаў. А тыя, што застануцца, здольныя будуць рабіць хіба што кантэнт «новага НТВ», з вусатымі дзядзечкамі, якія задуменна смакуюць серыйныя забойствы.
Гэта вядзе да таго, што шматабяцальны актыў зусім не радуе новых уласнікаў, зусім не радуе.
З іншага боку — тое ж НТВ паказала, што спадзявацца на гледачоў, на шматлікія пратэсты тых, што страцілі любімую крыніцу інфармацыі, беспадстаўна.
Бараніць НТВ у Маскве выйшла 7000 чалавек.
І НТВ проста не стала.
Так будзе і з TUT.by, калі праз 6 месяцаў нам прадставяць новы праект, «такі ж, як быў, толькі лепшы».
Наведванне ў яго будзе супастаўным з наведваннем ТГ-канала «Советская Белоруссія» пасля таго, як яго ўласніка знайшлі і змянілі.
З іншага боку, я бачу, што ў запасе ёсць і другі варыянт.
Пра гэта сведчыць тое, што ў прынцыпе абмежавалі доступ да сайта.
Трэба разумець, што кожную гадзіну блакавання новы патэнцыйны ўласнік страчвае напрацаваную TUT.by аўдыторыю.
І блакаванне падрывае ягоны патэнцыйны прыбытак, хай сабе і забяспечваючы маўчанне партала ў самы адказны час, калі ідзе пікавае наведванне і ёсць шанец паспець сфармуляваць сваю праўду.
І гэта можа сведчыць, што, калі дамовіцца з уласнікамі не атрымаецца, TUT.by як асяродак проста знікне, пойдзе туды ж, куды пайшлі 101.2, папяровая «БДГ» і праграма «Праспект» на ТБ.
Так ці інакш, мы проста цяпер — сведкі велізарнай страты, якая пакіне ў інфармацыйным ландшафце незагойную дзіру.