«Пасля атакі на TUT.BY чацвёрты пакет санкцый будзе ўведзены ў бліжэйшы час»
Эксперт — пра наступствы спецаперацыі ўлад супраць найбуйнейшага інфармацыйнага партала Беларусі.
— Гэта не першая атака на TUT.BY. Мне здаецца, што галоўным матывам цяперашняй кампаніі з’яўляецца тая значная роля партала, якую ён адыграў у асвятленні палітычнага крызісу ў краіне, — выказаў сваё меркаванне ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі. — З улікам таго, што беларускія ўлады цалкам прайгралі інфармацыйную бітву за розумы і сэрцы беларусаў, таксама яны не маюць канкурэнтаздольных дзяржаўных медыя, усе іх дзеянні ўзнаўляюць такі рэпрэсіўны трэнд.
Спачатку было зачышчана палітычнае поле і інфраструктура грамадзянскай супольнасці, а цяпер, адпаведна, працягваюць зачышчацца незалежныя медыі як праваднікі нейкага альтэрнатыўнага пункту гледжання. Асабліва пад ударам аказаліся рэсурсы, якія маюць смеласць крытыкаваць дзеянні ўлад.
Вынікам атакі на TUT.BY, лічыць палітолаг, можа стаць узмацненне ціску Захаду.
— Я думаю, што сёння пастаўленая мэта калі не знішчыць TUT.BY у тым выглядзе, у якім мы яго ведаем, то ўзяць пад кантроль. І гэтая гісторыя павінна паслужыць такім прыкладам для застрашвання астатніх гульцоў медыярынку і падштурхнуць іх у бок нейкай самацэнзуры.
Але гэтая атака толькі дэманструе слабасць пазіцыі беларускіх улад, не кажучы ўжо пра тое, што падобныя дзеянні прывядуць да ўзмацнення санкцыйнага ціску з боку заходніх краін.
Па сутнасці, беларускія ўлады ўласным рукамі ствараюць сабе праблемы, дадаўшы падставы для ўвядзення новых пакетаў санкцый заходнімі краінамі. Адказ будзе, безумоўна.
Я думаю, што калі да сённяшняга дня паміж краінамі Еўрасаюза ішлі дыскусіі з нагоды мэтазгоднасці ўвядзення чацвёртага пакета санкцый, то пасля сённяшніх падзей гэтае пытанне практычна перадвызначанае. Я ўпэўнены, што чацвёрты пакет будзе ўведзены ў бліжэйшы час і адразу ж пачнецца распрацоўка пятага, — адзначыў суразмоўца «Салідарнасці».
Рост пратэсных настрояў і недаверу да ўлады ён лічыць яшчэ адным следствам таго, што адбылося.
— Яшчэ адным эфектам гэтай атакі стане рост латэнтных пратэсных настрояў і яшчэ большага недаверу да ўлады.
Я не думаю, што TUT.BY вырашаць замясціць нейкімі альтэрнатывамі, у тым ліку расійскімі, як мяркуюць некаторыя. У якасці аналогіі можна нагадаць адмову ў рэгістрацыі прарасійскай партыі «Саюз».
Справа ў тым, што галоўнай мэтай, якую ставіць перад сабой гэта кіраўніцтва краіны, з’яўляецца татальны кантроль грамадска-палітычнай прасторы і медыяландшафта. Бо гэта, з пункту гледжання беларускіх улад, і ёсць гарантыя таго, што сітуацыя будзе заставацца пад кантролем.
Любыя празаходнія, прарасійскія ці беларускія незалежныя СМІ, калі яны не знаходзяцца пад кантролем беларускіх улад, уяўляюць пагрозу для стабільнасці.