Кіраўнік МЗС Літвы прапанаваў TUT.BY прытулак у Літве

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс асудзіў атаку на партал TUT.BY і прапанаваў дапамогу беларусам.

landsbergis_1.jpg


«Цяжка бачыць рэпрэсіі нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да аднаго з апошніх беларускіх незалежных навінавых сайтаў TUT.BY і яго журналістаў. Літва гатовая прапанаваць дом удалечыні ад дома ўсім тым, хто шукае прытулку. Разам мы пераможам тыранію і хлусню», — цытуе Ландсбергіса REFORM.by.

Нагадаем, учора ў офісе TUT.BY, у афіляваных з парталам кампаніях, у журналістаў і рэдактараў прайшлі ператрусы. Доступ да партала заблакаваны Міністэрствам інфармацыі. Затрыманы мінімум 14 чалавек.

ТАА «ТУТ БАЙ медыя» абвінавачваюць у нясплаце падаткаў. Нібыта ў 2019 годзе «ТУТ БАЙ медыя» атрымала статус рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій (ПВТ). Паводле даных Дэпартамента фінансавых расследаванняў, таварыствам «была атрымана выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ».