«Як бы гэты Варонеж не стаў для беларускіх улад Сталінградам»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ўзгадвае выслоўе «бамбіць Варонеж» і ва ўласцівай яму публіцыстычнай манеры разважае, да чаго прывядзе атака на TUT.BY.

photo_2021_05_18_19_06_50.jpg


Усё ж такі беларускія ўлады выбралі на ролю свайго Варонежа TUT.BY. Яно, можа, і не дзіўна. Калі ты сігналіш зацікаўленым бакам з усіх сіл, а яны ў тваіх сігналах наогул не зацікаўленыя, то няма ніякага спосабу прыцягнуць да сябе ўвагу, акрамя як утварыць якую-небудзь зусім ужо непрыстойнасць. Тым больш, калі можна сумясціць прыемнае для сябе з тым, што ты лічыш карысным.

Але калі ты сігналіш прамой наводкай па рэсурсе з трыма мільёнамі чытачоў, аскепкі могуць разляцецца далёка і ўдарыць балюча. І нешта ў мяне ёсць сумневы адносна таго, што ўлады змаглі разлічыць траекторыю кожнага. Не царская гэта справа — думаць пра наступствы. Асабліва калі душыць крыўда за бензін і выгнанне з «Еўрабачання».

Але калі пра наступствы ўсё-ткі падумаць, то першым у галаву, вядома, прыходзіць Міхайла Васільевіч Ламаносаў. Пра тое, што калі ў адным месцы чаго-небудзь зменшыцца, то ў іншым абавязкова прыбудзе. І яно ж не ў тэлевізары прыбудзе, а зусім наадварот (пад тэлевізарам я ў дадзеным выпадку маю на ўвазе ўвесь комплекс медыя, якія сведчаць пра стабільнасць). І замест аднаго рэсурсу, звязанага правіламі аб’ектыўнай журналістыкі, улады атрымаюць дзясятак, якія ўжо ні ў чым сабе не будуць адмаўляць. Таму што там, дзе ў TUT.BY былі правілы, у іх будзе ўжо адна толькі непрыязнасць да бягучай улады.

А фармальная падстава, якую ўлады сабе вынайшлі — гэта, вядома, прывітанне тым рамантычным прагматыкам з ПВТ, якія думаюць, што грошы не пахнуць. Уласна, не толькі тым, якія ў ПВТ, а любому, хто вырашыў, што беларускім уладам можна ў чым-небудзь верыць. Таму што, калі ў TUT.BY можна адабраць спецыяльны статус заднім чыслом, то няма ніякіх прычын думаць, што яго нельга адабраць у каго-небудзь яшчэ па тых жа самых правілах.

Ну, і зрабіць ўражанне на замежжа уладам, вядома, таксама ўдалося. Таму што, як ні сумна, але прысуды за ідэалагічна сумнеўныя шкарпэткі сталі ўжо руцінай паўсядзённага беларускага жыцця, каб замежныя бюракраты на іх рэагавалі. А тут у бюракратаў з’явіўся новы стымул, ды яшчэ такі пераканаўчы. Вунь з учарашняга дня «Белнафтахім» перастаў адрозніваць наваполацкі бензін ад мазырскага (у сэнсе, выстаўляючы на таргі, перастаў указваць месца вытворчасці). Так цяпер улады прастымулявалі амерыканскі Мінфін не разбірацца ў тонкасцях паходжання, а забаніць увесь беларускі бензін разам.

Падвышаючы ўзровень стабільнасці, каб усе баяліся, улады разам з ім павышаюць і градус непрыязнасці. А калі ў людзей забіраюць легальныя спосабы падзяліцца сваёй незадаволенасцю, у іх застаюцца нелегальныя. Вось, як бы гэты Варонеж не стаў для беларускіх улад Валгаградам. Або Сталінградам, калі ім ранейшая назва больш звыклая.