«Вірус — ад перапуду». Як дапамагаюць бяздомным у час пандэміі, у якую яны не вераць

Stay at home (заставайцеся дома) — самы папулярны сёлета ў свеце лозунг у сувязі з пандэміяй COVID-19. Але ёсць тыя, хто пры ўсім жаданні не можа яго прытрымлівацца, і гаворка тут не пра дактароў. Бяздомныя — адна з уразлівых груп падчас пандэміі. Але ці ўсведамляюць гэта яны самі? Ці змянілася іх жыццё ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі? І што робяць валанцёры і арганізацыі, каб ім дапамагчы?

У такіх бітонах актывісты ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» прыносяць ежу бяздомным

У такіх бітонах актывісты ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» прыносяць ежу бяздомным


Як заставацца дома тым, у каго яго няма?

Толькі афіцыйна ў Мінску зарэгістравана тры сотні бяздомных. Гэта тыя, хто перыядычна начуе ў дзяржаўным доме начнога знаходжання на вуліцы Ваўпшасава. Тут людзям без пэўнага месца жыхарства, апроч начлегу, прадастаўляюць адзенне, абутак, забяспечваюць прадуктамі харчавання за кошт гуманітарнай і дабрачыннай дапамогі, могуць аказаць першую медыцынскую дапамогу, дапамагаюць у атрыманні дакументаў. Але тут дзейнічае важнае правіла: у начлежку пускаюць толькі людзей у цвярозым стане.

Цяпер ва ўстанове, разлічанай на адначасовае знаходжанне 92 чалавек, пражываюць каля 80 бяздомных. Некалькі тыдняў таму тут усталявалі дадатковую палатку на 20 месцаў на выпадак, калі ложкаў у начлежцы не будзе хапаць.

— Цяпер у нас усё спакойна, выпадкаў заражэння каронавірусам няма. Але мы падрыхтаваліся да непрадбачаных сітуацый: абмежавалі наведванні для старонніх, памяшканні апрацоўваем кожныя тры гадзіны, вымяраем тэмпературу тым, хто пражывае, і персаналу два разы на дзень, а на ўваходзе ёсць інфрачырвоны тэрмометр. Калі бяздомны дрэнна сябе адчувае або кантактаваў з хворым, адпраўляем у паліклініку, — распавёў дырэктар ДУ «Дом начнога знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства» Павел Залатухін.

У Беларусі дзяржаўныя дамы начнога знаходжання ёсць у Мінску, Гродне, Лідзе, Віцебску, Оршы, Магілёве, Бабруйску, Барысаве і Салігорску. Ёсць і шэраг недзяржаўных ініцыятыў, пераважна рэлігійных, якія прадастаўляюць бяздомным начлег, ежу, дапамагаюць з адзеннем і медыкаментамі. Разам з тым вялікая маса людзей працягвае заставацца без даху над галавой і жыве наўпрост на вуліцах, начуючы ў пад’ездах, падвалах, пад мастамі, на цеплатрасах… Для кагосьці такі лад жыцця — нешчаслівы збег абставінаў, а для некага — свядомы выбар.

Валанцёры раздаюць ежу бяздомным у Міхайлаўскім скверы Мінска

Валанцёры раздаюць ежу бяздомным у Міхайлаўскім скверы Мінска

Так ці іначай, гэтыя людзі збольшага застаюцца пазбаўленымі неабходных санітарных умоваў, збалансаванага харчавання, паўнавартаснай медыцынскай дапамогі, яны часта маюць слабы імунітэт і хранічныя захворванні, ім няма дзе самаізалявацца. Да таго ж, як правіла, гэта людзі ўзросту, старэйшага за сярэдні, і паклапаціцца пра іх няма каму.


Сродкаў абароны хапае

У Мінску бяздомным дапамагаюць і неабыякавыя людзі. Журналістка і грамадская актывістка Яўгенія Доўгая ініцыявала пашыў і раздачу бяздомным шматразовых масак і сродкаў гігіены па ўсёй краіне: ужо раздалі 870 масак, таксама было закуплена 950 пар пальчатак, каля 20 літраў антысептыку і 300 кавалкаў мыла. Маскі дапамагала шыць сацыяльная майстэрня «ТАК», дзе занятыя людзі з асаблівасцямі, а таксама дзве жанчыны-валанцёркі.

— Бяздомныя пастаянна хварэюць на пнеўманію. Я назіраю, што людзей, якія прыходзілі на раздачу ежы валанцёрамі два гады таму, ужо амаль няма — яны паміраюць, — кажа Яўгенія Доўгая.

Журналістка і грамадская актывістка Яўгенія Доўгая 

Журналістка і грамадская актывістка Яўгенія Доўгая 


У Мінску маскі распаўсюджвалі ўжо пяць разоў, апроч таго, сродкі індывідуальнай абароны накіравалі ў дамы начнога знаходжання і валанцёрам у Барысаў, Брэст, Гродна, Віцебск, Магілёў, раздалі бяздомным ля цэркваў.

Па словах Яўгеніі, падчас першай раздачы масак бяздомныя бралі іх неахвотна. Але ў другі раз сітуацыя кардынальна змянілася: маскі разабралі за лічаныя хвіліны, некаторыя казалі пры гэтым, што нядаўна перахварэлі. Што праўда, на наступную раздачу яны зноў прыходзяць без масак, хаця многія бралі па некалькі штук.

— Праблема ў тым, што мы можам іх папярэдзіць, але не можам прымусіць насіць маскі. У мяне склалася адчуванне, што яны думаюць, нібыта перажылі ўжо ўсё, што можна, таму вірус для іх не страшны. Аднак калі запытваешся, ці возьмуць яны маску, адказваюць: «Канешне, вазьму!» Мне здаецца, што гэта больш абарончая рэакцыя, бо паміраць нікому не хочацца.

Многія крытычна паставіліся да ініцыятывы раздачы бяздомным масак: маўляў, з тым ладам жыцця, які яны вядуць, маскі ім не дапамогуць. Але Яўгенія Доўгая перакананая, што маскі раздаваць трэба, і неабходна тлумачыць, чаму гэта важна.

Перад ежай людзям апрацоўваюць рукі антысептыкам

Перад ежай людзям апрацоўваюць рукі антысептыкам

Апроч масак бяздомным раздавалі мыла. Антысептыкі ім выдаць не могуць, бо ёсць небяспека, што іх вып’юць.

Па словах Яўгеніі, цяпер на раздачы стала прыходзіць нашмат больш бяздомных, чым раней, бо многія арганізацыі перасталі аказваць ім дапамогу.

Збор грошай на сродкі індывідуальнай абароны для бяздомных вялі на платформе MOLAMOLA. Беларусы сабралі больш за 4000 рублёў, а адна з дзяржаўных аптэк бясплатна выдзеліла шэсць літраў антысептыку.

— Я проста плакала ад такой салідарнасці, бо ніколі ў жыцці не думала, што да бяздомных камусьці будзе справа. Дапамагалі вельмі розныя людзі, — прызнаецца Яўгенія. — Пакуль мы закрылі збор, бо масак да лета дакладна хопіць.

У выпадку, калі масак не будзе хапаць, дапамагчы бяздомным паабяцалі каардынатары іншых грамадзянскіх ініцыятываў, а актывісты кампаніі ByCovid19 перадалі рэспіратары валанцёрам, якія кормяць людзей без даху над галавой.

Валанцёры раздаюць ежу бяздомным

Валанцёры раздаюць ежу бяздомным


Таксама пальчаткі, маскі, антыбактэрыяльныя сурвэткі і антысептыкі перадалі аднаму з філіялаў Чырвонага Крыжа ў Мінску. Бяздомныя цяпер — асабліва ўразлівая катэгорыя, лічаць у Мінскай гарадской арганізацыі Чырвонага Крыжа. Паколькі яны могуць не толькі самі заразіцца каронавіруснай інфекцыяй, але і стаць яе пераносчыкамі, іх заклікаюць мінімізаваць перамяшчэнне па горадзе і заставацца ў доме начнога знаходжання. І, канешне, бяздомным аказваюць памоцную гуманітарную дапамогу. Агулам падчас дабрачыннай акцыі 23 красавіка валанцёры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сабралі і даставілі ў дом начнога знаходжання ў Мінску больш за 590 пачкаў супу, амаль 1,5 тысячы каробак гарбаты, 270 бляшанак кавы, 700 пар пальчатак, 22 бутэлькі антысептыкаў і геляў для апрацоўкі рук, 122 маскі, 20 коўдраў, 10 раскладанак, каля 1,7 тысячы адзінак посуду, скрыню тушонкі.


Валанцёры засцерагаюцца, бяздомныя — не

У Мінску маскі распаўсюджваюць падчас штотыднёвай раздачы ежы бяздомным актывістамі міжнароднай ініцыятывы  «Ежа замест бомбаў», якая існуе ўжо 14 гадоў. Ёсць некалькі кропак раздачы. Адна з іх — Міхайлаўскі сквер недалёка ад вакзала. У суботу ў прызначаны час тут збіраецца некалькі дзясяткаў чалавек, якія збольшага стаяць арганізаванай групай і чакаюць, калі з’явяцца валанцёры з бітонамі. Напагатове яны трымаюць у руках няхітры посуд: «талеркі» з адрэзаных пластыкавых пяцілітровікаў з-пад вады, шкляныя слоікі. Масак у іх на тварах няма, пра бяспечную дыстанцыю адзін паміж адным казаць таксама не выпадае.

Пакуль валанцёры з ежай не прыйшлі, да адной з лавак падыходзяць дзве дзяўчыны і адзяваюць абарончыя касцюмы, маскі, пальчаткі, раскладваюць арганайзер з медыкаментамі. Каля іх імгненна вырастае чарга — пачынае працу яшчэ адна ініцыятыва дапамогі бяздомным бяздомным «Вулічная медыцына». Да дзяўчат літаральна не падступіцца, хаця яны заклікаюць трымаць дыстанцыю. Людзі просяць пластыр, абязбольвальныя, нешта ад ціску. Плынь пацыентаў не спадае, нават калі нарэшце прыносяць ежу, толькі некалькі чалавек у хвасце чаргі аддзяляюцца ад яе са словамі «Хадзем абедаць».

Ад нядаўняга часу валанцёры сталі прымаць дадатковыя захады бяспекі: адзяваюць маскі, пальчаткі, выкарыстоўваюць антыбактэрыяльныя сурвэткі.

«Спачатку вам апрацуюць рукі антысептыкам, проста падстаўце далоні!» — абвяшчаюць валанцёры, і адна з дзяўчат з белай бутэлечкай пачынае рухацца ўздоўж чаргі, ліючы ў паслухмяна працягнутыя рукі сродак.

Тым часам іншыя валанцёры накладаюць у посуд бяздомных плоў без мяса (стравы гатуюць толькі веганскія, паколькі «Ежа замест бомбаў» не падтрымлівае ўсё, што звязана з гвалтам), наліваюць гарбату, выдаюць хлеб. Людзі хутка бяруць свае порцыі і паспешліва адыходзяць убок, прапускаючы наступнага ў чарзе.

Актывіст «Ежы замест бомбаў» Мікіта распавядае, што з пачаткам пандэміі на раздачу стала прыходзіць больш людзей, таму што многія сталовыя зачыніліся.

— Раней прыходзіла чалавек 20, цяпер — 40–50, гэта асноўнае, што змянілася. Таксама мы сталі прымяняць сродкі індывідуальнай абароны, апрацоўваць рукі. Спрабавалі сёння стварыць дыстанцыю, але гэта, напэўна, не з першага разу. Спадзяюся, з часам атрымаецца, калі будзем паўтараць некалькі разоў, бо прымяняць рэпрэсіўныя метады не хочацца.

Сёння ў меню — веганскі плоў

Сёння ў меню — веганскі плоў


Маскі, пальчаткі, антысептык — валанцёры прытрымліваюцца мер бяспекі

Маскі, пальчаткі, антысептык — валанцёры прытрымліваюцца мер бяспекі


Увогуле, актывісты ініцыятывы называюць свой занятак не дабрачыннасцю, а ўзаемадапамогай.

— У аснове палягае прынцып, што мы знаходзімся толькі на адну прыступачку вышэй за гэтых людзей па сацыяльнай іерархіі, таму павінны дапамагаць ім як прыгнечаным. Мы лічым, што цяперашняе ўладкаванне — капіталізм — несправядлівае, няроўнае размеркаванне рэсурсаў вядзе да таго, што існуюць бяздомныя і багацеі. Пакуль такая сістэма будзе існаваць, будуць існаваць і бяздомныя, таму мы пратэстуем супраць няроўнага размеркавання рэсурсаў, — тлумачыць Мікіта.

Праз такую пратэстную пазіцыю і прыналежнасць да анархісцкага руху актывісты часта мелі праблемы з міліцыяй, траплялі пад затрыманні і пераслед. Але апошнім часам іх не чапаюць, хіба што падчас леташніх Еўрагульняў валанцёраў прасілі не карміць бяздомных у людных месцах, а сысці ў двары.

Па словах Мікіты, з размоваў з бяздомнымі вынікае, што іх не надта хвалюе пытанне распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі, і ўвогуле пандэмія ніяк не змяніла іх жыццё.

Людзі, што стаяць у чарзе па ежу, не вытрымліваюць сацыяльную дыстанцыю

Людзі, што стаяць у чарзе па ежу, не вытрымліваюць сацыяльную дыстанцыю


«Вірус-та ёсць, але я ў яго не веру»

Тым часам Яўгенія Доўгая раздае людзям маскі, многія з тых, хто прыйшоў, ёй ужо знаёмыя.

— А дзе ваша маска, чаму не носіце? — пытаецца яна ў сталай жанчыны ў куртцы з леапардавым прынтам, якой давала маску ў мінулы раз. Хоць апранута жанчына надзвычай сціпла, у яе ёсць жытло, а таксама муж, які не ходзіць.

— Ёсць, я ў ёй у краму хаджу, яна ў мяне з сабой, — ахвотна адгукаецца тая. — Я яе памыю — і прасам з двух бакоў.

Сярод тых, хто сабраўся, заўважаю жанчыну ў масцы, якую яна атрымала яўна не сёння. Запытваюся, чаму яна яе носіць.

Такія маскі валанцёры раздаюць бяздомным

Такія маскі валанцёры раздаюць бяздомным


— Справа ў тым, што я працую на вахце, і там заўжды патрабуюць. Нават галовы правяраюць! Але зрэдку, бывае, крышачку выпіваю, — нечакана прызнаецца яна. — Але маску нашу, рукі апрацоўваю і па 20–30 секунд мыю!

— А што вы думаеце пра вірус?

— Я не веру ў вірус. Не, вірус-та ёсць, але я ў яго не веру, — спрабуе патлумачыць суразмоўца, якую, як высвятляецца, клічуць Марыя.

— Вірус — ад перапуду. Калі прачышчаеш арганізм алкаголем, ніякі вірус цябе не возьме. Але ўмерана, — прыходзіць на дапамогу жанчыне яе сябра Коля, які стаіць побач.

— Але маску я і для сябе нашу. У мяне ж ужо ўнукі ёсць, таму гэта хоць неяк абараняе, — дадае Марыя.

Парачка адыходзіць, і праз колькі хвілін я бачу ідылічную карціну: Марыя сядзіць на каленях у Колі і аб нечым замілавана яму гаворыць.

— А праўду кажуць, што тыя, хто выпіваюць, не хварэюць на вірус? — атрымаўшы порцыю плову, пытаецца рослы мужчына гадоў сарака з вялікім заплечнікам і чарцянятамі ў вачах.

— Няпраўда! — адгукаюцца валанцёры.

Запытваюся ў гэтага цікаўнага мужчыны пра яго стаўленне да інфекцыі.

— У мяне вышэйшая адукацыя, я ў гэтым шару, — запэўнівае ён мяне. — У аптэках валам было масак. Куды іх скідваць? А цяпер зайдзі спытай — няма. Гэта ўсё па-мінімуму, а калі ўзяць свет — уяўляеш, якое бабло там?

— Але ж людзі хварэюць і паміраюць.

— Людзі паміраюць заўсёды, як бы добра ні было. Гэта жыццё! Маё жыццё ніяк не памянялася. У мяне дзве клінічныя смерці былі, шнар ад пупа да сэрца — зашывалі, а вы кажаце — віруса мне баяцца? Дзеванькі, я вас умаляю!

— А маску не будзеце браць?

— Буду!

— А навошта яна вам?

— А няхай будзе!

Калі ўсе атрымалі па адной порцыі, і ежа яшчэ застаецца, можна атрымаць дабаўку

Калі ўсе атрымалі па адной порцыі, і ежа яшчэ застаецца, можна атрымаць дабаўку


Трывожнасць вырасла, а рацыянальных дзеянняў няма

Пасля ежы сквер паступова пусцее, і толькі каля «Вулічнай медыцыны» яшчэ застаюцца людзі. Каб паразмаўляць з актывісткамі ініцыятывы, даво­дзіцца чакаць. Нарэшце дзяўчаты вызваляюцца, але размаўляем на хаду: ініцыятарка праекта прыехала на прыём адразу з дзяжурства і хоча хутчэй трапіць дамоў, каб крыху адпачыць.

Арганайзер з лекамі валанцёраў ініцыятывы «Вулічная медыцына»

Арганайзер з лекамі валанцёраў ініцыятывы «Вулічная медыцына»


Яе завуць Карына Радчанка, яна студэнтка пятага курса медуніверсітэта і працуе медсястрой у адным з РНПЦ. Ужо больш за год яна штотыдзень ходзіць да бяздомных на вуліцы ці ў сталовыя, каб аказаць ім медыцынскую дапамогу.

— У людзей, з якімі мы працуем, часта ўвогуле няма магчымасці звярнуцца да доктара — ні з экстранай сітуацыяй, ні з планавай. Часта гэта звязана з адсутнасцю дакументаў, страхам. І ў гэтым выпадку мы раздаём безрэцэптурныя прэпараты, — распавядае Карына. — Таксама да нас прыходзяць некаторыя людзі з «дамашніх», як правіла, яны маламаёмасныя, і ў іх няма магчымасці купляць лекі, са­чыць за лячэннем, рэгулярна прымаць прэпараты. Бо навошта ім ісці да ўрача выпісваць лекі, калі яны не могуць іх набыць? Але мы такіх людзей матывуем на звароты, тлумачым, што важна працягваць лячэнне.

Карына кажа, што актывісты «Вулічнай медыцыны» — а гэта заўжды медработнік і асістэнт, які запісвае даныя пацыентаў, вядзе статыстыку, — прыма­юць усіх, хто да іх звяртаецца. Зразумела, што дыягностыку ў вулічных умовах правесці немагчыма — хіба што памераць ціск, таму рашэнне аб дапамозе прымаюць на месцы, сыходзячы са стану чалавека і яго скаргаў.

Праца «Вулічнай медыцыны»: Карына мерае пацыенту ціск, яе асістэнтка занатоўвае паказчыкі

Праца «Вулічнай медыцыны»: Карына мерае пацыенту ціск, яе асістэнтка занатоўвае паказчыкі


— Калі сітуацыя планавай тэрапіі і мы можам дапамагчы, то тлумачым чалавеку, як лячыцца, выдаем патрэбныя для пачатку тэрапіі прэпараты. Яму становіцца лепш, і ён робіцца больш матываваным на звароты да ўрача.

Карына зазначае, што з пачаткам пандэміі на вулічныя прыёмы стала прыхо­дзіць больш людзей. На думку дзяўчыны, гэта звязана з тым, што некаторыя пункты дапамогі закрываюцца.

— Насамрэч я б не сказала, што для кожнага [бяздомнага] чалавека сітуацыя змянілася. Яна засталася такой жа, бо дапамогі як не было, так і няма. Верагодна, пагоршылася сітуацыя з харчаваннем, начлегам. Я б сказала, што вакол сродкаў абароны і бяздомнасці фарміруецца нейкі хайп. Адкрыта шмат збораў сродкаў на гэтыя патрэбы. На нашу карысць таксама была сабраная пэўная колькасць сродкаў, і мы замовілі і пашылі шматразовыя маскі, і сёння мы раздалі іх больш, хаця звычайна выдаем валанцёрам і тым, у каго ёсць сімптомы хваробы.

На думку Карыны, галоўная праблема цяпер у тым, што лю­дзі не вытрымліваюць дыстанцыю, не перастаюць абдымацца, цалавацца і паціскаць адзін аднаму рукі. Таксама ў іх цяпер няма магчымасці выбіраць, дзе начаваць. Яна прыводзіць прыклад Нью-Ёрка, дзе цяпер некаторыя бяздомныя не ідуць у месцы начлегу, бо баяцца захварэць.

Валанцёры «Вулічнай медыцыны» падчас прыёму  

Валанцёры «Вулічнай медыцыны» падчас прыёму  

Што да саміх актывістаў «Вулічнай медыцыны», цяпер у дадатак да звычайных мер бяспекі яны сталі выкарыстоўваць абарончыя шчыткі, якія надрукавалі на 3D-прынтарах у майстэрні Хакерспейс і трымаць дыстанцыю. Пальчаткі, халаты, маскі, антысептыкі і шапачкі выкарыстоўвалі і раней.

— Сярод нашых пацыентаў трывожнасць таксама вырасла, але ніякай схемы дзейнасці ў іх галовах не з’явілася. Мы раздаём улёткі з інфармацыяй пра каронавірус, распавядаем, як сябе паводзіць, што рабіць, чаго не рабіць. Але пакуль усё складана. Трэба шмат разоў паўтараць адно і тое ж. Людзям страшна на ўзроўні нейкай панікі, а рацыянальнага пакуль не прыйшло.

Пандэмія ва ўмовах дыктатуры

Паколькі доступ да медыцынскіх паслуг у бяздомных абмежаваны, не варта разлічваць на тое, што іх будуць абследаваць і рабіць тэсты на наяўнасць каронавіруса. Сістэма аховы здароўя і без таго перагружаная, тэсты ў Беларусі не заўсёды робяць нават тым, хто звяртаецца па медычную дапамогу з відавочнымі сімптомамі COVID-19 ці з’яўляецца кантактам першага ўзроўню.

Нягледзячы на дадатковыя санітарныя меры, якія прымаюць у дамах начнога знаходжання, самі бяздомныя асабліва не абцяжарваюць сябе і не прытрымліваюцца правілаў бяспекі: не абмяжоўваюць кантакты, не вытрымліваюць неабходную сацыяльную дыстанцыю і не сыходзяць у самаізаляцыю дый, як паказваюць гутаркі з імі, увогуле не ўспрымаюць пагрозу каронавіруса ўсур’ёз.

Не абавязкова ўсе яны хварэюць ці з’яўляюцца пераносчыкамі каронавіруснай інфекцыі, але выключаць гэта таксама нельга. І атрымліваецца, што і без таго людзі, да якіх праз іх часта асацыяльны лад жыцця і непрывабны знешні выгляд у грамадстве панавала грэблівае стаўленне, трапляюць пад яшчэ большую стыгматызацыю і застаюцца пакінутымі на волю лёсу ў сітуацыі пандэмічнага крызісу.

Безумоўна, за тое, што адбываецца ў жыцці чалавека, нясе адказнасць сам чалавек. Але сацыяльная палітыка ў самай «сацыяльна арыентаванай дзяржаве» часам не пакідае выбару. Калі, начхаўшы на здаровы сэнс і ўсе заклікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кіраўніцтва краіны ладзіць пампезны парад на Дзень Перамогі і зганяе на яго, апроч вайскоўцаў, сотні работнікаў бюджэтнай сферы і студэнтаў, забараняючы пры гэтым нават надзець маскі, – гэта самае яскравае сведчанне таго, колькі каштуюць у гэтай краіне жыццё, здароўе і бяспека грамадзян.

Калі ўлады не шкадуюць, так бы мовіць, эліту – выкладчыкаў, студэнтаў, вайскоўцаў, артыстаў, то наіўна думаць, што яны стануць клапаціцца пра людзей без пэўнага месца жыхарства. Пандэмія ва ўмовах дыктатуры выклікае параўнанні з вайной і генацыдам.

Між тым у апусцелым будынку Еўрапарламента прытулілі 100 бяздомных жанчын-ахвяр хатняга гвалту. Уявіце сабе: у цэнтры Бруселя пустыя ў час каранціну офісы былі часова ператвораныя ў спальні на аднаго або двух чалавек. Жанчыны таксама атрымліваюць харчаванне і медыцынскую дапамогу. Не забыліся пра беспрытульных і ў Вялікабрытаніі: мэрыя Лондана зняла для бяздомных 300 гасцінічных нумароў на бліжэйшыя 12 тыдняў і папрасіла адміністрацыі раёнаў горада вырашыць праблему з размяшчэннем астатніх.

Такія навіны ўяўляюцца нерэальнымі карцінкамі з іншасвету. Між тым гэта рэальнасць, але толькі там, дзе існуе павага да правоў чалавека і ўсё ў парадку з эканомікай, дзе грамадзянам не прапануюць лячыцца трактарам і гарэлкай, дзе народу не кідаюць, як быдлу, – «Жэрці што будзем?», і дзе са слязьмі на вачах кажуць пра смерці медыкаў, а не саджаюць іх на суткі за просьбы аб дапамозе сродкамі індывідуальнай абароны.

Таму становішча бяздомных падчас пандэміі каронавіруса ў Беларусі небяспечнае не толькі тым, што яны з’яўляюцца ўразлівай для інфікавання групай. Яно ўскладняецца тым, што дзяржаўныя ўлады больш чым за чвэрць стагоддзя так і не навучыліся бачыць у сваіх грамадзянах асобы, у якіх ёсць правы, хоць часам і няма даху над галавой.