Вышэйшай школе яшчэ далёка да Еўропы
У красавіку наступнага года Беларусь плануе далучыцца да Балонскага працэсу. Рашэнне аб далучэнні да Балонскага працэсу (адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі) будзе прымацца на
канферэнцыі міністраў адукацыі Еўропы, што праходзіць раз на два гады. У красавіку 2012 года пройдзе чарговая канферэнцыя, на якой будзе прадстаўлены даклад па Беларусі.
Балонская сістэма
У красавіку наступнага года Беларусь плануе далучыцца да Балонскага працэсу. Рашэнне аб далучэнні да Балонскага працэсу (адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі) будзе прымацца на
канферэнцыі міністраў адукацыі Еўропы, што праходзіць раз на два гады. У красавіку 2012 года пройдзе чарговая канферэнцыя, на якой будзе прадстаўлены даклад па Беларусі.
Балонская сістэма
Першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук мяркуе, што беларуская вышэйшая школа паслядоўна рыхтавалася да ўступлення ў Балонскі працэс. Краіна прыйшла да двухузроўневай сістэмы
падрыхтоўкі спецыялістаў. «Усе Балонскія рэкамендацыі Беларуссю выкананыя», — падкрэсліў чыноўнік.
Уступленне ў Балонскі працэс будзе садзейнічаць забеспячэнню якасці падрыхтоўкі канкурэнтаздольных спецыялістаў, пашырэнню доступу да еўрапейскіх праграм акадэмічнага і навуковага супрацоўніцтва,
міжнародных інтэлектуальных рэсурсаў, развіццю сістэмы вышэйшай адукацыі ў нацыянальных інтарэсах з улікам міжнароднага вопыту. «Я спадзяюся, што гэтае пытанне ў красавіку будзе вырашана
станоўча, — сказаў Аляксандр Жук. — Сістэма адукацыі мусіць развівацца ў нацыянальных інтарэсах, але з улікам міжнароднага досведу. Любы досвед мусіць быць творча асэнсаваны і
трансфармаваны з мэтай паляпшэння нацыянальных сістэм. Балонская дэкларацыя не прадугледжвае жорсткага выканання адпаведных патрабаванняў. Гэта рэкамендацыі, і ВНУ самі вызначаюць тэмпы руху ў гэтым
кірунку».
Разам з тым варта было б улічыць і такі іміджавы фактар, як наяўнасць у «чорных» спісах неўязных у Еўрасаюз прозвішчаў рэктараў вядучых беларускіх універсітэтаў, якія патрапілі пад
візавыя санкцыі за пераслед студэнтаў за іншадумства і ўдзел у палітычных акцыях. Праблема акадэмічнай свабоды, што ёсць важнай часткай Балонскіх абавязацельстваў, для Беларусі стаіць вельмі
востра.
Палітык, выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Алесь Лагвінец атрымліваў адукацыю ў Беларусі, Вялікабрытаніі і Францыі. Яго меркаванне: «Сённяшняя беларуская сістэма адукацыі не
прыстасаваная да ўвядзення еўрапейскіх стандартаў». «Вельмі добра, што Беларусь далучаецца да Балонскага працэсу. Але верагодна, што такі крок робіцца «для
галачкі». Людзі, якія працуюць у сістэме адукацыі, выконваюць найперш палітычную ролю кантролю за маладымі людзьмі, а не ролю падвышэння якасці адукацыі, росту мабільнасці студэнтаў і
большай адкрытасці ўсёй сістэмы. Па сутнасці, рэжым будзе «прадаваць» далучэнне да Балонскай сістэмы як вялікі крок у справе лібералізацыі і дыялогу з Еўрасаюзам. Таму асаблівых
ілюзіяў ад такіх крокаў не павінна быць», — папярэджвае Алесь Лагвінец.
ВНУ мусяць зарабляць
Першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук таксама расказаў пра тое, што цягам бліжэйшых гадоў плануецца «падвысіць узровень інавацыйнага кірунку ўзаемадзеяння ўніверсітэтаў і
прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі». А магістратура цяпер будзе арыентаваная на практыку.
Ставіцца задача комплекснага фінансавання і яго дыверсіфікацыі. Бюджэтныя затраты цягам 2011–2015 гадоў на вышэйшую школу складуць больш за два трыльёны рублёў. «ВНУ за пяцігодку
заробяць больш за 330 мільярдаў рублёў. Што самае важнае — міністэрствы і ведамствы, прадпрыемствы зробяць унёсак у развіццё вучэбна-лабараторнай базы ўніверсітэтаў. На гэта плануецца
патраціць каля чатырохсот мільярдаў рублёў», — паведаміў чыноўнік.
Рост экспарту адукацыйных паслуг мусіць падвысіць рэйтынг адукацыі на міжнародным узроўні. Па словах Аляксандра Жука, замежных партнёраў прываблівае «спакойная абстаноўка ў нашай краіне,
суадносіны цаны і якасці адукацыйных паслуг».
У новым навучальным годзе кошт платнага навучання ў ВНУ Беларусі абяцаюць падвысіць у межах 20 працэнтаў. «У эканамічнай сітуацыі, калі растуць кошты на камунальныя паслугі, тавары, бензін,
ВНУ мусяць абгрунтавана павысіць кошты. Не падвысіць кошты немагчыма, бо паўсюль яны растуць, — патлумачыў Аляксандр Жук. — Мы правялі маніторынг, і бачым, што да 20% —
гэта той мінімум, што дазволіць забяспечыць нармальнае функцыянаванне ВНУ ў цяперашняй сітуацыі. Але кожная навучальная павялічвае кошт у залежнасці ад сваіх рэальных выдаткаў».
Завочнікаў скароцяць
Уносяцца і структурныя змены ў падрыхтоўку спецыялістаў. Колькасць абітурыентаў-завочнікаў паступова будзе памяншацца ва ўсіх ВНУ Беларусі. Плануецца змяніць прапорцыі падрыхтоўкі спецыялістаў на
дзённай і завочнай форме ў прыватных ВНУ. У гэтым годзе на завочную форму навучання будзе набрана не больш за 60% абітурыентаў, раней гэтая лічба дасягала 70%. Астатнія абітурыенты будуць залічвацца
на дзённую форму навучання. Паводле слоў першага намесніка міністра адукацыі, дазволіць значна палепшыць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў. Таксама будзе скарочаны набор на юрыдычныя і эканамічныя
спецыяльнасці і набор замежных студэнтаў. Але больш студэнтаў будуць атрымліваць адукацыю ў галіне нанатэхналогій, сучасных інфармацыйных, электронных сістэм.
Агулам набор абітурыентаў на бюджэтную дзённую форму навучання сёлета скарочаны на 300 чалавек, на платную — на 800 чалавек.
Хочаш свабоды? Заплаці!
З 1 верасня ўступае ў сілу адукацыйны кодэкс. У ім агавораныя пытанні размеркавання студэнтаў пасля вучобы на бюджэтнай аснове. «Мы пераходзім на падрыхтоўку спецыялістаў на дагаворнай
аснове. Усе студэнты будуць заключаць дагаворы, у якіх будуць прапісвацца ў тым ліку пытанні размеркавання», — паведаміў Аляксандр Жук.
Калі выпускнік ВНУ, які вучыўся за кошт бюджэту, адмаўляецца працаваць па размеркаванні, у гэтым выпадку прадугледжана кампенсацыя затратаў на навучанне. Выпускнік мусіць вярнуць дзяржаве грошы, што
былі выдаткаваныя на яго адукацыю. Калі ён адмаўляецца кампенсаваць сродкі, пытанне будзе разглядацца ў судовым парадку. У кожнай установе адукацыі будзе створана камісія, якая прыме рашэнне альбо аб
кампенсацыі сродкаў дзяржаве, альбо аб вызваленні ад пакрыцця. Вызваленымі ад кампенсацыі сродкаў, затрачаных дзяржавай на навучанне, могуць быць толькі асобы, якія маюць дзіця-інваліда, і асобы,
якія прымаюцца ў год атрымання дыплома на навучанне ва ўстанову адукацыі больш высокага ўзроўню за кошт сродкаў бюджэту.
Сівая навука
Першы прарэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Фёдар Панцялеенка звяртае ўвагу на старэнне выкладчыцкага складу навучальных устаноў.
«У галіне тэхнічных навук, відаць, больш складана падрыхтаваць навуковую працу. Таму наша ахілесава пята — сур’ёзны ўзрост прафесараў і дактароў. У рэктараце сярэдні ўзрост
цяпер 50 гадоў. Мы актыўна працуем над удасканаленнем магістратуры. І з гэтага года яна будзе не толькі навукова арыентаванай, але і практычна арыентаванай. І яе выпускнікі змогуць працаваць як на
прадпрыемствах, так і займацца выкладчыцкай дзейнасцю», — паведаміў Фёдар Панцялеенка.
Ён паскардзіўся, што «бізнэс часта перацягвае самых таленавітых выпускнікоў на свой бок», таму мусіць быць дадатковы стымул для тых, хто хоча і можа застацца ў навуцы: «Не
многія ВНУ здольныя даплачваць яшчэ адзін аклад і 50-працэнтную надбаўку на працягу трох гадоў сваім выпускнікам магістратуры, аспірантуры, дактарантуры».
Першы крок да інтэграцыі
Уладзімір Мацкевіч, распрацоўшчык «Канцэпцыі абнаўлення гуманітарнай адукацыі» і «Канцэпцыі забеспячэння функцыянальнай пісьменнасці ў Беларусі», лічыць, што
далучэнне да Балонскай сістэмы — толькі першы крок да інтэграцыі ў еўрапейскую сістэму адукацыі.
«Гэтае далучэнне мае ўмоўны характар, бо найперш захоўваюцца нацыянальныя рысы адукацыі. Таму, апроч фармальных патрабаванняў — двухузроўневай адукацыі, ацэнкі ў крэдытах, трэба
яшчэ далучыцца да рэйтынгавання. То бок пазначыць месца кожнай навучальнай установы Беларусі сярод іншых ВНУ Еўропы. Думаю, акурат да гэтага беларуская сістэма адукацыі не гатовая, бо такі крок
адразу выявіць неадпаведнасць еўрапейскім стандартам. У савецкі час гэтая неадпаведнасць мела двухбаковы характар. Чымсьці адукацыя магла быць нават лепшай за еўрапейскую. Прынамсі ў тэхнічных
установах рэшткі гэтай якасці захаваліся, але што тычыцца ўніверсітэцкай, гуманітарнай адукацыі, дык нават параўнанне з еўрапейскай рабіць цяжка», — лічыць Мацкевіч.
«Немагчыма не заўважыць і праблему старэння выкладчыцкага складу, узрост сапраўды моцна павялічыўся. І прытоку моладзі ў лік выкладчыкаў, навукоўцаў няма. Таму персанальны склад ВНУ цалкам
не адпавядае еўрапейскім стандартам, сённяшняму зместу адукацыі, асабліва гэта тычыцца тых галінаў, што інтэнсіўна развіваліся ў 1980–1990 і ХХІ стагоддзі. Гэта можна вырашаць праз абмен з
еўрапейскімі навучальнымі ўстановамі. Але гэта ўпіраецца не толькі ў кампетэнтнасць кадраў, але і ў іх функцыянальную пісьменнасць, то бок валоданне мовамі. Тое ж тычыцца і студэнтаў — ці
гатовыя яны вучыцца на замежных мовах. Без гэтага падняць узровень кваліфікацыі кадраў цяжка. Было б нядрэнна запрашаць беларускіх студэнтаў, што скончылі еўрапейскія навучальныя ўстановы, атрымалі
там якасную адукацыю, выкладаць у беларускіх ВНУ. Але гэта цяжка рэалізаваць з прычыны моцнага ідэалагічнага складніку беларускіх універсітэтаў», — падкрэслівае Уладзімір
Мацкевіч.