Вітольд Ашурак плануе напісаць у калоніі кнігу пра падзеі 2020-га
Пра гэта палітвязень напісаў у лісце сябрам з гродзенскай турмы.
«Нам тут, за кратамі, шмат і не трэба — абы каб пра нас памяталі, каб не спісвалі нас з рахункаў. Прага змагання не знікла, і мы марым апынуцца на волі», — паведамляе ён у пасланні.
Вітольд піша, аб тым, як у турме спрабуе супрацьстаяць дэградацыі:
«Чалавек, які знаходзіцца за кратамі, пазбаўлены магчымасці кантраляваць сваё жыццё нават у дробязях. Амаль што заўжды гэта вядзе да паступовай дэградацыі, і толькі самыя моцныя могуць супрацьстаяць. Калі ты нічога не кантралюеш, то гэта азначае, што цябе кантралююць іншыя людзі. Табе могуць забараніць вольна перасоўвацца, карыстацца якімі-кольвечы рэчамі, але ніхто не можа забараніць тваё выхаванне! Нават маючы ў кішэні апошні пачак папярос, выхаваны чалавек не адчувае сябе галадранцам. І людзі вакол яго таксама адчуваюць, што, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, нельга апускацца.
Я прашу звяртацца да мяне, як людзям зручней, але сам звяртаюся да людзей толькі на “вы”, пачынаючы ад крымінальнай шпаны і канчаючы аховай. Выключэнні вельмі рэдкія. Гэта дазваляе мне заставацца чалавекам і не дэградаваць».
Ён таксама абяцае (і падкрэслівае гэта слова), што будзе дамагацца аб’ектыўнага перагляду ўсіх крымінальных спраў супраць грамадзян, якія прымалі ўдзел у пратэстах, нягледзячы на тое, прызналі іх палітвязнямі ці не. І дадае, што са свайго боку турэмных кратаў робіць для гэтага ўсё, што можа, «і нават болей».
Таксама палітвязень піша, што не мае часу сумаваць у зняволенні: «Мне вельмі актыўна лістуюць неабыякавыя беларусы (нават з Бразіліі!), і я лічу за гонар кожнаму адказаць хоць некалькімі радкамі».
Акрамя таго, Вітольд вядзе дзённік сваіх думак — каб турэмны быт не зацягнуў у багну дэградацыі.
«Маю мэту ў калоніі напісаць кнігу. Цяпер на этапе пошуку фармата, стыля і сюжэта. Кніга будзе пра беларуса ў перыяд лета-восені 2020 — вось гэта дакладна», — паведамляе палітвязень.
Ён ужо мае планы на перыяд пасля вызвалення: абавязкова плануе схадзіць з жонкай у тэатр, які вельмі любіць, але рэдка там бывае.
«Перадавайце прывітанні ў фэйсбуку маім сябрам і ворагам! Апошнія няхай ведаюць цвёрда, што я ніколі не здамся і неўзабаве буду святкаваць перамогу са сваімі сябрамі!», — дадае Вітольд.
Нагадаем, жыхара Бярозаўкі, што на Лідчыне, Вітольда Ашурка асудзілі на закрытым пасяджэнні 18 студзеня ў Лідскім раённым судзе на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Пакуль ён чакае выніку апеляцыі ў гродзенскай турме. За кратамі палітвязень знаходзіцца з верасня 2020 года.
Адрас для лістоў Вітольду Ашурку: турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.