Водазабор у цэнтры канфлікту
Жыхары сталіцы дамагліся сустрэчы з высокімі чыноўнікамі, каб крыху праясніць сітуацыю наконт Севастопальскага парку і свідравінаў пітной вады, што месцяцца ў ім.
Мясцовыя жыхары ўжо пятнаццаць гадоў бароняць парк ад спробаў яго забудаваць. Цяпер да канфлікту дадаўся і водны складнік — мінчане перажываюць, што чыноўнікі ўціхую хочуць закрыць
свідравіны з артэзіянскай вадой, каб мець законныя падставы для асваення тэрыторыі ў цэнтры Мінска.
Жыхары сталіцы дамагліся сустрэчы з высокімі чыноўнікамі, каб крыху праясніць сітуацыю наконт Севастопальскага парку і свідравінаў пітной вады, што месцяцца ў ім.
Мясцовыя жыхары ўжо пятнаццаць гадоў бароняць парк ад спробаў яго забудаваць. Цяпер да канфлікту дадаўся і водны складнік — мінчане перажываюць, што чыноўнікі ўціхую хочуць закрыць
свідравіны з артэзіянскай вадой, каб мець законныя падставы для асваення тэрыторыі ў цэнтры Мінска.
Чыноўнікі Камітэта дзяржкантролю, Генпракуратуры, Мінскводаканалу, Белэнерга, санэпідэмслужбы прыехалі на сустрэчу з жыхарамі раёна, у якім знаходзіцца Севастопальскі парк. Абмяркоўваліся два
галоўных пытання: колькі свідравін насамрэч месцяцца ў Севастопальскім парку і колькі з іх цяпер працуюць. Такое, здавалася б, простае пытанне паўстала з перапіскі з дзяржслубоўцамі, якія ў
«сваіх паказаннях» рэгулярна блыталіся. Цяпер чыноўнікі запэўнілі, што ўсе дзевяць свідравін у працоўным стане, але тры не дзейнічаюць. Адна з іх адключаная ад энергазабеспячэння па
прадпісанню Мінскэнерга, дзве выведзеныя ў рэзерв, бо іх магутнасць не запатрабаваная. Водаспажыванне ў Мінску зменшылася, пітной вады дастаткова.
Кіраўнік ініцыятывы «Еўрапейская перспектыва» Віктар Янчурэвіч дапамагае мясцовым жыхарам весці перапіску з чыноўнікамі наконт лёсу прылеглага парку. Ён гаворыць, што ў жыхароў
Першамайскага раёна сталіцы многа нараканняў і на якасць пітной вады, якая ёсць артэзіянскай.
«Вельмі шмат асадку, накіпу застаецца на чайніку пасля кіпячэння, а зверху ў кубку з гарбатай заўжды плавае невядомага паходжання плёнка», — дзеліцца ўражаннямі ад
дэгустацыі артэзіянскай пітной вады Віктар. Але прадстаўнік санітарнай службы запэўніў, што вада адпавядае ўсім санітарным нормам. Жыхарам сталічнага мікрараёна патлумачылі, што вада паступае з
артэзіянскіх свідравін на станцыю на Макаёнка, дзе змешваецца з вадой, якая пампуецца з падземнага водазабору Волма.
У сталіцы толькі Фрунзенскі, Маскоўскі і частка Цэнтральнага раёну забяспечваюцца вадою з адкрытых крыніц, астатнія — з падземных. Таму скардзіцца на якасць вады нагодаў быццам бы няма.
Дарэчы, прадстаўнік Камітэта дзяржкантролю падчас сустрэчы заявіў, што будзе высвятляць, наколькі адрозніваецца сабекошт вады з мінскага водазабору і вады з Волмы. Ці ёсць логіка ў тым, што
свідравіны ў самім горадзе прастойваюць, а ваду пампуюць за многа кіламетраў з Волмы.
Віктар Янчурэвіч мяркуе, што ўся праўда наконт Севастопальскага парку і водазабору на яго тэрыторыі пакуль не вядомая. Таму пошукі ісціны будуць працягвацца. «Засталіся адкрытымі некаторыя
пытанні. Свідравіна адключаная, але, паводле запісаў у дакументах, яна некаторы час здабывала ваду. Раней рэзервуар вады на тэрыторыі Севастопальскага парку пільна ахоўваўся, быў агароджаны высокім
плотам. Зараз гэтага няма — прыбралі і плот, і ахову. А вакол свідравін і месца, дзе быў рэзервуар, паставілі дэкаратыўныя агароджы. Цяпер туды патрапіць можа кожны, адкрыць люк і нешта
закінуць не складае цяжкасцяў. А прадстаўнік Мінскводаканала сказаў, што такую сістэму аховы прадугледжвае праект. У нас тры мэты: каб працавалі свідравіны, палепшылася якасць пітной вады і было
ўрэшце прынятае рашэнне аб замацаванні за Севастопальскім паркам статусу, які б гарантаваў яго недатыкальнасць. Бо, калі паглядзець план развіцця горад, то на ім ёсць траса праз Севастопальскі парк.
Асваенне гэтай тэрыторыі проста адкладзенае ў часе», — зазначае Янчурэвіч.