Вольга Карач абскарджвае папярэджанне «Витебскому курьеру»

Заснавальніца інтэрнэт-выдання vkurier.by Вольга Карач звярнулася ў суд Цэнтральнага раёна Мінска з заявай аб адмене папярэджання пра парушэнне артыкулаў 4 і 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», вынесенае 26 снежня 2016 года.

Фота: 2free.eu

Фота: 2free.eu

Як паведамлялася на сайце міністэрства, выданне папярэджваюць за размяшчэнне “несапраўднай інфармацыі”. Пэўны час у рэдакцыі не ведалі, якія канкрэтна матэрыялы міністэрства палічыла непраўдзівымі, бо пісьмовае паведамленне з тлумачэннямі Карач атрымала не адразу.
— Як высветлілася, Міністэрства інфармацыі грунтуе свае прэтэнзіі да выдання на падставе меркаванняў Віцебскага аблвыканкама. Мясцовыя ўлады палічылі і загаловак, і змест матэрыялу «За что ребёнка забирают из благополучной семьи» непраўдзівымі. Прычым настолькі, што публікацыя «можа нанесці шкоду грамадскім інтарэсам, якая праяўляецца ў масавай дэзінфармацыі насельніцтва, падрыве аўтарытэту органаў дзяржаўнага кіравання ў частцы абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».
У лісце за подпісам Ліліі Ананіч было загадана выправіць усё на працягу 24-х гадзін і неадкладна паведаміць пра гэта. Выканаць такую ўмову было немагчыма хаця б таму, што ліст пра снежаньскае папярэджанне мы атрымалі ў студзені. Але самае галоўнае — з папярэджаннем мы не згодныя, — гаворыць Карач.
25 студзеня ў суд Цэнтральнага раёна Мінска была пададзена заява, дзе заснавальніца аспрэчвае прэтэнзіі міністэрства да згаданага артыкула, які мае падзагаловак «5 шокирующих случаев в Витебской области». У тэксце згадваецца некалькі гісторый, калі дзяцей забіралі з семʼяў, на думку аўтара, беспадстаўна.
Вольга Карач аргументуе сваю пазіцыю, цытуючы навуковыя крыніцы ў галіне педагогікі, а таксама міжнародныя дакументы па правах чалавека. Яна спрабуе давесці, што ў артыкуле няма ні выразаў, ні фармулёвак, ні аўтарскіх высноў, якія не адпавядалі б рэчаіснасці.
— Суд мусіць вывучыць факты, выкладзеныя ў заяве заснавальніцы і ўладальніцы інфармацыйнага рэсурса vkurier.by. Верагодна, праз нейкі час будзе прызначана судовае пасяджэнне, на якім я гатовы прадстаўляць інтарэсы выдання, —  гаворыць праваабаронца Павел Левінаў, які дапамагаў рыхтаваць зварот у суд.
Інтэрнэт-выданне vkurier.by з’яўляецца пераемнікам газеты «Витебский курьер», што ўжо некалькі гадоў не выходзіць у друкаваным выглядзе.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"