Вопыт Украіны для спецслужбаў Беларусі

Падзеі ва Украіне прымушаюць звярнуць пільную ўвагу на сітуацыю са спецслужбамі ў Беларусі. Да іх у прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці ў цэлым дзве прэтэнзіі. Па-першае, спецслужбаў занадта шмат, і яны занадта шматлікія. Па-другое, у іх, асабліва ў кіраўніцтве, высокая удзельная вага небеларусаў.



parotnikasch.jpg

Андрэй Паротнікаў

З першага робіцца заканамерная выснова, што ўсе існуючыя спецслужбы трэба зліць у адну. Гэта дазволіць пазбегнуць дублявання функцый і скараціць колькасць супрацоўнікаў спецслужбаў. Што азначае другое — пра гэта выразна не гаворыць ніхто. Але намёк зразумелы.
 

Кошт здрады
 

Спынімся на першым, арганізацыйным пытанні.
 

Праблемы, з якімі сутыкнулася ў гэтай сферы цяперашняя кіеўская ўлада, схематычна могуць быць зведзены да наступнага пераліку:

— На працягу доўгага часу ў кіраўніцтве спецслужбаў прысутнічала расейская агентура;
 

— Праявіліся масавы сабатаж і здрада з боку супрацоўнікаў спецслужбаў, асабліва на ўсходзе краіны.
 

Вынік: ўцечка інфармацыі, якая выліваецца ў цяжкія страты з боку ўкраінскіх сілавікоў, якія былі задзейнічаныя ў антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе.
 

Другі, менш вядомы факт — гэта тое, што ўкраінская сістэма урадавай сувязі апынулася ўразлівай і не магла забяспечыць абароненасць інфармацыйных патокаў у пачатковы перыяд крызісу. Наколькі вырашана гэтая праблема зараз — пытанне адкрытае. Нейкія меры, безумоўна прыняты, і вынікі адпаведна таксама можна назіраць.
 

Дастаткова адзначыць, што, па ўскосных прыкметах, украінскі бок пачаў атрымліваць выведінфармацыю ад ЗША. Вашынгтон гатовы быў даць выведдадзеныя ўжо з сярэдзіны сакавіка. Аднак не мог гэтага зрабіць па прычыне адсутнасці надзейных каналаў сувязі і пагрозы уцечкі інфармацыі.
 

Архітэктура ўкраінскіх органаў дзяржбяспекі да пачатку крызісу
 

Каб прадстаўляць сітуацыю лепш, варта спыніцца на архітэктуры спецслужбаў Украіны:

— Упраўленне дзяржаўнай аховы (УДА) — спецыяльны орган па ахове органаў дзяржаўнай улады і вышэйшых службовых асоб краіны, колькасць каля 2700 супрацоўнікаў.
 

— Служба знешняй выведкі — адказвае за выведвальную дзейнасць у палітычнай, эканамічнай, ваенна-тэхнічнай, навукова-тэхнічнай, інфармацыйнай і экалагічнай сферах, колькасць — 4350 чалавек.

— Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны — ажыццяўляе выведвальныя функцыі ў ваеннай, ваенна-палітычнай, ваенна-тэхнічнай, ваенна-эканамічнай, інфармацыйнай і экалагічнай сферах у інтарэсах ваеннага ведамства, колькасць засакрэчаная.
 

— Ваенная служба правапарадку Узброеных сіл — спецыяльны праваахоўны орган, агульнай колькасцю да 1,5% ад колькасці арміі (прыкладна да 2300 чалавек). Уяўляе цікавасць, таму што на яе ўскладзеныя ў тым ліку і функцыі супрацьдыверсійнай і антытэрарыстычнай барацьбы. Ва ўмовах Украіны — больш чым актуальна.
 

—  Дзяржаўная служба спецыяльнай сувязі і абароны інфармацыі Украіны (ДСССАІ) — тэхнічная спецслужба пры прэзідэнце, на якую ўскладзеныя функцыі правядзення палітыкі ў сферы абароны дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў, забеспячэння работы урадавай сувязі, нацыянальнай сістэмы канфідэнцыйнай сувязі, крыптаграфічнай і тэхнічнай абароны інфармацыі. Лімітавая колькасць, уключаючы войскі урадавай сувязі — 7220 чалавек. Плюс, у падпарадкаванні ДСССАІ знаходзіцца 16 прадпрыемстваў.
 

— Служба бяспекі Украіны — вядучая спецслужба, якая забяспечвае дзяржбяспеку, асноўны пераемнік КДБ УССР. І самая шматлікая з украінскіх спецслужбаў — 33 500 супрацоўнікаў.

Да чаго ўвесь гэты пералік? Падкрэслім: у перыяд сваёй незалежнасці Украіна ў цэлым была даволі дэмакратычнай краінай. Месцамі (напрыклад, у Крыме) нават занадта дэмакратычнай. Што не перашкодзіла ёй стварыць разгалінаваную структуру спецслужбаў. І дастаткова шматлікую.
 

Лічбы прыведзены нездарма: колькасць структуры вызначаецца аб'ёмам ўскладзеных на яе функцый і выкананых задач. Безумоўна, спецслужбы не чужыя бюракратыі. І, як кожная бюракратычная машына, з часам разрастаюцца за кошт структурных падраздзяленняў, патрэба ў якіх, кажучы мякка, не відавочная.
 

Але не варта пры гэтым забываць, што існуюць функцыі, якія спецслужбы выконваюць па-за залежнасці ад памеру сваіх краін. І з чаго б гэта ў малых краінах для выканання такіх функцый патрабавалася менш персаналу? У такой сітуацыі менш людзей — менш эфектыўнасці.
 

З нейкага моманту ўзнікае пытанне: а ці варта гэтым кірункам займацца наогул? Многія малыя краіны NАТО, па сутнасці, пераклалі асноўныя выведвальныя функцыі на буйныя дзяржавы блока, задавальняючыся тым, што атрымліваюць па абмене інфармацыю, і некаторыя функцыі палітычнай выведкі.
 

Высновы для Беларусі
 

У ходзе падзей, якія рушылі пасля украінскай рэвалюцыі, высветлілася, што СБУ практычна недзеяздольная, таму што наводненая замежнай агентурай. Мелі месца факты здрады сваіх жа таварышаў па службе, якія прывялі да страт з боку дзяржбяспекі. Мяркуючы па сітуацыі з урадавай сувяззю, не лепшая.
 

Фактычна на пачатак крызісу захавалі дзеяздольнасць толькі знешняя і ваенная выведкі, Упраўленне дзяржаховы.
 

Асобна варта адзначыць, што аб'ектыўна кожная з украінскіх спецслужбаў перакрывала збольшага кампетэнцыю іншых. Асабліва ў частцы выведкі і контрвыведкі. Уяўляецца, што ніякага глыбокага сэнсу першапачаткова ў гэтым не было. Проста так склалася. І гэта ва ўмовах першапачатковага крызісу СБУ ў пэўнай ступені выраўноўвала сітуацыю. А вось там, дзе такога «нахлёсту» функцый не было, сітуацыя апынулася крытычнай: прыклад ДСССАІ паказальны.
 

Але, дзеля аб'ектыўнасці, варта адзначыць, што заўсёды ёсць задачы, для вырашэння якіх стварэнне паралельных структур занадта дорага, а часам і немагчыма. І гэта тое тонкае месца, якое можа парвацца.
 

З гэтага вынікае першая выснова: там, дзе дубляванне функцый у сферы дзяржаўнай бяспекі не цягне значных выдаткаў і маецца кадравы рэзерв для камплектавання некалькіх ведамстваў, якія працуюць паралельна, гэта трэба рабіць.
 

У першую чаргу, гаворка ідзе аб агентурнай выведцы, контрвыведцы, барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, супрацьдыверсійнай дзейнасці. Тэхнічныя кірункі (спецсувязь, стратэгічная радыёэлектронная выведка) для сярэдняй небагатай краіны кшталту Беларусі, мабыць, могуць апынуцца непад'ёмнымі для дублявання некалькімі структурамі ў сілу матэрыяльных фактараў і адсутнасці неабходнай колькасці спецыялістаў.
 

А далей уявім, што ва Украіне спраўдзілася б мара часткі нашых дэмакратаў і была б створана адна, пажадана маленькая, спецслужба. Што б было ў такой сітуацыі? Хутчэй за ўсё, Украіны ўжо б не было.
 

І мы прыходзім да другой высновы: фрагментацыя спецслужбаў, нягледзячы на тое, што гэта патрабуе павелічэння фінансавання (хаця б на ўтрыманне адміністрацыйнага апарата) дазваляе забяспечыць устойлівасць сістэмы дзяржбяспекі перад тварам агентурнага ўздзеяння варожых дзяржаў.
 

Кажучы прасцей, замежны агент ўплыву, які стаіць у кіраўніцтве важнага органа — тавар адзінкавы. Яго ўкараненне і прасоўванне — складаны шматгадовы і дарагі працэс. Чым больш спецслужбаў, тым надзейней для краіны. Як гэта ні парадаксальна гучыць.
 

У ходзе баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны вызначыліся падраздзяленні Упраўлення дзяржаховы. Асабліва снайперы. Менавіта яны, дэсантаваныя з верталётаў, «падчысцілі» шэрагі тэрарыстаў у Славянску.
 

І вось выснова трэцяя: у кожнай спецслужбе павінен быць свой сілавы блок. З абавязковым уключэннем снайпераў, прычым добра экіпіяваных. Мяркуючы па ўсім, ва ўсёй Украіне толькі ў снайпераў УДА былі магчымасці вядзення бою ў начных умовах. Астатнія сілавыя структуры толькі зараз пачалі вырашаць пытанні з закупкай буйнакаліберных вінтовак і прыстасаванняў для начной стральбы.
 

Не варта забываць і пра такую любімую у асяроддзі беларускіх дэмакратычных актывістаў тэму, як люстрацыі. У Беларусі гэта слова устойліва асацыюецца з групавой адказнасцю. Падобна на тое, аналагічна ўспрымалася яно і ва Украіне. Да чаго прывёў роспуск «Беркута» — вядома. Потым падраздзяленне аднавілі і жадаючыя змаглі працягнуць службу. Але ў многіх рэгіёнах было ўжо позна.
 

Выснова чацвёртая: адказнасць, у тым ліку і палітычная, можа быць толькі індывідуальнай за канкрэтныя персанальныя правіннасці, але ніяк не групавой, калі ўсе адказваюць за правіны некаторых.
 

Не трэба секчы з пляча
 

Падводзячы вынік, можна сказаць наступнае. Дыскусіі аб скарачэнні колькасці беларускіх спецслужбаў недальнабачныя. Варта весці гаворку аб пераразмеркаванні рэсурсаў (чалавечых і фінансавых) унутры сістэмы для больш поўнага выканання іх функцый. Дарэчы, колькасць беларускіх спецслужбаў засакрэчаная, і разважаць у катэгорыях «шмат-мала» для людзей па-за гэтай сферы наогул недарэчна.
 

Фрагментацыя сілавых структур Беларусі накіравана перш за ўсё на павышэнне іх падкантрольнасці першай асобе дзяржавы. Разам з тым, такая фрагментацыя заканамерна ўскладняе для суседніх дзяржаў задачу ўздзеяння на сілавыя ведамствы Беларусі ў сваіх інтарэсах.
 

А дубляванне, ці дакладней сказаць пэўны перакрыццё функцый — рэч проста неабходная. Так, гэта каштуе дадатковых грошай, вядзе да павелічэння штатаў спецслужбаў. Але ці варта на гэтым эканоміць? Прыклад Украіны дае выразны адказ на гэтае пытанне.
 

Даведка:

Андрэй Паротнікаў. Нарадзіўся ў 1978 годзе ў Бабруйску. Па заканчэнні юрыдычнага факультэта БДУ працаваў у следчых органах МУС і страхавым бізнэсе. У студзені 2011 года заснаваў аналітычны праект Belarus Security Blog.
 

Паводле naviny.by

Пераклад НЧ