Выкладчыкі ЕГУ заклікаюць рэктара Міхайлава да адстаўкі
На пазачарговым пасяджэнні Сената ЕГУ 6 лютага частка выкладчыкаў прапанавала рэктару Анатолю Міхайлаву сысці ў адстаўку. Сенат выказаў недавер прарэктарам Бернардасу Гайлюсу і Аляксандру Каўбаску.
Анатоль Міхайлаў
«Сітуацыя крызісу ў нашым універсітэце дасягнула свайго піку. Сёння фактычна гаворка ідзе пра тое, што гэты калектыў руйнуецца, руйнуецца атмасфера даверу, вальнадумства, сумеснага
пошуку ісціны. Драматычным увасабленнем крызісу сталі адносіны адміністрацыі з беларускай акадэмічнай супольнасцю ў асобе Сената, якія па сутнасці зайшлі ў тупік. Магчыма, самым мудрым у гэтай
сітуацыі было б вяртанне да вытокаў. Ваша вяртанне ў акадэмічны калектыў — ад якога вы вольна або мімаволі дыстанцыяваліся — у якасці прызнанага навуковага аўтарытэту і ідэйнага
натхняльніка.
Мы звяртаемся да Вас з просьбай прыняць самастойнае і адказнае рашэнне аб ганаровай адстаўцы», — гаворыцца ў адкрытым лісьце на адрас Міхайлава.
Выкладчыкі таксама выказалі вотум недаверу прарэктару па адміністраванні і інфраструктуры Бернардасу Гайлюсу і прарэктару па акадэмічных пытаннях Аляксандру Каўбаску.
Аўтары заявы просяць Кіраўнічую раду і Раду суўладальнікаў (GAPO) увесьці ў ЕГУ антыкрызіснае кіраванне.
5 лютага Бернардас Гайлюс падпісаў загад пра звальненне старшыні Сената прафесара Паўла Церашковіча.
«Звальненне старшыні Сената з'яўляецца адкрыта рэпрэсіўнай мерай супраць нязручнага актывіста і актам запалохвання акадэмічнай супольнасці. Мы патрабуем скасаваць загад пра
звальненне Паўла Церашковіча, бо яно абражае акадэмічную супольнасць і публічна дыскрэдытуе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт», — адзначаецца ў лісце ў абарону Паўла
Церашковіча.
«Нягледзячы на рэзкія заявы, што сыходзяць з Сенату сёння, адміністрацыя застаецца перакананай, што халодныя галовы пераважаць», – заявіў прарэктар па развіцці і
камунікацыі ЕГУ Дарыюс Удрыс, каментуючы крызісную сітуацыю ва ўніверсітэце.
«Нашая прапанова застаецца – абмеркаваць канфліктныя пытанні з Сенатам калегіяльным спосабам праз адмысловую камісію, і мы чакаем ад Сенату станоўчага адказу. Змены ніколі не
бываюць лёгкімі, але для ўніверсітэта важна дасягнуць лепшай якасці, як у акадэмічных, так і адміністратыўных справах. Мы ўпэўненыя, што працэс, якім бы складаным ён ня быў, палепшыць якасць таго,
што мы прапануем студэнтам.
Адміністрацыя сама запрасіла даследаванне Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, каб вызначыць сферы, паляпшэнне якіх патрабуецца. Гэта яснае сведчанне нашага абавязальніцтва палепшыць якасць як
акадэмічных, так і адміністратыўных справаў у ЕГУ».
Радыё Свабода