«З цывільнай машыны выскачылі трое ў масках і загадалі сядаць». Як затрымлівалі абаронцаў Курапатаў
У аўторак, 10 лістапада, пасля 10-дзённага арышту з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна выйшаў удзельнік Курапацкай варты Рыгор Асаула.
Удзельнікаў варты абароны Курапатаў Рыгора Асаулу, Ганну Шапуцьку і Віктара Шапуцьку затрымалі ў суботу, 31 кастрычніка, каля рэстарана «Поедем поедим» ля Курапатаў. Актывісты штотыдзень стаяць там разам па суботах, і да гэтага іх ніхто не затрымліваў.
— Пад’ехала цывільная машына на нас на хуткасці, а потым з яе — раз! — трое ў масках. Усё, пайшлі ў машыну, нават пікнуць не паспелі. Пазваніць нікому не дазволілі, толькі Ганна паспела набраць дачцэ, — узгадвае Рыгор Асаула.
Абаронцаў Курапатаў прывезлі ў Савецкі РУУС Мінска. Паводле Рыгора Асаулы, стаўленне ў міліцыі да затрыманых не было жорсткім фізічна, але іх стараліся маральна прынізіць.
— Біць не білі, але ў РУУСе спрабавалі даказаць, якія мы скаты. У міліцыянтаў тэлевізар у галаве. Казалі, што мы іх пазабіваем, — гаворыць Рыгор.
Абаронцам Курапатаў сказалі, што ў міліцыю патэлефанавалі з рэстарана. На ўдзельнікаў Варты склалі па два пратаколы: за ўдзел у пікетаванні на 51-м кіламетры МКАД і за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Праўда, пазней другі пратакол знялі: суд удалося пераканаць у тым, што аказваць супраціў міліцыянтам было проста немагчыма. Ды й «сведкі» на працэсе былі зусім не тыя, якія затрымлівалі пікетоўцаў рэстарана.
Праз некаторы час вязняў прывезлі на Акрэсціна. Тут Рыгор сустрэў цікавых людзей, сярод якіх — нават доктара, які 6 гадоў назад лячыў яму нагу.
Па словах Рыгора, вязняў на Акрэсціна «ўтрамбавалі» перад нядзельным маршам: у камеру на 8 чалавек напхнулі 16.
— Штампуюць (справы. — НЧ) — не важна, быў ты на мітынгу ці міма ішоў, ёсць малыя дзеці ці не. Пратаколы іншым разам увогуле на пустым месцы. Вось, чалавек адседзеў 15 сутак. На яго склалі пратакол, нібыта ён быў на маршы па адрасе Партызанскі праспект, 81. Яго апазналі па фатаграфіі з пашпарта. Не па фатаграфіі з месца, а нехта яго ўбачыў, потым сядзеў, шукаў пашпартныя даныя і «апазнаў». А чалавек на гэтым месцы не быў гадоў 10, апошні раз – калі браў даведку на Бехцерава для правоў кіроўцы. Хлопчык сядзеў, студэнт. Адразу закінулі ў карцар. У апошні дзень тэрміну забралі нібыта за новае правапарушэнне. Запалохваюць, — зазначае ўжо былы вязень.
Рыгора Асаулу асудзілі на 10 сутак арышту, затрыманыя з ім Віктар і Ганна Шапуцькі атрымалі 12 і 15 сутак адпаведна.
— Калі Ганна зайшла ў камеру, мы адразу пачулі: там чатыры дні запар спявалі песні — «Муры», «Пагоню», «Купалінку», усе хлопалі, — згадвае Рыгор.
Умоваў у зняволенні, па сутнасці, не было ніякіх: матрасы на дзень загадвалі скручваць, прагулак і душа не было. Што праўда, перадачы даходзілі.
На здароўе пасля арышту Рыгор Асаула не скардзіцца.
— Нават таблеткі давалі, не забываючы папракнуць, што спіна баліць, а на Курапатах стаяць — не баліць.