Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю (фотафакт)
Грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю з Баранавіцкага СІЗА пасля 15 сутак арышту.

Фота: Юра Сідун, фэйсбук Насты Дашкевіч
Нагадаем, Змітра Дашкевіча затрымалі, калі ён вяртаўся дадому ў нядзелю, 25 кастрычніка. 26 кастрычніка над ім адбыўся суд, дзе ён заявіў пра катаванні ў ізалятары на Акрэсціна.
«Змясцілі ў карцар, не дазволілі адшпіліць ложак ад сцяны. То-бок спаць прапанавалі на голым халодным бетоне. Змыў не працуе, вады ў карцары няма зусім, не далі нават бутэльку вады, каб змыць туалет. Я ніколі не быў у такіх умовах за ўсю гісторыю сваіх зняволенняў у розных месцах Беларусі. Сутыкаўся з тым, што даводзілася спаць на дошках, але ніколі не было такога, каб у камеры — толькі голы бетон. Запытаўся ў начальніка ІЧУ, ці гэта па законе, той сцвяржджае, што так, гэта нібыта законна», — распавядаў Зміцер Дашкевіч.
27 кастрычніка Дашкевічу далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Неўзабаве пасля суда яго перавялі ў ізалятар у Баранавічы.