З верай у дырэктыву

У апошні дзень 2010 года была падпісаная дырэктыва № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь», якую чакалі прадстаўнікі бізнэсу. Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур заявіў, што «гэта палітычны дакумент, які вызначае стратэгічную мэту і рух да яе». Але, па завядзёнцы беларускай палітыкі, незваротныя рашэнні бываюць рэдка.

У апошні дзень 2010 года была падпісаная дырэктыва № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь», якую чакалі прадстаўнікі бізнэсу. Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур заявіў, што «гэта палітычны дакумент, які вызначае стратэгічную мэту і рух да яе». Але, па завядзёнцы беларускай палітыкі, незваротныя рашэнні бываюць рэдка.
«Па сутнасці, гэта праграмны дакумент, накіраваны на далейшую лібералізацыю эканомікі і разняволенне дзелавой ініцыятывы, стварэнне спрыяльных умоў для дынамічнага і ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь», — гаварылася ў афіцыйным паведамленні пасля падпісання дырэктывы.
Дакумент мае дзевяць раздзелаў, «кожны з якіх сфакусаваны на ўхілення наяўных бар’ераў, з якімі сутыкаюцца суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці». Галоўныя задачы гучаць так: забяспечыць далейшае развіццё добрасумленнай канкурэнцыі суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці незалежна ад формы ўласнасці; ствараць умовы для бесперашкоднага ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці; ліквідаваць залішнія адміністрацыйныя бар’еры пры ўзаемадзеянні паміж дзяржаўнымі органамі і юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі; завяршыць гарманізацыю падатковай сістэмы Беларусі з дзеючымі ў еўрапейскіх краінах.
А таксама надаць падатковаму заканадаўству характар, стымулюючы добрасумленнае выкананне падатковых абавязальніцтваў і дзелавую ініцыятыву, кантрольнай (нагляднай) дзейнасці папераджальны характар; удасканаліць інфраструктуру і сістэму фінансавання малога прадпрымальніцтва; пазбегнуць залішняга рэгулявання рынку працы; сфармаваць прававую базу, стымулюючую развіццё механізмаў дзяржаўна-прыватных партнёрстваў; забяспечыць адназначнае прававое рэгуляванне і стабільнасць заканадаўства, якія рэгулююць прадпрымальніцкую дзейнасць.
Ацэнкі экспертаў у эфектыўнасці выкання праграмных пунктаў дакумента разыходзяцца. Так, старшыня праўлення Асацыяцыі малога і сярэдняга бізнэсу Сяргей Балыкін мяркуе, што галоўная вартасць дырэктывы № 4 складаецца ў тым, што ўпершыню на дзяржаўным узроўні прызнана наяўнасць праблем у бізнэсе, яны сістэматызаваныя і выкладзеныя ў выглядзе нейкага плану дзеянняў. «Аднак варта адзначыць, што падобнага кшталту дакументы неабходна было прымаць гадоў 10–15 таму. Дырэктыва хоць і добрая, але запазнілася», — цытуе Сяргея Балыкіна БелаПАН.
Кіраўніцтва Беларусі доўгія гады імкнулася захоўваць у сваёй аснове бюракратычную сістэму кіравання эканомікай, а асобныя крокі хіба што толькі змякчалі нагрузку на бізнэсоўцаў. І цяпер рэзкі разварот у супрацьлеглы бок выглядае даволі міфічным. Да таго ж не трэба забывацца, што фармаванне сапраўднага сярэдняга класа, які не залежыць ад кантрактаў і працадаўцаў, не спрыяе стабільнасці аўтарытарнай сістэмы.
Дырэктар юрыдычнай кампаніі «Элайнс Груп» Уладзімір Нясмашны гаворыць, што бачнага эфекту ад дырэктывы № 4 можна чакаць не раней чым праз год-паўтара. Па словах эксперта, дырэктыва як нарматыўны акт не з’яўляецца актам заканадаўства ў правапрымяняльным сэнсе і толькі вызначае кірункі развіцця нарматворчасці і дзяржаўнай эканамічнай палітыкі. Сама па сабе яна «не ўносіць змены ў наяўныя нарматыўныя акты і не ўсталёўвае самастойных правіл, якія мусяць ужывацца суб’ектамі гаспадарання, і не вызначае якія-небудзь пэўныя тэрміны для ўкаранення тых новаўвядзенняў, якія ёю апавяшчаюцца», — заявіў Нясмашны ў інтэрв’ю інтэрнэт-парталу «Тэлеграф».
Увогуле, актыўныя размовы вакол дырэктывы № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь» крыху падобныя на спробу прадэманстраваць панацэю ад хвароб, якія спараджае не толькі бюракратычны апарат. Падзеі 19 снежня і цягам наступных тыдняў моцна падмачылі і без таго не пазітыўную рэпутацыю беларускай дзяржавы. Еўрасаюз даў негатыўную ацэнку кіраўніцтву краіны, вядуцца размовы аб увядзенні эканамічных санкцый. Некаторыя краіны ЕС, як, напрыклад, Нідэрланды, настроеныя ў гэтым плане рашуча. Разам з тым, па выніках дыскусіі ў Еўрапейскім парламенце па беларускаму пытанню чыноўнікі ЕС дамовіліся наконт санкцый у адносінах да ўладаў, але не да беларускага народа.
«Мы павінны адрэагаваць хутка і прапарцыйна, але зрабіць гэта без ізаляцыі беларусаў. Нашы дзеянні павінны быць накіраваныя супраць тых, хто вінаваты ў парушэннях, але не супраць простых людзей, — заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле, і дадаў: — Еўрасаюз мусіць адкрыць каналы прамой дапамогі НДА, СМІ і студэнтам, а таксама спрасціць для беларусаў магчымасці паездак у ЕС». Для ўладаў пакуль гучаць папярэджанні аб візавых санкцыях, што ёсць «пытаннем некалькіх дзён, а не тыдняў».
Хутчэй за ўсё, махавік рэпрэсій не будзе спынены цягам бліжэйшых дзён (інакш для чаго такі размах) і Беларусь апынецца не ў месцы пацяплення на заходнім фронце, а акурат у чарговым ледавіковым перыядзе. Не трэба забывацца, што ў парадку дня застаецца Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам, які адкрывае рынак для тавараў з гэтых краін і, натуральна, з Кітаю. Што лагічна запатрабуе ад айчынных вытворцаў і якасці, і паваротлівасці, каб вытрымліваць канкурэнцыю на ўнутраным і знешнім рынку.
Спачатку рэсурсы для функцыянавання беларускай эканамічнай мадэлі (якую ўжо ахрысцілі НЭПам) можна будзе атрымаць за кошт новых умоў пастаўкі-перапрацоўкі расійскай нафты. Аднак асноўнымі спажыўцамі прадуктаў беларускіх НПЗ акурат з’яўляюцца краіны ЕС, каля 80% беларускіх нафтапрадуктаў ідуць у прыбалтыйскія парты. Таму, калі рашэнне аб эканамічных санкцыях з боку ЕС усё ж будзе прынятае, нафтавы экспарт можа падкасіць і без таго слабыя пазіцыі гандлёвага балансу. А Расія ў адказ не праміне скарыстацца палітычнымі і эканамічнымі наступствамі ўступлення Беларусі ў адзіную эканамічную прастору.