За кратамі, бо журналісты. 20 нашых калег пакуль не могуць працаваць
На сённяшні дзень 20 незалежных журналістаў адбываюць суткі за сваю прафесійную дзейнасць. Яны сумленна рабілі сваю працу, таму і трапілі за краты.

Марына Кастылянчанка, незалежная журналістка, 30 сутак

Марына збірае інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі і працуе над публікацыямі для сайта праваабарончага цэнтру «Вясна». Яе затрымалі 30 кастрычніка, пасля таго як яна сустрэла свайго сябра, якога вызвалілі з ізалятара ў завулку Акрэсціна ў Менску. Падчас затрымання Марына была ў кавярні.
Марыну абвінавацілі ў тым, што 30 кастрычніка яна «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады, выкрыквала лёзунгі «Трыбунал», «Жыве Беларусь», «Сыходзь», а пры затрыманні аказала супраціў супрацоўнікам міліцыі, адмаўляючыся прайсці ў службовы транспарт».
Марына Кастылянчанка мусіла выйсьці на волю пасьля 15-дзённага арышту ў суботу 14 лістапада а 18:30. За паўгадзіны да вызвалення Марына і яшчэ пяць чалавек атрымалі рапарты ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКу аб тым, што яны нібыта 25 кастрычніка ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным шэсці ў Менску. Агулам у СІЗА яна правядзе месяц.
Прысуд: 30 сутак за два артыкулы Адміністрацыйнага кодэксу: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаваньне службовай асобе).
Суддзі: Жанна Хвайніцкая, Мікалай Кміта.
Максім Хлябец, журналіст «Брестской газеты», 15 сутак

Журналіст Максім Хлябец асвятляў акцыю пратэсту ў Берасці 18 кастрычніка. Сведкам супраць яго выступіў намеснік кіраўніка абласной міліцыі Аляксандр Кісель.
«Грамадзяне ў сініх накідках знаходзіліся сярод людзей, якія скандавалі крычалкі «Жыве Беларусь» і «Менск, мы з вамі», рухаліся ў складзе калёны. Ясна было відаць, што калёна рухалася за імі і яны ведалі, куды яе весьці», — сказаў Кісель на судзе.
Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт 23.34).
Суддзя: Аляксандр Семянчук.
Раман Чмель, фатограф «Брестской газеты», 15 сутак

Як і ягоны калега Максім Хлябец, фотакарэспандэнт Раман Чмель асвятляў акцыю пратэсту ў Берасці 18 кастрычніка. Сведкам супраць Рамана таксама выступіў намеснік кіраўніка абласной міліцыі Аляксандр Кісель.
«Яны ўвесь час знаходзіліся побач з грамадзянамі. Калі выйшлі з Машэрава, пазаштатныя карэспандэнты пайшлі наперадзе калоны, а людзі пайшлі за імі», — сказаў Кісель.
Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт 23.34).
Суддзя: Андрэй Грушко.
Наста Захарэвіч, журналістка «Зялёнага парталу», 15 сутак

Журналістку Насту Захарэвіч затрымалі ў кветкавай краме каля ГУМу ў Менску. Захарэвіч стаяла каля праспекту Незалежнасці, дзе праходзіў марш людзей з інваліднасцю. Амапаўцы кінуліся за ёй. Захарэвіч зайшла ў кветкавую краму, дзе яе і затрымалі.
Раней Наста ўжо правяла за кратамі сем дзён.
Прысуд: Насту асудзілі на 15 сутак па двух артыкулах: 23.34 і 23.4.
Суддзя: Юлія Шут.
Раман Папкоў, журналіст «МБХ Медиа», 15 сутак

Раман Папкоў, журналіст з расейскім грамадзянствам, асвятляў «Жаночы марш», які праходзіў у Менску 7 лістапада. На праспекце Незалежнасці яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Аднак у судзе яго абвінавацілі ва ўдзеле ў іншай акцыі пратэсту — у «Маршы гонару», які прайшоў у Менску 11 кастрычніка. Сваёй віны ён не прызнаў. Па словах Рамана Папкова, на тым маршы ён быў у якасці журналіста.
Таксама на судзе Раману паведамілі, што яму забаронены ўезд у Беларусь.
Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве арт 23.34).
Кацярына Карпіцкая, журналістка «Нашай Нівы», 15 сутак

Журналістку Кацярыну Карпіцкую затрымалі 7 лістапада падчас «Жаночага маршу», які яна асвятляла. Суд над ёй адбыўся толькі праз тры дні, цягнуўся болей за тры гадзіны. Кацярыну прызналі вінаватай ва ўдзеле ў пратэсце. падчас «Жаночага маршу», які яна асвятляла. Суд над ёй адбыўся толькі праз тры дні, цягнуўся болей за тры гадзіны. Кацярыну прызналі вінаватай ва ўдзеле ў пратэсце.
Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт 23.34).
Суддзя: Людміла Цяліца.
Арцём Лява, карэспандэнт газэты «Новы час», 15 сутак

Арцёма Ляву затрымалі 8 лістапада падчас нядзельнага маршу ў Менску.
Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт 23.34).
Яўген Шапчыц, рэжысэр і прадусар, 15 сутак

Яўгена Шапчыца затрымалі 8 лістапада падчас нядзельнага маршу ў цэнтры Менску. Яўген быў у ізалятары ў Жодзіне, у дзень суда яго перавезлі на Акрэсціна. Суд прайшоў праз 4.5 гадзіны пасля таго, як скончыліся 72 гадзіны з моманту ягонага затрымання.
Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт 23.34).
Суддзя: Марына Ярохіна.
Ян Аўсеюшкін, карэспандэнт БелаПАН, 15 сутак

Яна Аўсеюшкіна затрымалі каля гандлёва-забаўляльнага цэнтру Galleria Minsk падчас нядзельнага маршу ў Менску. Пра сваё затрыманне ён паспеў паведаміць сваякам праз тэлефон.
Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт 23.34).
Аляксандар Сідарэўскі, журналіст Белсату, 15 сутак

Аляксандар Сідарэўскі 10 лістапада быў затрыманы каля будынку суду, куды ён прыйшоў на працэс надсваім калегам. Сідарэўскага адправілі «даседжваць» суткі за прысуд, які вынеслі яшчэ ў кастрычніку — за ўдзел у пратэсце ў цэнтры Магілёва, які ён асвятляў як журналіст.
Прысуд: 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт 23.34).
Суддзя: Максім Курпачанка.
Алег Груздзіловіч, журналіст, 15 сутак

Міліцыянты прыйшлі ў 19.30 у кватэру журналіста Алега Груздзіловіча і прадэманстравалі яму здымкі з акцыі пратэсту 25 кастрычніка ў Менску, на якіх ён быў. Сказалі, што трэба нешта яшчэ ўдакладніць, і адвезлі яго ў Фрунзенскае РУУС Менску. Празь некалькі гадзін аказалася, што ён у ізалятары на Акрэсьціна.
Алег Груздзіловіч доўгі час быў карэспандэнтам беларускай службы Радыё Свабода. 29 жніўня 2020 года ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС. 25 кастрычніка на нядзельным маршы ён працаваў на газету «Народная воля».
Прысуд: 15 сутак па артыкуле 23.34.
Суддзя: Марына Ярохіна.
Андрэй Рабчык, апэратар, 15 сутак

Андрэя Рабчыка затрымалі ў гатэлі «Арбіта» 15 лістапада падчас пратэставай акцыі. Ад 2017 году працаваў карэспандэнтам Радыё Свабода. Падчас выбарчай кампаніі аператара Свабоды затрымлівалі чатыры разы «для праверкі дакументаў».
Прысуд: 15 сутак за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (арт 23.34).
Суддзя: Сяргей Кацар.
Андрэй Шаўлюга, фатограф БелаПАН, 15 сутак

Яго затрымалі разам з Андрэем Рабчыкам ў нумары гатэлю «Арбіта» 15 лістапада падчас акцыі пратэсту. З гэтага нумару ён вёў фатаграфаваў і здымаў на відэа пратэст каля станцыі мэтро «Пушкінская». У 12:30 у нумар зайшлі 3 чалавекі ў спартовых касцюмах і масках, назваліся міліцыяй. Потым супрацоўнікі АМАП адвезлі Шаўлюгу ў РУУС Маскоўскага раёну.
17 лістапада Андрэя асудзілі за ўдзел у пратэсце, хоць падчас затрымання ён быў у гатэлі. Сведкай у Шаўлюгі і яшчэ ў сямі затрыманых выступіў невядомы чалавек, які агучваў абвінавачаньне, як гэта было запісана ў пратаколах.
Прысуд: 15 сутак за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (артыкул 23.34).
Суддзя: Сяргей Кацар.
Кацярына Андрэева, журналістка Белсату, 7 сутак

Кацярыну затрымлівалі ў кватэры аднаго з дамоў на «плошчы Пераменаў», адкуль яна вяла жывую трансляцыю 15 лістапада падчас акцыі пратэсту. Дзверы кватэры выламалі, унутр забеглі каля 10 спецназаўцаў. Калі Кацярыну прывезлі ў РУУС, ёй стала блага, яе званітавала і яна страціла прытомнасць. На машыне хуткай дапамогі яе адвезлі пад канвоем у 9-ю лякарню. Ёй прапісалі пасцельны рэжым, поўны спакой і абавязковы візіт да нэўролага на наступны дзень. Але раніцай 16 лістапада яе забралі ў РУУС, а адтуль даставілі ў ЦІП. 17 лістапада яе судзілі.
Прысуд: 7 сутак за парушэнне двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу: 23.34 і 23.4.
Суддзя: Вольга Няборская.
Дар’я Чульцова, журналістка Белсату, 7 сутак

Дар’ю затрымалі разам з Кацярынай Андрэевай у кватэры на «плошчы Пераменаў». 15 лістапада яны працавалі там падчас пратэставай акцыі.
Прысуд: 7 сутак за парушэнне двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу: 23.34 і 23.4.
Суддзя: Вольга Няборская.
Ігар Карней, журналіст, 10 сутак

Ігара Карнея затрымалі 15 лістапада падчас нядзельнага маршу ў Менску. Сям’я і калегі не ведалі пра суд і вырак. Яны ўвесь гэты час шукалі Ігара ў судах. Урэшце пра вырак стала вядома са спісаў зняволеных у Жодзіне.
Прысуд: 10 дзён арышту.
Кацярына Мядзьведзева, фатографка, 15 сутак

Фатографку Кацярыну Мядзьведзеву затрымалі на маршы людзей з інваліднасцю 12 лістапада. Суд Маскоўскага раёну Менску пакара. Прысуд: 15 сутак.
Аляксандра Квіткевіч, журналістка TUT.BY і «Новага часу», 15 сутак

16 лістапада Аляксандра асьвятляла марш пэнсіянэраў у Менску. Пасьля заканчэньня акцыі яна перастала выходзіць на сувязь. Пазьней высьветлілася, што яе затрымалі, адвезьлі ў Ленінскі РУУС і склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Потым Квіткевіч перавялі ў ізалятар на завулку Акрэсьціна. У пратаколе сказана, што Квіткевічі «прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве [ ], рухалася па праезнай частцы выкрыквала правакацыйныя лёзунгі». Сама журналістка настойвае, што яна не падыходзіла нават да пратэстоўцаў
.
Прысуд: 15 сутак.
Суддзя: Настасься Ачалава.
Максім Лаўрэцкі, журналіст БелаПАН, 15 сутак

16 лістапада Максім асвятляў марш пэнсіянэраў у Менску. Пасля акцыі ён чакаў на прыпынку транспарту. Праз паўхвіліны пад’ехаў бусік. Пяць чалавек у чорнай форме АМАПа ўзялі яго пад рукі і зацягнулі ў бус. Аднак у пратаколе запісана, што Лаўрэцкі «актыўна ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве», а таксама «рухаўся разам з групай грамадзян і выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь».
Сведка Варанцоў, супрацоўнік міліцыі, не прысутнічаў у залі, а быў перад камерай «з мяшком на галаве», як адвакат апісаў шчыльную балаклаву без выразных разрэзаў для вачэй. Адвакат Мачалаў заўважыў, што сведку пры адказе на яго пытанні падказвала неўстаноўленая асоба за кадрам.
Прысуд: 15 сутак за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (артыкул 23.34).
Судзьдзя: Тацяна Шоцік.
Уладзіслаў Кулецкі, рэдактар realt.by, чакае суду

Рэдактара парталу аб нерухомасці Ўладзіслаў Кулецкі затрымалі ў Менску 15 лістапада, падчас штонядзельнага маршу. Яго адвезлі ў Ленінскае РУУС.