Забастаўку не бачыш? А яна ёсць. У рабочых захаваўся пратэставы патэнцыял
Беларускія працоўныя выканалі надзвычай важную місію. Варта ім было прыгразіць страйкамі, як на вуліцах краіны адразу спыніўся гвалт. Канешне, і цяпер працуе рэпрэсіўная машына — затрыманні пратэстоцаў працягваюцца, але іх хаця б не катуюць у пастарунках і месцах зняволення. Але гэта — яшчэ не ўсё.
Працоўныя Беларусі маюць выразныя патрабаванні да беларускіх уладаў. У асноўным іх чатыры (у розных варыяцыях). Гэта: спыніць рэпрэсіі і выпусціць палітычных зняволеных; аднавіць працу інтэрнэту ў краіне; расследаваць усе выбарчыя парушэнні і выпадкі катаванняў; правесці новыя, свабодныя і сумленныя выбары.
Па вялікім рахунку, ніводнае з гэтых патрабаванняў да канца не выкананае. Палітвязні застаюцца за кратамі, улады па-ранейшаму блакуюць недзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы, Следчы камітэт не завёў ніводнай крымінальнай справы па выпадках катаванняў, а пра свабодныя і сумленныя выбары і гаворка не ідзе.
Але ў многіх узнікае ўражанне, што працоўны пратэст сцішыўся. Прынамсі, мы ўжо амаль не чуем пра «агульнанацыянальны страйк». Канешне, некаторыя прадпрыемствы і ўстановы працягваюць уяўнае змаганне. Але гіганты кшталту МАЗу і МТЗ, БМЗ і «Белшыны», «Гродна Азоту» і БелАЗу, падаецца, запрацавалі. Ці так гэта?
«Страйкавы суслік» для ўладаў
«Сусліка бачыш? — Не. — А ён ёсць!» — казалі ў серыяле «ДМБ». Дакладна тое ж кажуць цяпер пра «агульнанацыянальны страйк». Мы не бачым, што адбываецца за варотамі прадпрыемстваў. Але, па словах лідара Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука (менавіта гэтая структура ў звязцы з іншымі незалежнымі прафсаюзамі займаецца дапамогай страйкамам), там адбываецца шмат чаго цікавага.
«Трэба сказаць, што складана арганізаваць агульнанацыянальны страйк. І не было гатоўнасці да гэтага рабочых, і працэдура да канца не была вядомая. І, канешне, было і ёсць надзвычай моцнае супрацьдзеянне рэжыму. Вы ведаеце, колькі цяпер рэпрэсій супраць рабочых: разнастайныя запалохванні і судовыя расправы, шэраг працоўных атрымалі прысуды і адбываюць адміністрацыйныя арышты, пакараныя велізарнымі штрафамі. Я не буду пра гэта казаць, і так усё зразумела. У сілу гэтых прычын і няма тых “класічных забастовак”, таго, што мы зазвычай разумеем пад паняццем “забастоўка”», — кажа Ярашук.
Але, як адзначае прафсаюзны лідар, пратэставы патэнцыял рабочых пры гэтым нікуды не падзеўся. «Рабочыя не дэмаралізаваныя, усё проста трансфармавалася ў іншыя формы барацьбы, якія, напэўна, больш бяспечныя для страйкоўцаў і, верагодна, больш адпавядаюць менталітэту беларусаў. Гэта “італьянскія забастоўкі”, калі ўсё робіцца вельмі марудна, сабатаж у розных формах, ігнараванне ўказанняў, “праца па тэхрэгламенце”, калі найменшае невыкананне правілаў выклікае спыненне працы… На самай справе, гэтыя формы страйкаў атрымалі досыць шырокі распаўсюд», — распавядае старшыня БКДП.
Па словах Ярашука, гэтыя формы страйкаў амаль такія ж стыхійныя, як і ўвесь сённяшні беларускі супраціў. «Людзі ў арганізацыях і ўстановах самастойна прыходзілі да высновы, што ім трэба займацца менавіта гэтым, але пры гэтым цалкам будучы перакананымі, што без наступстваў нельга пакідаць масавыя фальсіфікацыі і крывавы тэрор. Людзі поўныя рашучасці гэтыя формы партызанскай барацьбы з рэжымам ажыццяўляць. Гэта, я лічу, удалыя тактыка і стратэгія, і думаю, што яны будуць прыносіць свае вынікі», — адзначае ён.
Самаарганізацыя — добра, але…
Аднак як падобныя «італьянскія забастоўкі», так і дзеянні ўладаў па падаўленні пратэстаў на працоўных месцах прыводзяць да адной істотнай праблемы. І гэтая праблема — бачная адсутнасць персаналій для перамоваў.
Зусім нядаўна з такой жа праблемай сутыкнуўся ўвесь беларускі пратэставы рух. Так, «вуліца» выдатна абыходзіцца без уяўных лідараў, самаарганізаваныя акцыі праходзяць маланкава і крэатыўна, людзі проста выходзяць на вуліцы і дапамагаюць адзін аднаму. Народ патрабуе мірнай перадачы ўлады і правядзення новых, сумленных і свабодных выбараў. Але чыноўнікам, якія, можа, і хацелі б правесці якія-небудзь «закулісныя перамовы» ды перайсці «на светлы бок сілы», няма з кім размаўляць! Святлану Ціханоўскую, Вераніку і Валерыя Цапкала ўлада прымусіла пакінуць краіну, Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, роўна як і Мікалай Статкевіч, і Павел Севярынец, і Сяргей Ціханоўскі — за кратамі. Улада аказалася ў сітуацыі самоты — калі, можа, і варта было б пачынаць перамовы аб стабілізацыі сітуацыі ў краіне, але ладзіць іх няма з кім, бо ўсе, з кім можна было б пра гэта размаўляць, гэтай жа ўладай рэпрэсаваныя.
Каардынацыйная рада па трансферы ўлады, якая была створаная нядаўна, пакуль, шчыра кажучы, не мае такога аўтарытэту, каб з ёю нехта размаўляў.
«Яма лідарства» — гэта праблема і працоўнага страйкавага руху. Прычым, праблема больш сур’ёзная. Як справядліва адзначыў Ярашук, «Лукашэнка сыдзе — і сыдзе, хутчэй, рана, чым позна». А калі ён сыдзе, з кім дырэктар прадпрыемства, які раней разграміў страйкамы і звольніў іх удзельнікаў, будзе дамаўляцца аб спыненні «італьянскай забастоўкі»?
Таму, па словах лідара БКДП, самаарганізацыя працоўных — найважнейшая задача не толькі на сёння, але і на будучыню. «Толькі арганізаваны працоўны рух можа ператварыцца ў інструмент, які прымусіць уладу з сабою лічыцца і забяспечыць транзіт улады. Таму што менавіта транзіт улады — і гэта відавочна, — з’яўляецца асноўным патрабаваннем і мэтай рабочых, якія ўваходзяць у рэжым акцый супраціву. Асноўныя ўмовы рабочых: яны — пункт першы — не прызнаюць Лукашэнку прэзідэнтам, і — пункт другі — альбо прызнаюць прэзідэнтам Ціханоўскую, альбо настойваюць на новых прэзідэнцкіх выбарах», — лічыць Ярашук.
У той жа час ён зазначае, што працоўных трывожыць іх будучыня. «Рабочыя бачаць, што ўся эканамічная палітыка дзяржавы ў дачыненні да буйных прадпрыемстваў зайшла ў тупік. І калі гаворка ідзе пра заўтрашні дзень, яны выдатна разумеюць неабходнасць эканамічных рэформаў», — кажа прафсаюзны лідар. Але ў той жа час ім не хочацца, каб гэтыя рэформы прывялі да банкруцтва прадпрыемстваў і страты іх працоўных месцаў.
Страйкамы супраць прапаганды
Рэформы, у выніку якіх працоўныя страцяць свае месцы, — гэта асноўны прапагандысцкі прыём, якім карыстаюцца ўлады, каб спыніць страйкі на прадпрыемствах. Да гэтага падключыўся нават віцэ-прэм’ер Снапкоў, які заявіў, што забастоўкі аслабляюць эканоміку дзяржавы, а ў выніку «прыйдуць капіталісты і ўсё павыкупляюць за капейкі».
Каб гэтага не здарылася, якраз і патрэбны і арганізаваны працоўны рух, і эфектыўныя страйкамы, якія не дадуць «скупіць заводы за капейкі».
І прафсаюзы, насамрэч, гэта выдатна разумеюць. Як зазначыў Ярашук, гаворка сёння ідзе не проста пра ўдзел рабочых у страйку. «Трэба рыхтавацца да таго, што будзе пасля Лукашэнкі, які, вядома ж, сыдзе, і хутчэй раней, чым пазней. Жыццё ні на Зямлі, ні ў Рэспубліцы Беларусь пасля яго не спыніцца. Трэба думаць пра заўтрашні дзень і да яго рыхтавацца», — лічыць кіраўнік БКДП.
Чым дапамагчы?
Рабочаму руху, безумоўна, патрэбная падтрымка. Працоўныя таксама павінны адчуваць салідарнасць — не толькі ў межах заводу, але і па-за ім. Канешне, цяпер створаны і фонд дапамогі пацярпелым у выніку ўдзелу ў страйку, і людзі выходзяць да прадпрыемстваў з плакатамі: «Чалавек года — працоўны завода!». Але грамадства павінна салідарызавацца з працоўнымі не толькі вонкава, але і ўнутрана.
Забастоўка — гэта эфектыўны сродак ціску на ўладу. Але ў той жа час, па словах Ярашука, «вельмі неадназначнае рашэнне». І не толькі таму, што могуць пацярпець страйкоўцы — у выніку гэтага кроку пакутуюць канкрэтныя людзі. Пакуль спынялі працу заводы. А калі да «ўсеагульнага страйку» далучацца транспартнікі? Медыкі? Грузаперавозчыкі? Гэта адаб’ецца на кожным канкрэтным чалавеку — калі людзі не змогуць даехаць на працу, калі тавары не будуць дастаўляцца ў крамы. Грамадства гэта павінна не толькі зразумець, але і прыняць.
«Неабходна такое разуменне грамадства, якое мы бачым на прыкладах іншых краін, што шмат гадоў жывуць ва ўмовах рэальнай дэмакратыі. Калі ў Францыі ці Германіі страйкавалі чыгуначнікі, гэтыя краіны ахапіў транспартны калапс. І там ад людзей мы чулі адзін адказ: “Вядома, у нас узніклі вялікія нязручнасці, але працоўныя маюць права адстойваць свае інтарэсы”. Трэба, каб і наша грамадства выяўляла такое ж разуменне і такую ж салідарнасць у дачыненні да працоўных, што рашаюцца на вельмі неадназначныя формы барацьбы за правы ўсяго беларускага народа, за аднаўленне законнасці ў краіне», — падкрэслівае Ярашук.
Няма ў рэвалюцыі канца?
Адзін з чальцоў страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі ў інтэрв’ю «Настоящему Времени» казаў, што тое, што адбылося на заводзе, — толькі «чарнавік» пратэстаў. А другая хваля страйкаў будзе сапраўдная.
Пакуль усё выглядае на зацішша, але падштурхне да страйкаў проста эканамічная сітуацыя. Міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназуюць дэфіцыт беларускага бюджэту ў 5,6 мільярда рублёў. Гэтая лічба не выклікае перасцярогі толькі да таго часу, пакуль не ўзгадаеш, што ўвесь беларускі бюджэт — 21 мільярд рублёў, то-бок, у ім не хапае чвэрці (!) грошай. І ў першую чаргу, канешне, знікне бюджэтная падтрымка стратных прадпрыемстваў.
Экспарт тавараў за першае паўгоддзе скараціўся амаль на 20%, прычым нашая «чароўная палачка» — нафтаперапрацоўка, — страціла аж 25% (нягледзячы на танную сыравіну). ВУП краіны знізіўся на 1,7% пры планах яго прыросту на 1,6%. Усе мы ўжо адчулі недахоп валюты ў абменніках.
У гэтым годзе Беларусь павінна выплаціць знешнім крэдыторам 3,9 мільярда долараў, дзве траціны гэтых выплат прыпадаюць на Расію. Пуцін, канешне, пагадзіўся «рэфінансаваць» 1 мільярд долараў, аднак пасля «рэйдарскага захопу» расійскага «Белгазпрамбанку» наўрад ці можна разлічваць на нешта большае. Захад у сувязі з нашымі выбарамі спыняе нават тэхнічную дапамогу, не кажучы ўжо пра крэдыты.
Да таго ж, нам зноў трэба дамаўляцца пра кошт нафты і газа, што ў сувязі з тым жа «Белгазпрамбанкам» будзе вельмі праблематычна.
Карацей, нас чакае эканамічны крызіс з нелегітымнай уладай на чале дзяржавы. Сумесь гэтых двух фактараў — проста дынаміт. Другая хваля актыўных страйкаў амаль непазбежная. Пытанне толькі адно: «Калі?»