У Мінску адбываецца жаночы марш
На марш заклікалі прыносіць сцягі розных краін.
У Мінску праходзіць чарговы жаночы марш. Каля Камароўкі сабраліся тысячы жанчын: хто ў белым, хто ў чорным, хто ў чырвоным.
Шмат бел-чырвона-белых сцягоў, але ёсць таксама іспанскі, літоўскі, італьянскі.
Ужо каля 1000 дзяўчат і жанчын на Камароўцы. Скандуюць: "Мы здесь власть", "Верым, можам, пераможам", "Гэта наш горад", "Кветкі лепш за кулі". Прыйшлі міліцыянты, заклікаюць разысціся, дзяўчаты крычаць ім: "Ганьба" і "Пайшлі вон".
Да натоўпу дзяўчын падышла жанчына, якая пачала казаць, што ў Беларусі мір дзякуючы Лукашэнку і што пратэстоўцы хочуць вайны. Натоўп у адказ пачаў скандаваць "Сабачку!"
Калона жанчын рушыла ад вуліцы Харужай да плошчы Перамогі. Многія з іх апранутыя ў чорнае. Многія нясуць сцягі розных краін.
15:45 Калона жанчын ад Камароўскага рынку накіроўваецца да праспекта Незалежнасці. У ёй каля 2 тысяч чалавек. Аўтамабілісты сігналяць у знак пратэсту. Некаторыя вадзіцелі ў чорных балаклавах, гэта выклікае смех у прысутных. Уздоўж калоны стаяць мужчыны, якія бясплатна раздаюць ваду.
Таксама па вуліцы Веры Харужай павольна рухаюцца мікрааўтобусы без нумароў, у якіх сядзяць міліцыянты ў цывільным.
На плошчы Перамогі жанчын вітаў славуты баскетбаліст Ягор Мешчаракоў з жонкай і дачкой. Жанчыны абдымацца з імі, фатаграфуюцца.
Паведамляюць, што людзі ў спартовых касцюмах агароджваюць Кастрычніцкую плошчу.
16:30 Галава калоны мінула цырк. Хвост выходзіць з плошчы Перамогі. Колькасць дэманстрантак цяпе такая ж, як у мінулую суботу. З вакна над дэманстрантамі высунуўся белы сабака, натоўп скандуе "Са-бач-ку!"
16:40 На вачах у удзельніц жаночага маршу затрымалі журналістаў "Белсата" Максіма Калітоўскага і Алёну Дубовік. Пасля гэтага ўдзельніцы марша вышлі на праезную частку праспекта Незалежнасці. Шматтысячнае шэсце набліжаецца да Кастрычніцкай плошчы.
16:50 У цэнтры горада знік мабільны інтэрнэт. Удзельніцы жаночага марша мінаюць перакрытую Кастрычніцкую плошчу і ідуць да плошчы Незалежнасці. Побач з'явілася шмат сілавікоў, жанчын спрабуюць вярнуць на тратуары.
17:00 Жаночая калона нейкі час ішла па праезнай частцы, але зноў вярнулася на ходнікі.
17:20 Калона жаночага маршу праходзіць міма будынка КДБ. Тут з мікрааўтобусаў да ўдзельніц выйшла некалькі невядомых у балаклаве. Жанчыны паспрабавалі завязаць на іх сцягі.
З аднаго невядомага нават сарвалі маску
Калона дайшла да плошчы Незалежнасці.
На плошчы Незалежнасці спевы і карагод
17:50 На плошчы Незалежнасці з'явіліся людзі ў чорнай форме з экіпіроўкай. Пратэстоўцы не разыходзяцца.
Дзяўчыны паказваюць людзям у форме фота катаванняў. "Пазнаеце сваю працу?"
18:10 Калона выпрвілася на Нямігу.
Сілавікі адышлі ад жанчын. Яны весяляцца і скандуюць "Да заўтра!" Тым часам да Чырвонага касцёла сцякаюцца новыя людзі на Малітву за забітых і збітых, якая распачнецца а 19-й.