Заява Майкла Скэнлана

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан прадставіў беларускім журналістам новага першага сакратара амбасады — Крыстафера Паніку. У кола абавязкаў дыпламата ўваходзяць у тым ліку і сувязі са СМІ. 

Беларусь для Крыстафера Панікі знаёмая краіна: дзесяць гадоў таму ён ужо працаваў у амбасадзе ЗША. Вяртанне дыпламата, які ведае Беларусь, можна лічыць знакам увагі амерыканскага знешнепалітычнага ведамства да нашай краіны.



6915849303a3fe93657587cb9c469f00.jpg

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан прадставіў беларускім журналістам новага першага сакратара амбасады — Крыстафера Паніку. У кола абавязкаў дыпламата ўваходзяць у тым ліку і сувязі са СМІ. 
Беларусь для Крыстафера Панікі знаёмая краіна: дзесяць гадоў таму ён ужо працаваў у амбасадзе ЗША. Вяртанне дыпламата, які ведае Беларусь, можна лічыць знакам увагі амерыканскага знешнепалітычнага ведамства да нашай краіны.
Прадстаўляючы Крыстафера Паніку, спадар Скэнлан нагадаў сітуацыю 2008 года, калі па рашэнні беларускіх уладаў Беларусь вымушаны былі пакінуць амерыканскія дыпламаты, абвешчаныя персонамі нон-грата. У складзе амерыканскай дыпламатычнай місіі засталося працаваць усяго толькі 5 чалавек. Сітуацыя з таго часу не змянілася.
Адначасова кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва скарыстаўся нагодай, каб зрабіць заяву, прысвечаную двум асноўным пытанням: рашэнню беларускага ўрада адмовіцца ад высокаўзбагачанага ўрану і хадзе выбарчай кампаніі.
Скэнлан падкрэсліў, што ЗША высока ацэньваюць рашэнне беларускага ўрада адмовіцца ад высокаўзбагачанага ўрану і яго замены на абеднены ўран. «ЗША, — удакладніў ён, — узялі на сябе абавязацельства аказваць гэтаму працэсу фінансавую падтрымку, а таксама любую тэхнічную дапамогу, якая можа спатрэбіцца».
Майкл Скэнлан пацвердзіў, што пазіцыя ЗША адносна Беларусі ёсць і застанецца нязменнай і паслядоўнай: ЗША і надалей выступаюць за тое, каб афіцыйны Мінск прытрымліваўся дэмакратычных стандартаў.
У шэрагу пазітыўных змен Майкл Скэнлан назваў больш адкрытыя магчымасці для збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў, для арганізацыі іх сустрэч з выбарцамі. Разам з тым, абапіраючыся на справаздачы назіральнікаў АБСЕ, адзначыў занадта вялікую ролю дзейнага прэзідэнта ў фармаванні выбарчых камісіяў, недастаткова празрыстыя працэдуры іх стварэння, малую прысутнасць у камісіях прадстаўнікоў апазіцыі — меней за 1 працэнт ад іх складу.
Спадар Скэнлан зазначыў, што самае важнае ў выбарчым працэсе тое, што грамадзяне павінны быць добра інфармаванымі, каб мець магчымасць зрабіць выбар. «Мы верым, — падкрэсліў кіраўнік амерыканскай дыпламатычнай місіі, — у важнасць легітымнасці самога працэсу выбараў, бо яна надае легітымнасць любому, хто б ні выйграў іх».
Скэнлан выказаў спадзяванне, што падлік галасоў 19 снежня будзе арганізаваны такім чынам, каб усе сябры камісій і назіральнікі маглі бачыць кожны бюлетэнь, а кандыдаты і іх прыхільнікі ў ноч пасля выбараў маглі б сабрацца разам і дачакацца вынікаў. Так, як гэта робіцца ў ЗША, у Еўропе, у іншых краінах свету.