Затрыманы на антываеннай акцыі: Яны паказалі на мяне і сказалі што я «не іх веры»

Ужо амаль два гады ў Беларусі не спыняецца канвеер масавых рэпрэсій. Праз турмы прайшлі дзясяткі тысяч чалавек. Нягледзячы на тое, што на вуліцах беларускіх гарадоў больш няма шматтысячных акцый, ніхто не «перагарнуў старонку», а людзей працягваюць затрымліваць за іх пазіцыю. На ўмовах ананімнасці мы публікуем сведчанне чалавека, які быў затрыманы на антываеннай акцыі і пабываў па той бок кратаў.

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Затрыманне

27 лютага я прагаласаваў на «рэферэндуме»: два крыжыка і надпіс “Не вайне”.
Пакруціўся каля ўчастка, народу не было, тыя хто выходзіў — адразу сыходзілі. Я вырашыў, што тут ужо нічога не будзе, і рушыў у бок метро, каб ехаць дадому.
Каля суседняга ўчастка я ўбачыў міліцэйскія машыны, а на прыступках стаялі хлопцы, якія «касплэілі» чарапашак-ніндзя. Тут бы мне і развярнуцца і ісці куды ішоў, але я пайшоў паглядзець бліжэй. Пахадзіў каля ўчастка, паслухаў разважанні пра «незаконныя масавыя мерапрыемствы». Убачыў, як жанчына ва ўзросце размаўляе з «касманаўтамі» і як трое міліцыянтаў вядуць мажнага мужыка ў камуфляжнай куртцы. Зразумела стала, што калі што і было, то ўсё скончылася, і я вырашыў пайсці дадому. Паспрабаваў краёчкам сфоткаць «чарапашак» і рушыў у бок пераходу. Я проста ішоў, але потым без дай прычыны дастаў тэлефон, каб разабрацца з фотаздымкам — мабыць, гэта і прыцягнула ўвагу, таму што вельмі хутка я пачуў за спінай: «Малады чалавек, пакажыце тэлефон».
Тэлефон я паказаў, адразу адмовіўся разблакаваць, мне прапанавалі прайсці ў бус. Па дарозе я спытаў, ці адчуваюць яны сябе героямі, таму што, на мой погляд, сапраўдныя героі ва Украіне радзіму сваю абараняюць, мне ў адказ — нешта пра 8 гадоў, калі на Данбасе забівалі. Як падышлі да буса, там яны, размаўляючы са сваімі, паказалі на мяне і сказалі што я «не іх веры».
У бусе мяне не білі, хоць быў момант, калі мяне папрасілі прысесці, я ўбачыў што ў амапаўца канкрэтна сціснутыя кулакі. Размаўлялі ветліва, на «вы». Далей мяне павезлі ў РАУС.

РАУС

У пакоі ўжо было чалавек 10-12. Быў і «мажны мужчына ў камуфляжнай куртцы», і жанчына, якую бачыў, як яна размаўляла з касманаўтамі. Як аказалася, затрымалі яе сына, яна спрабавала на месцы зразумець, што да чаго, і да самага канца не ўсведамляла, што яе не адпусцяць.
Праз нейкі час нас адвялі ў актавую залу, там таксама апытвалі, нейкія паперкі давалі падпісваць, у тым ліку і пратакол, і ў адказ на здзіўлены погляд, у сувязі з поўнай х**нёй, напісанай у пратаколе, самі падказвалі: «Пішыце: не згодны, свае тлумачэнні буду даваць у судзе».
Сярод супрацоўнікаў у асноўным моладзь, плюс-мінус каля 30. Са старэйшых, падобна, у асноўным начальства, яно з намі не кантактавала.
Па вялікім рахунку, для мяне і большасці тых, каго ўзялі разам са мной каля 14:00 на ўчастках, у РАУСе нічога асабліва цікавага не было. Асноўнае што там робяць:
- складаюць апытальны ліст, дзе з тваіх слоў запісваюць (ці не запісваюць) абставіны затрымання;- адбіраюць і апісваюць асабістыя рэчы;- у некаторых бяруць адбіткі пальцаў (у мяне не бралі);- здымаюць на відэа, але не «пакаяннае», а проста прозвішча, імя, дата нараджэння, дзе затрымалі, фас, профіль левы, профіль правы.
Калупаліся ў маім тэлефоне, спачатку няправільна запісалі пароль, прыходзілі двойчы каб разблакаваў. Потым прыходзілі, каб сказаў пароль ад «двухфактаркі» (двухфактарнай аўтынтэфіканцыі. — НЧ) у ТГ, я сказаў, што не памятаю. Яны пароль скінулі, бо у мяне была прывязаная пошта. Пазней, ужо дома, я ўбачыў, што яны пароль спачатку памянялі, потым наогул «двухфактарку» на ТГ адключылі, усё гэта было 27.02, прыкладна ў адзін час.
Пакуль былі ў РАУСе прыкладна раз на гадзіну заходзіў хтосьці з супрацоўнікаў і шукаў нейкага Залатарова. Рэальна прыкладна раз на гадзіну, кожны раз нехта іншы з супрацоўнікаў. Сукамернікі потым распавядалі, што гэтага Залатарова ці то пры затрыманні, ці то ў РАУСе за нешта адмутузілі, а потым дзесьці замкнулі і шчасна на гэта забыліся.
Перад тым, як вывезці нас у ІЧУ на Акрэсціна, адзін з праваахоўнікаў сказаў: «У нас вельмі шмат супрацоўнікаў, і кожны выконвае сваю функцыю». І сапраўды, атрымліваецца як у маналогу ў Жванецкага: «Да гузікаў прэтэнзіі ёсць?» То-бок затрымлівае АМАП і кажа, што «там разбяруцца», у аддзяленні — «ну, не я ж вас затрымліваў, суд разбярэцца», а ў судзе — «у мяне няма падстаў не давяраць паказанням супрацоўніка міліцыі». Калі трапляеш у гэты канвеер, шанцаў выбрацца вельмі мала.
У рэшце рэшт сфармавалі групу з 18 чалавек: 4 паненкі (уключаючы маці, якая шукала сына) і 14 мужыкоў. Жанчынам, у якіх на апецы ёсць непаўналетнія дзеці, хутчэй за ўсё, выдалі позвы ў суд і адпусцілі.
Загрузілі ў аўтазак, мне дастаўся адзіночны «стакан». Дзяўчаты сядзелі не ў «стаканах», а на лаўках. Павезлі нас у ІЧУ на Акрэсціна.

ІЧУ на Акрэсціна

Па прыездзе ўжо пачаліся стандартныя тэмы: «Галаву ўніз, бягом!», «па баках не глядзець», «бягом, бягом». Такое потым суправаджае любыя перамяшчэнні па «турме». Загналі нас у памяшканне для прагулак — тое, што на вуліцы, без столі, замест яе рашотка. Стаім мы тварам да сцяны, рукі за спіну. Пад нагамі лёд. Я ўспамінаю 2020-ы, пачынаю баяцца, што стаяць нам давядзецца некалькі гадзін, і злёгку напружваюся. Абутак у мяне з тоўстай падэшвай, штаны цёплыя, тут тыпу норм. А вось ні шапкі, ні капюшона, ні пальчатак у мяне няма, а на вуліцы мінус. Але нас хвілін праз дзесяць вывелі. Выводзілі па два чалавекі, адводзілі ў пакой, дзе трэба было распрануцца цалкам і тройчы прысесці. Курткі і асабістыя рэчы адабралі. Пастаялі каля сценкі («тварам да сцяны, па баках не глядзець»). У рэшце рэшт адвялі ў камеру. Так нас аказалася 14 мужыкоў у камеры на 6-х.
Агульныя прынцыпы ўтрымання «палітычных»:

  • камеры перапоўненыя;
  • святло ў камеры не выключаецца ніколі;
  • матрацаў няма;
  • прагулак няма;
  • душ, як правіла, недаступны;
  • перадачы не прымаюць, або, калі прымаюць, то не перадаюць, а выдаюць — толькі калі выходзіш;
  • карэспандэнцыя ў асноўным не даходзіць;
  • у розных месцах па-рознаму, але бываюць начныя паверкі, часам двойчы за ноч.


Замест пад’ёму ўключалі гімн па радыё, пасля гімна была музыка. У першы дзень зарадзілі гурты «Міраж» і «Камбінацыя», дакладна была песня «Музыка нас звязала». У другі дзень былі песні патрыятычнай накіраванасці на беларускай і рускай мовах. Абсурд сітуацыі ў тым, што ў адной падборцы былі «Магутны божа» і «Любімую не аддают».
«Рэжым» на ІЧУ быў злёгку расслаблены: мы сядзелі і ляжалі на «шконках», у тым ліку і на другім паверсе. Адзін раз нас ляніва штурхнулі на тэму таго, што калі ў камеру хтосьці ўваходзіць з супрацоўнікаў, то трэба ўставаць. Асноўныя заняткі былі — сядзець і лясы тачыць, больш заняцца не было чым. Калі мы разгаварыліся, то высветлілася, што з 14 чалавек, чацвёра вучыліся ў адной школе, у тым ліку і я, так што частка размоў была вакол старых успамінаў. Былі «срачы» «Android vs iOS» (куды ж без гэтага).
З ежы больш за ўсё даюць хлеба. Астатні рацыён склалі кашы, хлебныя катлеты, рыба нейкая смажаная, супы без мяса. У апошні вечар перад адпраўкай у Жодзіна далі пярловую кашу, сасіску і кіслую капусту. З напояў на ІЧУ былі толькі несалодкі чай раніцай і кампот у абед, на вячэру нічога піць не давалі.

Суд

Суд праходзіць па Skype, сведка ў балаклаве або масцы, прозвішча «левае».
Пад суды была частка калідора, у якім размяшчаюцца кабінеты для следчых дзеянняў, у некаторых пакоях нават была спецыяльная клетка, у якой павінен быў знаходзіцца затрыманы. Некаторых людзей выцягвалі на суд з самай раніцы, і яны стаялі, пакуль не выклічуць. Мяне выклікалі прыкладна ў 16:00, і я такіх бачыў — якія стаялі без абеду і чакалі.
У некаторых быў адвакат, у большасці не было. Тэрміны, якія раздавалі, амаль не залежалі ад наяўнасці адваката. Але ёсць важны момант: пры наяўнасці адваката можна перадаць інфармацыю сваякам, даведацца нешта ад сваякоў, часам на судзе нават прысутнічалі жонкі (праз Skype). Нават калі адваката не было, яго можна было папрасіць, але я гэтага не зрабіў. Я вельмі хацеў, каб наступіў чарговы кавалачак пэўнасці ў гэтым бязладдзі.
Мяне судзілі ў аўторак, суд заняў хвілін 7-10, ноўт ўжо да таго часу здох, таму памочніца запусціла суддзю па Skype на сваім тэлефоне. Зарадкі ў тэлефона было 20%. «Сведка» быў недаступны, мне было прапанавана перанесці судовае пасяджэнне, я адмовіўся, таму што нічога б прынцыпова не змянілася. Суддзя зачытала пісьмовыя дакументы, заслухала мае тлумачэнні і вынесла прысуд.
Вельмі грубая статыстыка па судах: амаль палова асуджаных атрымала па 15 сутак і для пакінутай паловы прыкладна ў аднолькавых прапорцыях размеркаваліся тэрміны: 12, 13, 14. Былі адзінкавыя «шчасліўчыкі» з 10 суткамі.
Пасля суду мяне змясцілі ў камеру, дзе былі ўжо асуджаныя — там былі пару чалавек, з якімі я «заехаў» на ІЧУ з РУУС. Спачатку нас было 38, потым 8 чалавек адвялі ў іншую камеру. Прыходзіў нейкі начальнік, цікавіўся, што нам трэба. Папрасілі туалетнай паперы і не зачыняць «кармушку». Нам прынеслі аж 2 рулоны. Нечакана прынеслі вячэру (халодныя сасіскі). Ранкам адзін разумны чалавек прапанаваў падзяліць туалетную паперу, каб кожны, хто хоча, узяў з сабой трохі. Залатая думка. Калі ёсць магчымасць, трэба рабіць заначкі «туалеткі»!

Жодзіна

У Жодзіне паміж будынкамі можна перасоўвацца па сетцы падземных пераходаў, таму мы добра так прабеглі па розных тунэлях, увесь час нас падганялі. Потым нас вывелі на нейкі паверх паставілі ў 3 пласты ўздоўж сценкі і пачалі афармляць. Спачатку запісалі ў нейкі журнал, потым загналі на праверку рэчаў, таксама трэба было распрануцца, майткі да каленяў, 3 разы прысесці, потым так у майтках і пагналі ў іншы канец калідора. Калі былі нейкія паўзы, дазвалялі апранацца. Калі аформілі ўсіх, пачалі размяркоўваць па камерах. У першую камеру завялі чалавек 8-10, і я падумаў, што нармальна. А потым адкрылі новую камеру і туды пачалі заганяць людзей, у тым ліку і мяне, вельмі хутка стала здавацца, што людзей да фіга. Калі дзверы зачыніліся і мы пералічыліся, нас аказалася 32 чалавекі. Праз пару дзён з камеры забралі траіх, у якіх былі праблемы са здароўем (астма, напрыклад) ці каму трэба было прымаць лекі на штодзённай аснове, і нас стала 29. У аднаго чалавека быў тэрмін 10 сутак, і нас стала 28.
Камера прыкладна 6 на 4 метры. Па перыметры стаяць двух'ярусныя ложкі. Па колькасці ложкаў — камера на 8 чалавек. Самі ложкі без матрацаў. Металічныя палосы, звараныя ў краты, па перыметры металічны куток рубам ўверх, праз гэта на некаторых (якія вышэй) сядзець вельмі нязручна, моцна ўразаецца ў ногі пад каленам.
На другі дзень была магчымасць папрасіць таблетак, у нас быў хлопец з дрэнна апрацаванай ранай, мы для яго выпрасілі парацэтамол. Яму пад пільным наглядам далі пакарыстацца перакісам вадароду. А яшчэ мы папрасілі актываванага вугалю, нам далі 6 таблетак. Дзве народ адразу зажаваў, а астатнія засталіся. Больш, колькі мы ні прасілі, таблетак нам не давалі, у аднаго хлопца балелі зубы, мы прасілі анальгін, але беспаспяхова. Ужо пазней мы бралі чвэртачку таблеткі вугалю, размолвалі яе ў корку з-пад пластыкавай бутэлькі і дадавалі трохі вады. Атрымліваліся чарнілы. Выдзіралі з веніка саломінку якую патанчэй — і ёю можна было шкрабаць пісьмёны такім чарнілам. Так мы разгадвалі крыжаванку і народ перад выхадам запісваў тэлефоны на бясцэннай «туалетцы».
У душ за ўвесь час нас звадзілі адзін раз.
У першыя пару сутак мы і сядзелі на другім ярусе («на пальме») і на ложках. Потым нам спачатку забаранілі сядзець «на пальмах». На 5-7 дзень зазірнуў у вочка ахоўнік, сказаў што мы самыя ах*еўшыя, таму што сядзім на ложках, і паставіў нас стаяць. Праз некалькі хвілін ён прыйшоў са сваім старшым, і той некалькі разоў задаў пытанне, чаму мы сядзім на ложках. Адзін з нашых хлопцаў паспрабаваў сказаць, што мы ўсталі як толькі нам сказалі, і яго вывелі з камеры ў душ і не тое каб збілі, але накідалі штурхалёў пад рэбры. Сказалі яму, што калі ў камеры яшчэ будуць «касякі», то ён асабіста будзе за ўсё адказваць. Ніякага членашкодніцтва і нават сінякоў, больш прыніжэння. Пасля гэтага мы на «шконках» не сядзелі: або стаялі, або на падлозе сядзелі.
У ноч з 13 на 14 суткі перад адбоем па ўсіх камерах стаў хадзіць асабліва адмарожаны Лёха. Падстаў ён не шукаў, проста выбіраў сабе 2-3 ахвяры са слабейшых, адводзіў іх у душ і прымушаў адціскацца. Хто дрэнна гэта рабіў — штурхаў пад рэбры нагамі. Называлася гэта «прапампоўкай». Характэрна, што рабіў Лёха гэта адзін, іншыя яго калегі ў гэтым не ўдзельнічалі і нават, здаецца, адзін раз з ім праз гэта пацапаліся.
Пасля таго, як ён так «адпрацоўваў» усе камеры з мужчынамі, ён ішоў гутарыць з жаночай камерай. Мабыць, у яго галаве карціна была проста надзвычайная: ён мача, нагнуў усялякіх лохаў і цярпіл, і таму цяпер усе дзяўчаты павінны ў непрытомнасці падаць пры яго з'яўленні... Поўны неадэкват.
На 13 суткі гэты Лёха выбіраў у нас людзей на «прапампоўку». Мы відавочна «паламалі» яму схему, таму што пакуль ён выбіраў хлопцаў маладзейшых і слабейшых, хлопцы мацнейшыя падахвоціліся пайсці самі, і ён відавочна быў да гэтага не гатовы, а пасля таго, як вярнуў нашых «студэнтаў» з душа, быў відавочна незадаволены, «прапампоўка» не даставіла яму задавальнення.

Вызваленне

Вызвалілі мяне на 3 гадзіны раней, маіх рэчаў у Жодзіне не знайшлі. Адны рыкалі і пасылалі, іншыя далі пару разоў паглядзець пакой з рэчамі і шукалі мой пашпарт. Пасля афармлення паперак — зноў прабежкі па калідорах. Выслухванні рознага роду hate speech ад аховы, пагрозы перастаць выпускаць, калі народ не адыдзе ад турмы, і нарэшце вуліца, шлагбаўм.
Амаль адразу ўбачыў сяброў. Шчыра кажучы, у глыбіні душы дзесьці спадзяваўся, але проста так не чакаў, ды і выпусцілі раней. Вочы былі на мокрым месцы. Потым хутка пад'ехала жонка.

Людзі з таго боку

Відавочная рэч: уся сістэма не праваахоўная або папраўчая, а карная і рэпрэсіўная, усе там усё разумеюць, некаторыя чапляюцца за свой кавалачак непатрэбнай працы, і яны «ў доміку». «А я што? А я нічога. Я толькі вось пратакол запаўняю, нікога не б'ю, не затрымліваю» і да т. п.
Трэба разумець, што стаўленне да зняволеных ці арыштаваных, асабліва да «палітычных» — гэта стаўленне да прадметаў або жывёл, ну, ці як да ворагаў, але ў цэлым «палітычныя» не людзі. Можна нешта папрасіць ці спытаць, але ў лепшым выпадку табе адмовяць, у горшым — паставяць стаяць або ў паўпрысяд, або газ у камеру пусцяць, або хлорку на падлогу выльюць.
Людзі розныя. Ёсць тыя, хто проста працуе, амаль без «наездаў» і іншага глупства. Падобна, ім самім наша прысутнасць дастаўляла нейкі дыскамфорт — не таму што сумленне ці нешта такое, а таму што людзей тупа шмат. Адкрытай спагады, разумення з боку супрацоўнікаў не было нідзе. Максімум са станоўчага — гэта выкананне супрацоўнікам сваіх абавязкаў у рамках закону.
А былі байцы з канкрэтнымі адхіленнямі, ці псіхатраўмамі, ці проста гіганцкай колькасцю комплексаў. Сукамернікі, якія прайшлі войска, у адзін голас сцвярджалі, што, хутчэй за ўсё, такія адмарозкі — з тых, хто адразу пасля службы трапляў у міліцыю, прычым, паводле расказаў, іх у войску адразу вярбуюць канкрэтна для працы ў турмах. А што? Жыллё (казарма), харчаванне («хаўка»), адзенне (форма), зарплата рэгулярная, чарга на кватэру, а парадкі такія ж, як у «армейцы», толькі ў войску іх чмарылі, а тут у іх з'яўляецца магчымасць самасцвярджацца за чужы кошт.
Разы тры ці чатыры нам проста загадвалі стаяць перад адбоем, хвілін 30-40, моўчкі. Аказваецца, гэта вельмі непрыемна, але затое пасля такога вельмі лёгка заснуць — ну, прынамсі, мне.
Я кажу «нам загадалі». Ці можна было не слухацца гэтых загадаў? Шчыра кажучы — не ведаю. Адкрытага фізічнага гвалту, членашкодніцтва не было. Але ва ўладзе гэтых байцоў было зрабіць практычна ўсё што заўгодна: маглі газам пшыкнуць, і хлоркай падлогу заліць, і не даць ні паперы, ні мыла, ды ці мала што яшчэ. А ўздзейнічаць на іх мы ніяк не маглі, бо ніякай сувязі са знешнім светам у нас не было. І нават выйшаўшы на свабоду, можна тэарэтычна напісаць скаргу ці заяву, але доказаў на руках нуль, па камерах відэаназірання нічога не пацвердзіцца, паводле сведчанняў супрацоўнікаў, я наогул аказаўся злосным парушальнікам рэжыму і яшчэ «прысяду» за паклёп.

Людзі ў камеры

Вельмі разнамасны склад. Кіношнікі, айцішнікі, аўтамеханікі, студэнты, зубныя тэхнікі, рабочыя, кіроўцы. За выключэннем пары паўвыпадковых людзей, усе — «ідэйныя». Зрэз грамадства нядрэнны, ва ўсіх свая рацыя, але гэта неяк не абмяркоўвалася, проста было зразумела, што «вайне не», «пора менять лысую резину» і інш., а што ў кожнага асабіста з гэтай нагоды — неяк не высвятлялі. Я асабіста быў прыемна здзіўлены і ўзрадаваны тым, наколькі неаднастайная ў сацыяльным плане была «база пратэсту» ў нашай камеры. Умацоўвае веру, што не толькі ты і твае знаёмыя разумеюць, што ўсё прагніла ў бульба-каралеўстве.
Не хапала навін, пару разоў былі навіны па радыё. Калі перадалі словы Піневіча пра тое, што сітуацыя з лекамі ў краіне стабільная і ўсе партнёры будуць выконваць свае абавязацельствы, стала зразумела, што з лекамі ў краіне ж*па. З навін жа мы зразумелі, што «ідуць перамовы» — для нас гэта значыла, што Украіна стаіць і нічога не скончылася.